Ці будуюць элітныя катэджы ў Драздах з парушэннямі?
Жыхары мінскай вуліцы Вяснінка ваююць з чыноўнікамі супраць пабудовы дамоў ля сталічнага пляжа.
“У сямнаццаці метрах ад вады на мінскім пляжы наразаюцца катэджы чыноўнікам”, — паступіў сігнал у Еўрарадыё ад жыхароў з вуліцы Вяснінка на ўскрайку сталіцы.
Раёнчык, адкуль напісалі людзі, месціцца ля вадасховішча Дразды і “Мінск-арэны”. Ён на вачах пераўтвараецца ў элітную зону. Але яшчэ дзесяць гадоў таму Вяснінка выглядала тыповай вёсачкай.
Практычна на гарадскім пляжы рыхтуюцца збудаваць некалькі катэджаў. Выходзь з дому і нырай. Да месца канфлікту, пад самы беражок вадасховішча, рыхтуюцца пракласці дарогу. Толькі для гэтай мэты знясуць адзін дом, дзе жывуць тры сям’і. Узамен людзям даюць дзве кватэры — двух- і трохпакаёўку.
“Нас будуць перасяляць у Каменную горку. Мы адмаўляемся ад такога варыянту, а яны ўсё адно мяне з Цэнтральнага раёна пруць туды, — незадаволена бурчыць адна з мясцовых жыхарак. — Ходзяць чуткі, што і пляж хочуць падсыпаць, каб тыя катэджы паставіць. Працуюць тут уначы — грузавікі ездзяць па поўнай”.
Блізу дзесяці жыхароў з вуліцы Вяснінка падпісаліся пад пратэстнымі петыцыямі, якія накіроўваліся ў гарадскую і раённую адміністрацыі, Камітэт дзяржкантролю, прэзідэнту. Людзі прагледзелі праекты рэканструкцыі свайго раёнчыка і высветлілі, што некаторыя катэджы будуць месціцца ўсяго…у 17 метрах ад вады.
“Каб засыпалі вадасховішча, не бачыла, але чула пра гэта, — кажа пенсіянерка Аляксандра Казіміраўна, якая жыве наводдаль ад вады, але таксама падпісалася ў петыцыях. — Крыўдзіць тое, што раней мы спрабавалі там непадалёк будавацца. Не дазвалялі. А цяпер іншым далі зялёнае святло. Хутка вадасховішча раздзеляць і ніхто з простых людзей туды не падступіцца”.
Ці на законных падставах паўстаюць новыя катэджы? Згодна з беларускім “Водным кодэксам”, у 30 метрах ад вады нельга нават машыну памыць ці парамантаваць. А ў нашым выпадку дазваляюць будаваць даміны.
Закон напісаны вельмі неадназначна. Будавацца нельга ў межах так званай прыбярэжнай паласы, якая можа складаць ад 10 да 100 метраў ад вады. І гэту норму на вуліцы Вяснінка не парушаюць.
“Па Мінску прыбярэжныя палосы складаюць прыкладна 15 метраў і за іх залазіць нельга, — тлумачыць Леанід Добыш, дырэктар УП “Мінскграда”, якое стварала праект. — Зараз ідзе карэктура дэтальнага плана рэканструкцыі вуліцы. Ён потым пойдзе на грамадскае абмеркаванне. Што тычыцца нарматываў, мы сёння не можам ад іх адступіць. Нас усё адно паправяць на экспертызах і гэтак далей. Склалася звычайная сітуацыя, якая сёння прасочваецца па ўсім горадзе: нехта задаволены, а нехта не задаволены. Натуральна, лепш жыць так, каб ніхто побач нічога не капаў і не будаваў”.
Непасрэдныя выканаўцы рэканструкцыі сцвярджаюць, што з мэтай павялічыць прыбярэжную паласу вадасховішча не падсыпалася.
“Мы нічога не засыпалі. Водная гладзь не змянілася, — запэўнівае Віктар Халадзінскі, дырэктар Упраўлення капітальнага будаўніцтва Цэнтральнага раёна Мінска. — Праектна-каштарысная дакументацыя зацверджана Мінгарвыканкамам і прайшла праз экспертызу. Усе работы праводзяцца пад кантролем з Цэнтральным НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Водную гладзь мы не змяняем”.
Гэты рамантычны краявід (вадасховішча, беражок, дарожка) будзе песціць вока жыхароў новых катэджаў на Вяснінцы
Жыхары Мінска будуць купацца ў Драздах у метрах ад элітнага жылля
"Карэнныя жыхары" вуліцы крыўдуюць, што новыя дамы перакрыюць ім увесь выгляд на вадасховішча...
...і вельмі перажываюць з гэтай нагоды
Старыя хаты на Вяснінцы мяжуюць з новымі архітэктурнымі рашэннямі
Звычайныя жыхары вуліцы не ўпэўненыя, што ў будучыні змогуць па поўнай карыстацца пляжам