Hair Peace Salon: "Усё нармальна. Як звычайна. На чацвёрачку"

121012_ma6a_hps.mp3

Hair Peace Salon зладзілі вялікі восеньскі канцэрт. Прэзентавалі альбом “Gentlеman”, новую кампазіцыю ў дуэце з Ірэнай Катвіцкай ды парадавалі прыхільнікаў старымі і любімымі песнямі. Падчас выступу музыкаў Еўрарадыё мучыла два пытанні. Першае: ці мусяць джэнтэльмены, што граюць дабраякасны, інтэлігентны і празрысты рок, імкнуцца здзіўляць публіку нечым яшчэ, апроч музыкі? І другое: на што могуць разлічваць беларускія англамоўныя рок-гурты, граючы рэдка і ў Беларусі?

Разабрацца ў сітуацыі з канцэртам вызваўся Андрэй Сцепанец —  студэнт БДУ і актыўны наведвальнік сайту Experty by. Андрэй прызнаецца, што з творчасцю HPS пазнаёміўся дзякуючы альбому “Gentlеman”. Пласцінку паслухаў. Ацаніў не вельмі высока. Але прыйшоў усё ж расслухаць музыку гурта, тым больш канцэрт бясплатны.

“Мне падаецца, што выхад на сцэну артыстаў быў занадта хатнім, —  аналізуе з’яўленне HPS Андрэй. —  То бок, яны не выйшлі, як тыя ж The Toobes, з крыкам ці з гвалтам. Ці, напрыклад, як Akute —  калі яны выходзяць і нешта моцнае даецца адразу. А тут зараз, падаецца, гэта было ні як адкрыццё канцэрту, а нешта кшталту “дзякуй, што прыйшлі”.

Зразумела, што Hair Peace Salon —  не “Тубсы”. І мэты ў музыкаў розныя: Hair Peace Salon не мараць пра глабальную папулярнасць, The Toobes жа, наадварот, заваёўваюць усё новыя і новыя гарызонты. Да таго ж і музыка гуртоў, нягледзячы на англамоўнасць, арыентавана на рознага гледача і мае розны энергетычны пасыл: улагодзіць і ўзарваць адпаведна.

“Гэтыя парасоны, што ляжаць на сцэне, —  гэта вельмі цудоўна, — працягвае Андрэй Сцепанец. —  І, напэўна, трэба зладзіць з імі нейкі перфоманс. Бо, як я адчуваю, гэта крыху песімістычная музыка, якая вымагае пэўнага стану душы. І, напэўна, трэба было, схаваўшыся, выйсці з гэтымі парасонамі, каб глядач сачыў за артыстам”.


Так, чорныя парасоны ўпрыгожвалі сцэну. І сапраўды, хацелася, каб музыкі кінулі свае інструменты, раскрылі парасоны і затанчылі, і гэтым самым зрабілі атмасферу канцэрту больш разняволенай. Дарэчы, сітуацыю з аднастайнасцю —  добра выкананы прыгожы брыт-рок на фоне цікавага відэашэрагу —  выратаваў беларускамоўны блок праграмы. Яго распачала Ірэна Катвіцкая, якая праспявала сольна беларускую народную баладу пра каханне. А потым была сумесная “Гарэла сасна”, “Цянькі”, “Студзень” і выдатная беларуская мова Канстанціна Кармана-канферанс'е.

“Мне падаецца, што, як яны сёння аб’яўлялі сваю праграму, гэта нешта элегантнае, нешта чыстае, —  распавядае пра сваё бачанне Hair Peace Salon Ірэна. —  Гэта джэнтэльмены нашай беларускай сцэны, і іх вытанчанасць мне вельмі даспадобы”.

Самі музыкі, якія адыгралі фактычна двухгадзінны канцэрт, кажуць, што рыхтавалі “шоў” у апошні дзень і што шмат чаго не ўлічылі. І што будуць выпраўляць памылкі, якія, дарэчы, адсочаць па відэа, што здымалася цягам выступу гурта. І што хацелі прапанаваць публіцы “пасушыць парасоны” і зладзіць "амбрэла-паці", але дажджу не было. Але атрымалася ўсё роўна “ўсё нармальна… як звычайна… на чацвёрачку…”


Наша другое пытанне знайшло катэгарычны адказ Марыны, якая не ўпершыню наведвае бясплатныя канцэрты англамоўных гуртоў у “Рэпабліку”.

Марына: “Па-ангельску трэба спяваць у Англіі, па-нямецку —  у Германіі. А ў нас, калі ласка, спявайце па-руску, ці, на крайняк, па-беларуску. А так, гурты малавядомыя, песні аднастайныя. Яны не кепскія — не, вядома ж, але аднастайныя. Вось тут ужо былі бясплатныя канцэрты, дзе выступалі падобныя гурты, што граюць нешта падобнае на брытанскі рок —  яны нічым не адрозніваюцца, штампуюць адно і тое ж. Хацелася б разынкі нейкай. Тады былі б і платныя канцэрты, і было б шмат людзей, і ўсе б былі задаволеныя”.


З Марынай, безумоўна, можна паспрачацца. Але ў любым выпадку, як кажа Сяргей Пукст, проста добрай музыкай зараз нікога не здзівіць. Часам джэнтэльменам патрэбны фракі і кацялкі.

P.S. Спампаваць альбом “Gentlеman” можна тут. Еўрарадыё ён вельмі спадабаўся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі