Хлопец, які збіў інваліда: Ніхто за яго не заступіўся
Сваю версію распавядае хлопец, які збіў інваліда ў метро.
Сустрэліся з Крысцінай, таму што не бачыліся на Новы год. Ехалі ў горад гуляць з ёй і з братам. Я не п'ю, як напісалі ў інтэрнэце, што мы п'яныя былі. Гэта ўсё трызненне. Я і на Новы год не піў, і наогул не п'ю.
На "Кастрычніцкай" зайшоў гэты мужчына. Наступіў мне на нагу. Я паглядзеў на яго. Не было ніякіх думак, біць яго. Я зняў слухаўку, ён мне кажа: "Саступі месца". Ні калі ласка, нічога... У не вельмі ветлівай форме. Я сказаў: "Няма месца". Ён тады сказаў Крысціне: "Саступі месца". Я ёй кажу: "Сядзі".
Ён схапіў мяне за твар. Шапку мне на вочы нацягнуў, потым яе наогул зняў. У твар мне ўчапіўся. Ну, я ўстаў, ўдарыў. Я яго ўдарыў пасля таго, як ён учапіўся мне ў твар, раздрапаў твар.
Еўрарадыё: Да крыві раздрапаў?
Так, мы потым на станцыі выйшлі. Крысціна ў краму пайшла, сурвэткі купіла, выцірала мне кроў з твару.
Еўрарадыё: Колькі разоў вы яго ўдарылі?
Два.
Еўрарадыё: А ён вас у адказ біў?
Так каб біць, не біў.
Еўрарадыё: Як доўга гэта працягвалася?
Тое, што ён некалькі хвілін ляжаў на падлозе, і мы яго збівалі, гэта няпраўда. Усё было секунд 15. Ён ехаў з маці, мяне адцягнуў мужчына, а мой брат спрабаваў адцягнуць яго. Усё, нас расцягнулі, і ўсё на гэтым.
Еўрарадыё: Чаму вы не саступілі месца?
Ну, блін, з выгляду нармальны мужык, не скажу, што інвалід. Гадоў 35-40. Ды нармальны быццам бы здаровы мужык. Калі б ён паказаў пасведчанне...
Еўрарадыё: Але чаму вы яго так ўдарылі ў твар?
Не ведаю... можа, абаронная рэакцыя спрацавала, самому балюча стала. Ён першы пачаў. Сам я б проста так не стаў біць незнаёмага чалавека.
Еўрарадыё: А вы біліся калісьці?
У сэнсе?
Еўрарадыё: Ну, калі біліся ў апошні час?
Можа, у школе разы два.
Еўрарадыё: А месца саступаеце у транспарце?
Так, калі пажылая жанчына ці цяжарная.
Еўрарадыё: І калі ў апошні раз саступалі?
Не ведаю, я не запамінаю, калі саступаю месца.
Еўрарадыё: Што ў міліцыі было? Якія вам абвінавачванні?
Пакуль нічога, у пракуратуру перадалі справу. Хутка пайду зноў у міліцыю.
Еўрарадыё: Вы вучыцеся?
На 3 курсе ў каледжы.
Еўрарадыё: Як бы вы паступілі ў такой сітуацыі цяпер?
Ну, не ведаю, не біў бы — дакладна. Думаю, ужо саступіў бы. Не хацеў бы такога паўтарыць.
Еўрарадыё: Але ён жа груба прасіў?
Я б спытаў, чаму я павінен вам саступаць месца.
Еўрарадыё: А што казала маці збітага? Яна казала, што ён інвалід?
Так, потым ўжо, яна кажа, што яго нельга чапаць, ён інвалід.
Еўрарадыё: Пасля таго, як вы яго ўдарылі?
Так. Калі б ён не палез першы, нічога б не было. Калі б маці падышла, сказала, што ён інвалід і яму цяжка стаяць.
Еўрарадыё: Увесь гэты час што рабілі астатнія пасажыры?
Яны ўсе стаялі, хто паадварочваўся, хто яшчэ што. Асабліва ніхто не заступаўся. Вось толькі мужчына адзін нас разняў. Астатнія, такое пачуццё, што справы ім да гэтага не было.
У цягніку разам з хлопцамі ехала дзяўчына — Крысціна, яна распавяла сваю версію, таго, што адбылося.
Еўрарадыё: Крысціна, як усё было, адкуль вы ехалі ў метро і куды?
З Пятроўшчыны з сябрамі гуляць у горад. Мужчына зайшоў на Кастрычніцкай. Падыходзіць да сябра Лёшы і кажа ў грубай форме: "Саступі месца". Ён не саступае. Потым мне кажа: "Саступі месца". Лёша мяне трымае за руку і кажа: "Не саступай". Гэты мужчына хапае Лёшу за шапку, пачынае шматаць. За твар схапіў, пачалася бойка. Брат Лёшы пачаў іх разнімаць.
Еўрарадыё: Хто біўся, хто разнімаў?
Я не ўдзельнічала. Я іду, як сведка. Я да гэтага мужчыны нават не дакранулася. Ніколі б у жыцці такога не зрабіла, да інваліда. Ягор (брат Лёшы) таксама. Проста да Лёшы ён занадта парушыў асабістую прастору.
Еўрарадыё: Так, як усё было?
Ён яго за твар пачаў хапаць, за шапку. Лёша ўстаў, піхнуў яго, і пачалася бойка.
Еўрарадыё: А другі хлопец?
Ён стаў разнімаць. Я ад страху закрыла вочы і толкам нічога не бачыла.
Еўрарадыё: Чым усё скончылася?
Мужчына не ляжаў на падлозе. Ён сеў на сядзенне. Сядзеў, абліваўся крывёю.
Еўрарадыё: Была кроў?
Яму (інваліду) разбілі брыво.
Еўрарадыё: А вашым сябрам?
У Лёшы шнар, у яго быў твар падрапаны. Але мы не пайшлі ў міліцыю, хоць, хацелі, вырашылі, што ўсё так абыдзецца.
Еўрарадыё: Твар у Лёшы быў у крыві?
Так, у сваёй.
Еўрарадыё: Апішыце мужчыну?
Гадоў 40, шэрая куртка. Не вельмі ахайны, неакуратны.
Еўрарадыё: Чаму вы не саступілі месца, Крысціна?
Па-першае, ён прасіў у вельмі грубай форме.
Еўрарадыё: Што ён канкрэтна казаў?
Ён казаў вельмі грубым голасам: "Саступі месца". Вось цяпер пішуць, што мы быдла. Хто яшчэ быдла? Гэты мужык сябе так паводзіў, як свінота нейкая. У яго не было ні палачак, нічога. Як зразумець, што ён інвалід, добра, нармальна хадзіў. Па ім ніяк не бачна, звычайны мужык з глухмені.
Еўрарадыё: Як сябе вялі пасажыры?
Яны не звярталі ўвагі. Усе паадварочваліся — мы ні пры чым. Быццам, усё за сябе хваляваліся.
Еўрарадыё: Ніхто не спрабаваў заступіцца?
У канцы нейкі мужчына стаў стрымліваць Лёшу.
Еўрарадыё: Чым вы займаецеся, вучыцеся?
Я вучуся ў каледжы. Мы ўсе ў каледжах вучымся.
Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да каментаў на вашай старонцы Вконткте? Навошта аднавілі яе?
У мяне там шмат мне патрэбнага. Калі ў людзей няма мазгоў, і яны не ведаюць, што пішуць, няхай пішуць — гэта іх справа. Калі не ведаць праўды і паклёп пісаць... няхай пішуць, што хочуць. Мне ўсё адно, я не злапомная, ведаю, што ні ў чым не вінаватая.
Еўрарадыё: Калі б сітуацыя паўтарылася, вы саступілі б месца?
Напэўна, саступілі, або проста адштурхнулі б яго.