Амбасада Швецыі пераехала ў дом, дзе працавалі Купала і Колас (фота, відэа)

Пакойчыкі ў Музычным завулку даўно перасталі змяшчаць амбасаду Швецыі і яе частых гасцей — таму дыппрадстаўніцтва ўважліва падбірала новы будынак. Амбасадар Стэфан Эрыксан кажа, што калі спыніліся на доме па Рэвалюцыйнай, 15, напачатку ён не ведаў слаўнай гісторыі гэтага будынка — што тут месціўся Інбелкульт, а затым створаная на яго базе Акадэмія навук. Але калі дазнаўся, то быў проста ўражаны. Настолькі, што да Нацыянальнага дня Швецыі, які адзначаўся ўчора, амбасада выпусціла спецыяльную брашуру, прысвечаную славутай гісторыі гэтага дома.
У 1920-х гадах тут месціўся Інбелкульт, які потым стаў Акадэміяй навук
Стэфан Эрыксан: “Канешне, гэта дужа мяне зацікавіла, таму што ў нас даволі шмат сумесных праектаў менавіта ў галіне культуры. Я спачатку сапраўды здзівіўся: гэта настолькі знакавае месца для беларускай гісторыі, беларускай культуры! І таму мы вырашылі з дапамогай гісторыка Захара Шыбекі выдаць брашуру, каб расказаць нашым наведвальнікам пра гісторыю гэтага будынка. Акрамя Інбелкульта, тут яшчэ шмат цікавага было. Гэты будынак — нейкім чынам адбітак гісторыі Беларусі”.
Стэфан Эрыксан у часе ўрачыстай прамовы з нагоды Нацыянальнага дня Швецыі

Пра адбітак спадар амбасадар сказаў вельмі трапна. Бо пасля таго як у гэтых сценах расквітнела беларуская культура і навука, адсюль жа лепшых яе дзеячаў адпраўлялі на расстрэл ды катаргу. Бо ў 1929-1941 гадах тут засядалі карнікі з НКУС, якія актыўна выкрывалі “антысаветчыкаў” і “польскіх шпіёнаў”. Прысуды бальшавіцкай “тройкі” многіх выбітных беларусаў адправілі адсюль у Курапаты. Сталінскія рэпрэсіі закранулі 90% інбелкультаўцаў, сярод астатніх іх не перажылі Максім Гарэцкі, Цішка Гартны, Вацлаў Ластоўскі, Аркадзь Смоліч, Язэп Лёсік… 
Стэфан Эрыксан: “Тут быў следчы ізалятар у 1930-я гады, гэта таксама гісторыя…”

Старшыня “Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў” Антон Астаповіч іранічна прыгадвае, што рэпрэсіі супраць пэўнай групы грамадства адбываліся тут і напрыканцы 1980-х гадоў.
Антон Астаповіч: “Памятаю, быў тут апорны пункт. І калі людзей бралі за распіцце спіртных напояў у цэнтры горада, іх сюды вадзілі для складання пратаколаў. З міліцыяй гэта звязана. І з рэпрэсіямі гэты было звязана — супраць нашага свабодалюбівага народа, які любіў распіваць моцныя спіртныя напоі не ў адведзеных для гэтага месцах!”

Спадар амбасадар вітаў гасцей у нацыянальным касцюме

На святкаванні Нацыянальнага дня Швецыі грала Капэла Алеся Лася

Амбасадар Швецыі кажа, што сцены гэтага будынка — літаральна намоленыя, бо ўся беларуская эліта 1920-х гадоў перабывала тут. Дарэчы, скульптар Алесь Шатэрнік яшчэ ў 2000 годзе вырабіў адпаведную мемарыяльную шыльду, якая дагэтуль знаходзіцца ў яго ў майстэрні: за 12 гадоў атрымаць дазвол на яе ўсталяванне не ўдалося.
Стэфан Эрыксан: “У нашым будынку бывалі ўсе класікі беларускай літаратуры, у тым ліку Янка Купала і Якуб Колас. Канешне, я іх найбольш ведаю. Але ёсць і шмат іншых вядомых імёнаў, якія звязаныя з гэтым будынкам. Гэта шыльда — яна ніколі не вісела на будынку. Не паспелі перад рамонтам. Але я спадзяюся, што нам удасца дамовіцца з горадам, з Міністэрствам культуры, каб усё-ткі ўшанавалі гэты перыяд беларускай гісторыі, змаглі павесіць гэтую шыльду на сцяну будынка”.

Шыльда, вырабленая скульптарам Алесем Шатэрнікам у 2000 годзе

Ужо ў 1990-х гадах будынак атрымаў другое жыццё, не менш слаўнае для беларускай культуры. Гаворыць старшыня Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская.
Алена Макоўская: “Мы вельмі рады, што ў гэтым будынку зараз знаходзіцца амбасада Швецыі, якая вельмі спрыяе беларускай культуры, развіццю беларускай культуры. З пачатку 1990-х па 2006 год тут працавала Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, знаходзіўся Скарынаўскі цэнтр і разам мы стваралі такі “Беларускі дом” — цэнтр па працы з беларускай дыяспарай. Тут быў музей беларускай дыяспары, бібліятэка. “Бацькаўшчына” тады займала ўвесь першы паверх. І мы спадзяваліся, што з цягам часу трэці паверх, дзе была спачатку пракуратура, потым нейкая фінансавая інспекцыя, таксама зойме нейкая беларуская арганізацыя, каб гэты дом цалкам стаў беларускім. Але потым прыйшоў капітальны рамонт — і так мы паступова страцілі гэты будынак…”

Цікаўлюся ў спадара Эрыксана, што яны будуць рабіць, калі ў гэты славуты будынак нехта захоча прыйсці на экскурсію.
Стэфан Эрыксан: “Я думаю, што адмаўляць не будзем — калі чалавек сапраўды цікавіцца гісторыяй гэтага будынку. І брашура будзе — будзем распаўсюджваць людзям, якім гэта сапраўды цікава”.

Так выглядае новы будынак амбасады Швецыі, ён жа -- колішні Інбелкульт


Амбасадар прызнаецца, што нічога са старых інтэр’ераў у часе рэстаўрацыі не захавана. Ці не самая аўтэнтычная дэталь усярэдзіне — чорна-белая кафля ХІХ стагоддзя фірмы Villeroy & Boch на падлозе.
Стэфан Эрыксан: “Канешне, тут былі некаторыя змяненні ў плане будынка, але некаторыя месцы і захаваліся. Не мы праводзілі рэстаўрацыйныя працы, мы толькі прымалі ўдзел. І я спадзяюся, што тут усё-ткі застаецца дух з часоў Інбелкульта”.

Хол амбасады. Фота Аляксандра Ждановіча

Захаваная кафля ХІХ стагоддзя. Фота Аляксандра Ждановіча

Лесвіца на другі паверх. Фота Аляксандра Ждановіча

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі