Беластоцкі суд хоча выдаць палітуцекача ў Беларусь?
15 красавіка раённы суд Беластока чарговы раз разглядаў справу беларускага прадрымальніка Андрэя Жукаўца.
Судовыя паседжанні над Жукаўцом у Польшчы цягнуцца амаль 10 гадоў, беларускі бок патрабуе яго экстрадыцыі. Як распавёў у жывым эфіры Еўрарадыё сам Жукавец, у Беларусі ён быў дырэктарам фірмы "Трэйс". Паводле дырэктывы прэзідэнта яго фірму зачынілі, кажа прадпрымальнік, хаця не мелі на гэта права: фірма для сваёй дзейнасці ўзяла крэдыт у 700 тысяч долараў і мусіла яго сплочваць.
Пасля закрыцця фірмы Жукавец спрабаваў пагашаць крэдыты, але банк гэтыя грошы не прымаў. Праблемы ў бізнэсе, якія паўсталі ў фірмы "Трэйс", Жукавец звязрае з тым, што актыўна дапамагаў Маладому Фронту. Андрэй вымушаны быў пакінуць краіну і прасіць палітычнага прытулку ў Польшчы. Але пераслед не спыніўся і за межамі Беларусі. Па гэтай справе Жукавец быў арыштаваны ў 2001 г. і ў Польшчы, правёў у зняволенні 85 дзён. Больш за месяц ён трымаў за кратамі галадоўку. З-пад арышту яго вызвалілі пасля таго, як у справу ўмяшаўся былы прэзідэнт Польшчы, а на той час генеральны пракурор краіны Лех Качынскі. У абарону Жукаўца выступілі Юры Хадыка, Алег Трусаў, Алесь Бяляцкі, Павал Севярынец.
Сёння ў судзе Жукавец чарговы раз патрабаваў, каб яго не судзілі паводле дакументаў, якія ў выглядзе ксеракопій прадстаўленыя суду. Да таго ж іх пераклады на польскую мову не адпавядаюць арыгіналам. Як заявіў палітуцякач, справа фальсіфікавалася не толькі ў Беларусі на замову КДБ, яна працягваецца фальсіфікавацца і ў Польшчы: за 10 гадоў ён налічыў каля 600 выпадкаў фальсіфікацыі. Так, да прыкладу, у арыгінале мытнай дэкларацыі дэкларантам з'яўляецца "Транстэхсэрвіс", у перакладзе дэкларант названы ўжо "Трансэкссэрвіс", краіна-адпраўшчык у арыгінале Нямеччына, у перакладзе падаюцца Брытанскія Дзявочыя Выспы . У даведцы аб парушэнннях і асноўных паказчыках працы фірмы "Трэйс" подпіс Жукаўца адсутнічае, у перакладзе прапісана, што "подпіс невыразны". Чаму судовы перакладчык пайшоў на фальсіфікацыю, Жукавец можа толькі здагадвацца. Хаця журналісты польскай газэты "Рэчпаспалітая" сцвярджаюць, што перакладчыкі за фальшывыя пераклады ў 2008 годзе атрымалі ад пракурора 90 тыс. злотых, да таго ж перакладчыкі добра знаёмыя з супрацоўнікамі беларускай амбасады ў Беластоку.
Па словах Жукаўца, падчас сённяшняга суда суддзя не хацеў звяртаць увагі на памылкі і фальсіфікацыі дакументаў. Таксама суд адхіліў яго хадайніцтва, каб справа разглядалася ў іншым ваяводстве Польшчы (паводле польскага заканадаўства, яго справу немагчыма перадаць у вышэйшую інстанцыю).
Калі Жукаўца прызнаюць вінаватым, яму пагражае 10 гадоў зняволення і экстрадыцыя ў Беларусь. Нагадаем, за апошнія два тыдні ў Варшаве прайшлі акцыі ў падтрымку Андрэя Жукаўца перад Генеральнай Пракуратурай і перад Міністэрствам юстыцыі.