100-тысячныя купюры Нацбанк пакуль не замяняў
Але памылкі ў дызайне ўжо выправілі.
"Паколькі патрэбы ў купюрах такога наміналу ў цяперашні момант няма, адпаведна, і замова не рабілася", — паведамляюць карэспандэнту Еўрарадыё ў Нацбанку.
Нагадаем, на адвароце банкноты на замкавых вежах слухач Еўрарадыё заўважыў прымаляваныя праваслаўныя крыжы. Хоць у арыгінале, на малюнку Напалеона Орды, зробленым 26 ліпеня 1876 года, добра бачныя радзівілаўскія арлы.
Пасля публікацыі Еўрарадыё памылку ў дызайне выправілі. Але пакуль новыя 100-тысячныя купюры не друкавалі. У кожным разе, падкрэсліваюць у Нацбанку, спецыяльна вымаць з абарачэння банкноты з памылкай не будуць. Іх будуць замяняць на новыя паступова.