Чэмпіянат Беларусі па хакеі ці "Дынама"?
Еўрарадыё выслухала меркаванне з фанацкай трыбуны і ад старонніх хакейных экспертаў
Супрацьстаянне кіраўнікоў беларускага спорта з функцыянерамі мінскага “Дынама” ужо назвалі “вайной”. Віцэ-прэзідэнт НАК Рачкоўскі, міністр спорта Шамко і памочнік прэзідэнта Рыжанкоў выступілі за змены ў кіраўніцтве галоўнага клуба краіны. Старшыня цэнтральнага апарата БФСТ “Дынама” Бародзіч і яго найбліжэйшыя падначаленыя адбіваліся. Асобныя ўдзельнікі “вайны” неасцярожна намякалі на пагрозы. У выніку ў аўторак другога красавіка стала вядома пра звальненне з “Дынама” гендырэктара Торбіна і спартовага дырэктара Матушкіна. Ці скончацца гучныя адстаўкі толькі на гэтым ― не вядома.
“Хто пераможа, той і перадвызначыць будучае развіццё”, ― простымі словамі аналізуе “вайну” спартовы аглядальнік “Комсомольской правды” Андрэй Асмалоўскі.
Еўрарадыё: Каманда не выйшла ў плэй-оф чэмпіяната КХЛ, многіх расчаравала. Грошы ў яе ўкладаюцца, легіянеры запрашаюцца, а жаданага выніку няма. Чаму?
Андрэй Асмалоўскі: “Я лічу, што перш-наперш у камандзе павінна быць стабільнасць і паступовая схема развіцця. А калі “Дынама” будзе ўвесь час шарахацца ― мяняць трэнераў, кіраўніцтва, лідэраў сваіх ― то ў ёй не будзе стрыжня. Павінен быць стабільны склад, дзе б лідэры не разбягаліся ў пошуках большай зарплаты. Дзе было б падчас сезона кропкавае ўзмацненне, калі ў склад уводзяць класных легіянераў і беларусаў”.
Эксперт прыводзіць у прыклад “Дынама” маскоўскае, якое згуляе ў фінале плэй-оф чэмпіяната КХЛ. У цёзак з масквы нібыта і няма суперзорак, затое маецца пастаянны трэнер, стабільнасць і, дзякуючы гэтаму, камандны характар.
Пазіцыю, што “Дынама-Мінск” трэба пераўтварыць у базавы клуб зборнай Андрэй Асмалоўскі таксама не падтрымлівае.
“Мяркую, гэтага не патрэбна. Беларускаму спорту будзе на карысць, калі нашы гульцы будуць іграць у розных клубах і мець практыку. На тое яна і зборная, каб найлепшых гульцоў збіраць адусюль. А ў “Дынама-Мінск” няхай будзе дзве тройкі беларусаў, якія таксама згуляюць за нацыянальную каманду. Людзі ходзяць на “Дынама”, каб атрымаць задавальненне ад суперніцтва з клубамі высокага ўзроўню. А калі гэтага не стане, то навошта нам такі клуб? Просты прыклад: на мінскім “Дынама” заўсёды аншлагі, а на зборную так не ходзяць, яна людзям менш цікавая. Вось і адказ на пытанне, ці павінна мінскае “Дынама” існаваць выключна для зборнай Беларусі. Вядома, не”.
Здавалася б, прыхільнікі “Зуброў” павінны абурацца з нагоды слабага выніку, які атрымаўся ў гэтым сезоне. Але аўтарытэтны фанат “Дынама-Мінск” Васіль, які падтрымлівае каманду з першага дня яе існавання, бароніць адміністрацыю свайго клуба:
“Калі вы хочаце нешта разваліць, то прапануйце канкрэтна нешта новае. У нас у прынцыпе мала спартовых мэнэджэраў. Пачалі нібыта з’яўляцца нармальныя, дык іх звольнілі. Давайце замест іх памежнікаў паставім ці пажарнікаў”.
Еўрарадыё: То бок вы лічыце, што кіраўніцтва клуба развівае каманду граматна?
Фанат “Дынама-Мінск” Васіль: “На 75% усё рабілася правільна, на 25% ― дапускаліся памылкі. Хто не памыляецца ― той не працуе. Галоўны пралік сезону ― гэта прыход Кары Хейкіля, які не падыходзіў камандзе. Але на кіраўніцтва “Дынама” націснулі, каб Хейкіля ўзначаліў каманду. І выйшла, што камплектаваннем каманды займаліся адныя, перадсезонку праводзілі іншыя, у сярэдзіне сезона ― чарговыя перамены”.
“Вайну” паміж спартыўнымі функцыянерамі прыглушыла хіба фінальная серыя плэй-оф чэмпіяната Беларусі, дзе перамог гродзенскі “Нёман”. Начальнік каманды Анатоль Варывончык, які некалі вывеў нацыянальную зборную на першую Алімпіяду і ў элітны дывізіён чэмпіяната свету, і сёння сочыць за тэндэнцыямі ў беларускім хакеі.
Цікавімся яго меркаваннем, ці варта пераўтвараць “Дынама” ў базавы клуб зборнай?
Анатоль Варывончык: “Заўжды прытрымліваўся думкі і не змяніў яе, што трэба развіваць свой чэмпіянат. Калі ён будзе моцны, то будуць расці гульцы і тут, і для нацыянальнай зборнай і для таго ж мінскага “Дынама”.
На думку многіх, праблема развіцця беларускага хакея стаіць так: альбо “Дынама”, альбо чэмпіянат Беларусі. Каб граматна развязаць такую задачку, патрэбны талент і прафесіяналізм. А ці ўласцівы нашым спартыўным функцыянерам такія якасці, ― пытанне. Прыходзяць яны ў спорт найчасцей з зусім іншых сфер. Адсюль, магчыма, і схільнасць да жорсткіх супрацьстаянняў, як зараз атрымліваецца з “Дынама”.
Фота TUT.BY