Дыетолаг: Настальгія па мясе можа зрабіць беларусаў агрэсіўнымі
Мяса можна замяніць сырам і яечнымі бялкамі, аднак адсутнасць на стале катлет паўплывае на псіхалагічны стан.
“Калі гэта выключна смакавыя адчуванні настальгіі па мясе, то, канешне, калі мы нечага недаатрымліваем, то ў нас з’яўляецца агрэсія. Але гэта не фізіялагічная агрэсія, а псіхалагічная — што я вось зараз вымушаны ў такіх умовах жыць, выжываць і не магу сабе дазволіць сваю любімую страву”, — каментуе для Еўрарадыё змены ў жыцці беларусаў дыетолаг медыцынскага цэнтра “Эстэтык-Сэрвіс” Іна Ражок.
У жыцці няма нічога незамяняльнага. Вось і свініну з ялавічынай можна з лёгкасцю замяніць, калі вы не жадаеце стаяць у шматгадзінных чэргах альбо проста не можаце сабе дазволіць мяса з фінансавых прычынаў.
“Мяса, вядома, карысны прадукт у тым сэнсе, што гэта жывёльныя бялкі і арганізм чалавека мае патрэбу ў жывёльных бялках. Аднак праз дэфіцыт можа быць альтэрнатыва. Гэта могуць быць малочныя бялкі, бялкі малочных прадуктаў. Напрыклад, сыр, тварог. Гэта можа быць яйка — бялок яйка я маю на ўвазе, які добра засвойваецца, бялок жывёльнага паходжання. Гэта могуць быць морапрадукты".
Шчыра кажучы, морапрадукты для беларусаў не самая ўдалая альтэрнатыва мясу. Паводле слоў дыетолага, можна перайсці нават на падножны корм. Там таксама знойдуцца неабходныя чалавечаму арганізму бялкі. Што праўда, не ўсе. Але некаторы час пражыць можна.
“Ёсць і бялкі расліннага паходжання. Яны таксама павінны быць у нашым рацыёне. Яны не зусім з’яўляюцца альтэрнатыўнай заменай бялкам жывёльнага паходжання, але, тым не менш, пастаўляюць амінакіслоты, якія ўдзельнічаюць у пабудове бялкоў чалавечага цела”.
Так што выжывем. Аднак нават калі вернемся на дакрызісны ўзровень, здаровымі ўсё адно не будзем. Еўрарадыё запыталася ў дыетолага, ці адпавядае нармальным умовам жыцця тое харчаванне, якое прадугледжвае спажывецкі кошык.
“З пункту гледжання медыка, не адпавядае. Выжываць — выжываем. Але праз нейкія, досыць працяглыя адрэзкі часу, не хутка, але арганізм скажа, што мы жылі ў дрэнных умовах і харчовая вартасць была нізкая. Гэта праявіцца тымі альбо іншымі праблемамі са здароўем. Вы ж разумееце, што каэфіцыент здароўя ў беларусаў нізкі. Працягласць жыцця нізкая. Гэта ўсё ў тым ліку і па гэтай прычыне”.
Так што лепш не спадзявацца на рэкамендацыі чыноўнікаў, а есці тое, чаго душа патрабуе. У тым ліку і мяса.