Чаму праваабаронцы на працэсе Бяляцкага выбіраюць маўчанне?
І сведкі, і сам Алесь Бяляцкі вырашылі даць як найменш інфармацыі следчым органам і пракуратуры.
Адным з ноў-хаў працэсу Бяляцкага стала маўчанне сведак са спасылкай на 27-ы артыкул Канстытуцыі. Ён дазваляе не сведчыць супраць сябе. Праваабаронцы, якім кіраўнік “Вясны” нібыта пералічваў грошы са сваіх замежных рахункаў, на працэсе як адзін адмаўляюцца даваць паказанні.
“Я лічу, што гэта правільная тактыка. Зыходзячы з дзвюх прычын. У нас крыміналізаваная дзейнасць незарэгістраваных арганізацый. Пытанне, ці з’яўляецеся вы сябрам правабарончага цэнтра “Вясна”, азначае, што адказваючы на яго чалавек сапраўды рызыкуе прызнацца ў дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі. Гэта значыць, у здзяйсненні злачынства па артыкуле 193 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Ну і таксама пытанне адносна іншых – фінансавання, расходавання сродкаў”, -- кажа адзін з бліжэйшых паплечнікаў Алеся Бяляцкага Валянцін Стэфановіч.
Такім чынам, сведкі абараняюць свае інтарэсы дасканала. Камар носу не падточыць. Пытанне, наколькі такое маўчанне дапамагае абараніць інтарэсы самога Алеся Бяляцкага. Праваабаронца Уладзімір Лабковіч лічыць, што на працэс Бяляцкага улады выкарыстоўваюць для збору інфармацыі аб “Вясне”. Адпаведна, ў такой сітуацыі лепш маўчаць.
“Зразумела, што ў гэтай сітуацыі перад сведкамі, яны асабіста прымалі гэтае рашэнне. Стаяла задача, з аднаго боку, даць паказанні і пацвердзіць праўдзівасць паказанняў спадара Бяляцкага. Што яны зрабілі, бо тут няма чаго хлусіць, няма чаго выварочвацца. Яны распавялі, як працавалі разам са спадаром Бяляцкім. А з іншага боку, навошта дапамагаць КДБ і даваць паказанні, якія ім самім неабходныя для аператыўнай распрацоўкі праваабаронцаў”.
Адмаўляюцца адказваць на пытанні пракурора на працэсе не толькі сведкі. Сам Алесь Бяляцкі зачастую на пытанні дзяржабвінаваўцы паведамляе, што “не памятае”, “забыў” і “не можа з упэўненасцю сказаць”.
“Улічваючы тое, што гэта палітычны працэс. Улічваючы тое, што прысуд Бяляцкаму не залежыць ад таго, што ён будзе казаць, а выключна з палітычнай мэтазгоднасці сённяшняга рэжыму, не трэба даваць магчымасці гуляць па іх правілах. Даваць ім паказанні, якія не дапамогуць спадару Бяляцкаму, бо, яшчэ раз скажу, справа палітычная, а наадварот, падаваць дадатковую інфармацыю спецслужбам”, -- кажа Уладзімір Лабковіч.
Паўплываць на ход працэсу і прыгавор можа таксама патрабаванне Бяляцкага прадаставіць яму перакладчыка. Могуць узнікнуць пэўныя нюансы ў стаўленні да абвінавачанага з боку пракурора і нават суддзі, прызнае юрыст Беларускага хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла.
“Зразумела, гэта можна эмацыянальна, псіхалагічна так успрымаць, што вось, ён “выкабеньваецца”. Вядома ж, ён філолаг, пісьменнік. Ён павінен валодаць і беларускай, і расійскай... І толькі каб падкрэсліць сваю беларускамоўнасць і прыхільнасць да беларускай мовы ён так “выкабеньваецца”. Суддзя можа вось так вось палічыць”.
Разам з тым, усе беларускія дзяржаўныя служачыя, да якіх адносяцца і суддзі з пракурорамі, проста абавязаныя ведаць абедзве дзяржаўныя мовы. Адпаведна, адказнасць за магчымасць весці працэс па-беларуску, ляжыць на плячах суда”, кажа Паганяйла.
“Гэта права павінна быць забяспечана судом. І суддзя, і пракурор абавязаныя, калі яны гэтыя пасады займаюць, абавязаныя ведаць беларускую мову і весці працэс на беларускай мове”.
Магчыма, маўчанне падчас працэсу не павялічвае шансы Алеся Бяляцкага на апраўдальны вынік. Аднак, мінімум інфармацыі, атрыманай ад яго следствам, дазволіць пазбегнуць яшчэ некалькіх такіх працэсаў.