Гайдукевіч: Сустрэчы з Брэйвікам падчас яго прыезду ў Беларусь не было
Лідэр ЛДПБ не разумее, чаму нарвежскі тэрарыст згадаў яго партыю.
Як вынікае з маніфеста нарвежскага тэрарыста Андрэса Брэйвіка, ён не толькі наведваў Беларусь, але і вывучаў палітычны рэжым нашай краіны. Але, відаць, недастаткова ўважліва. Бо ў якасці прыклада нацыяналістычнай партыі Беларусі ён называе Ліберальна-дэмакратычную партыю.
Такая “класіфікацыя” абурыла лідэра ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча. А ў тое, што нарвежскі тэрарыст у сваім маніфесце ўзгадвае ЛДПБ палітык і ўвогуле не паверыў.
Сяргей Гайдукевіч: “Па-першае, я ў гэта не веру. А па-другое, нацыяналістаў ён павінен шукаць у Беларускім народным фронце, а не ў Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Нацыяналістамі партыя ліберальна-дэмакратычная ніколі не была і гэтага ніколі ніхто ад мяне не чуў. Ну, хворы чалавек! Калі чалавек забівае людзей — ён хворы. Таму я нават каментаваць гэта не хачу”.
Адкуль нарвежскі тэрарыст можа ведаць пра беларускіх ліберал-дэмакратаў, калі такая згадка і сапраўды ёсць у яго маніфесце, Сяргей Гайдукевіч не ўяўляе. Палітык сцвярджае, што ні ён сам, альбо нехта з яго паплечнікаў з Андэрсам Брэйвікам падчас прыезду таго ў Беларусь не сустракаўся.
Сяргей Гайдукевіч: “Я не ведаю, калі ён быў ці не быў у Беларусі, не ведаю, чаму ён пра маю партыю напісаў, не ведаю, адкуль гэта ўзнікла. Але, я думаю, як узнікла, так і знікне”.
Гайдукевіч выдатна разумее, што лішняга піяру не бывае. Але ў дадзеным выпадку, кажа, ён бы выдатна абыйшоўся без такой дадатковай рэкламы.
Фота — bymedia.net