Кантракт беларускага футбаліста: 5 млн за нічыю, быць дома да 11-й ночы
За цыгарэту забіраюць 50% прэміі, за гарэлку ― 100%. Знаходзіцца трэба не далей чым за паўсотні кіламетраў ад трэніровачнай базы.
Еўрарадыё атрымала прыклад беларускага футбольнага кантракта. Адзін з топ-клубаў купляе сабе на лаву запасных маладога гульца.
Шмат у чым гэты дакумент падобны на працоўныя пагадненні, якія падпісваюць беларускія настаўнікі, цесляры ці дактары. Але ёсць і цікавыя акалічнасці.
Голы аклад футбаліста будзе складаць каля 11 мільёнаў рублёў (больш за зарплату перспектыўнага лёгкаатлета). Плюс прэмія ― каля 3 мільёнаў. Калі футбаліст праб’ецца ў асноўны склад, то за кожны матч, які каманда згуляе ўнічыю ці з пераможным лікам, будуць выплачваць яшчэ па 5 мільёнаў рублёў прэміі. То бок тэарэтычна за ўдалы месяц можна зарабіць пад 34 мільёны рублёў (каля 3900 долараў).
Таксама ў працоўнай дамове пазначаны выпадкі, калі прэмію могуць скасаваць. За ўжыванне алкаголю ― на 100%. За курэнне ― на 50%. За ўхіленне ад медагляду, парушэнне дысцыпліны ці экіпіроўкі ― па 30% за кожны эпізод.
За выдаванне фінансавай інфармацыі свеціць скасаванне кантракту.
Знаходзіцца круглыя суткі трэба не далей чым за 50 км ад месца трэніроўкі. А дадому трэба вяртацца не пазней чым аб 11-й ночы. Чымсьці гэта нагадвае ўмовы адбывання хатняй “хіміі” для асуджаных.
Гэта працоўная дамова шмат у чым падобна на тыповы шаблон постсавецкага футбольнага кантракту, які быў складзены ў 1990-х і надрукаваны ў “Настольнай кнізе футбольнага менеджара”. Згодна з гэтай балванкай, футбаліст быў абавязаны, напрыклад, перамяшчацца на гульні і зборы клубным транспартам, надзяваць у працоўны час толькі клубную экіпіроўку. Таксама забаранялася парушаць нормы маралі, займацца экстрэмальнымі відамі спорту.
У 2000-х у шаблон дамовы з футбалістамі дадалі забарону на спажыванне допінгу і ўдзел у азартных гульнях, дзе выйгрыш залежыць ад выніку матчаў.
Куды больш арыгінальнымі выглядаюць кантракты ў Заходняй Еўропе. Футбалістаў абавязваюць не тое што рэжыміць, але і рабіць педыкюр з манікюрам.
Цікавімся ў прэс-сакратара сталічнага “Дынама” Алега Сабалеўскага, ці ўвялі такое патрабаванне ў кантракты бела-блакітных.
“Гэта залежыць ад саміх гульцоў. У кантрактах такога не прапісана. Кожны сам павінен вырашыць, трэба яму гэта ці не”.
Стаўленне да жоўтых і чырвоных картак у “Дынама” таксама індывідуальнае. Калі гулец дзейнічаў па-за інтарэсамі клуба і здзейсніў неабавязковае парушэнне, то могуць пазбавіць часткі прэміі. Падобная пазіцыя наконт картак і ў ФК “Гомель”. Асаблівасці тлумачыць прэс-сакратар каманды Дзмітрый Крышталёў:
“Клуб ні ў якім выпадку не мае права штрафаваць за такое. Але ў кожнай камандзе выдаюцца прэміяльныя, якія размяркоўвае трэнер. Кожнаму па заслугах. І тут ужо толькі трэнер і капітан каманды вырашаюць, заслужаная ці незаслужаная была картка. Можа быць, сітуацыя патрабавала такіх дзеянняў”.
Бадай, ва ўсіх футбольных клубах Беларусі гульцам забараняецца разгалошваць інфармацыю пра памеры заробкаў.
“Інфармацыя не распаўсюджваецца, таму што гэта двухбаковы працэс, і найчасцей другі бок гэтага не жадае, ― працягвае распавядаць Дзмітрый Крышталёў. ― Па-другое, пазіцыя наконт заробкаў футбалістаў у краіне не афішуецца, бо яны ў разы перавышаюць зарплаты звычайных людзей. Праблема не ў тым, што заробкі не супастаўныя. Справа ў тым, што наша грамадства пакуль не гатова ўспрымаць такія лічбы, такую інфармацыю”.
Зноў жа ад усіх беларускіх футбалістаў патрабуюць прытрымлівацца дысцыпліны. Гэта галоўнае. Таму наша пытанне наконт манікюраў-педыкюраў прэс-сакратара салігорскага “Шахцёра” Паўла Качановіча здзівіла:
“Такога ў нас дакладна няма. З патрабаванняў усё стандартна: не піць, не курыць, падтрымліваць сябе ў неабходнай фізічнай форме. Незалежна ― трэніровачны гэта працэс ці адпачынак. Мы ― кансерватары ў гэтым плане”.
Фота mgorka.by