Новым фронтмэнам РСП стане "нежанаты басіст"?

Не паспеў Дзяніс Тарасенка адысці ад вяселля, што адгрымела ў музыкі на мінулых выхадных, як гурт РСП ужо адыграў вялікі сольны канцэрт у клубе "Мулен Руж".

Гламурны рэстаран быў пад завязку запоўнены фанатамі трэш-року. Моладзь не звяртала амаль ніякай увагі на крышталёвы посуд і свечкі на сталах і танчыла так апантана, што лямпы пад столлю хісталіся. Дзіўна, што праграма РСП і нават звыклыя танцы ЭВМ ад канцэрта да канцэрта амаль не змяняюцца, але наведвальнасць шоў стала расце і хутка можна будзе смела казаць пра ўсенародную любоў да гурта "Разбітае сэрца пацана".

Вось і на гэтым канцэрце хлопцы ўжо дакладна ведалі, чаго чакаць, калі цябе выклікаюць на сцэну, але нават журналіст Еўрарадыё Павел Свярдлоў (вядомы ў вузкіх колах свавольнік — прым. рэд.) не ўтрымаўся ад спакусы прылюдна застацца без штаноў у клапатлівых руках Юлі Шаўчук .

"Усё гэта нейкія фанацікі, — кажа пра сваіх прыхільнікаў Дзяніс Тарасенка. — Я ведаю з іх чалавек дзесяць. Увогуле, я сам сёння на іх месцы пайшоў бы на "АукцЫон". А яны не пайшлі, і такім чынам гэты аўкцыон выйгралі".

Хлопцы прыязна ставяцца нават да БРСМаўцаў, калі тыя прыходзяць на іх канцэрты: "Хадзіце, пакуль можаце, бо хутка, мабыць, ужо і не зможаце", — заклікаюць яны.


Падчас канцэрту музыкі прэзентавалі новую песню з празрыстай назвай "Я бы вдул". Насамрэч, не ўсё так проста: гаворка ў песні ідзе пра каханне да дзяўчыны-наркаманкі. Паша і Дзяніс упэўненыя, што іх творчасць не для дэбілаў і сапраўдныя фанаты гурта змогуць разабрацца, што да чаго у новым хіце. Невядома, ці асэнсавалі, але словы твора прыхільнікі вывучылі імгненна і пад канец ужо падпявалі таямнічае "Я бы вдул".

Увогуле, публіка на канцэртах РСП ўжо прызвычаіліся да трэшовай атмасферы і з радасцю падхоплівае гульню: дзе-нідзе скачуць гопнікі ў трэніках і шапках-пеўніках, дзяўчаты апранаюцца хто ў манашку, а хто і ў прастытутку.

Пасля канцэрта падыходзім да самых актыўных прыхільніц і пытаемся, ці ў курсе яны таго, што да даўно несвабоднага Пашы дадаўся яшчэ і Дзяніс.


Яся прытрымліваецца жаночай салідарнасці: "Я крыху ведаю жонку Дзяніса, яна такая цудоўная, як жа сумаваць", — кажа дзяўчына, але адразу выпраўляецца: "На канцэрты хадзіць усё роўна буду — яны ж там без жонак".


Алёна шчыра сумуе: "Здавалася, хоць адзін застанецца на нашу долю, але ж і гэтага забралі. Цяпер трэба хадзіць на канцэрты ўжо з новымі пачуццямі".

Самі хлопцы бачаць нестандартны спосаб вырашэння праблемы: "У нас ёсць яшчэ нежанаты басіст. Мы можам зрабіць новым франтмэнам яго!"

 Эндру Восіпчык — апошні нежанаты ўдзельнік РСП. Ну, і дуэт ЭВМ, таксама — на выданне.

Але вядома, усё гэта жартачкі. У грымёрцы настрой ужо не такі балаганны. Відавочна, ахова "Мулен Ружа" ужо с цяжкасцю стрымлівае эмоцыі ад вечаровага шоу і спяшаецца хутчэй развітацца не толькі з музыкамі, але і з успамінамі пра РСП, ЭВМ і іх прыхільнікаў.

 
Побач з нагі на нагу перамінаецца вядомы беларускі джазмэн Павел Аракелян, які таксама засвяціўся ў адным з нумароў: "Гэта мой першы канцэрт РСП. Хлопцы мае добрыя сябры, мне цяжка ставіцца да іх аб'ектыўна, але я ўпэўнены, што менавіта іх песні — гэта тая самая іронія, якая ўратуе краіну".


Самі хлопцы таксама літаральна цягам адной хвіліны выходзяць з вобраза і, заканчваючы нашу кароткую размову амаль сур'ёзна, пакідаюць больш пытанняў аб тым, што насамрэч у робіцца ў іх галовах, чым адказаў:
"Трэба менш тармазоў і больш правакацый. І не важна, ці нясе ўсё гэта нейкую сэнсавую нагрузку. Раніцай яна патрэбная, але вечарам — ужо не. Карацей, панк-рок. Трэба сябе не жалець,каб менш пажыць, каб памерці рана, каб стаць рок-звяздой, рок-іконай, каб твае фатаграфіі прадаваліся на Ждановічах", — разважаюць хлопцы. — В обшчэм, усё што мы нагаварылі — гэта лухта. Паслухайце лепш Міхалка — ён вам усё раскажа. А я не хачу ўпадабляцца. Я хачу… ай, ўсё сказаў, канец цытаты!"

Шукай сябе на фотках з канцэрта 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі