Кантралёр: Людзі б’юцца аднолькава і за 7 тысяч рублёў, і за 7 долараў!
Калі штраф за безбілетны праезд быў самым вялікім? Ці змяняюцца паводзіны “зайцаў” у залежнасці ад сумы штрафу? Пра гэта Еўрарадыё гутарыла з кантралёрам.
Святлана Барысаўна працуе кантралёрам грамадскага транспарту больш за шэсць гадоў. Кажа, што раней аштрафаваць чалавека было вельмі цяжка. Але і штраф тады быў большы за сем… долараў (цяпер гэта было б 56 тысяч рублёў!). Самая вялікая сума за ўсю гісторыю.
“З самага пачатку, калі я прыйшла, штраф быў 0,5 базавай. Максімальная сума за ўвесь час — 15 з паловай тысяч. Тады аштрафаваць чалавека было вельмі праблемна. Калі штраф перавялі на 0,2 базавыя велічыні, то некаторыя людзі насілі гэтыя 7 тысяч асобна ў кашалёчку. Для іх было лягчэй заплаціць 7 тысяч і спакойна паехаць сабе далей”, — узгадвае кантралёр.
Але да добрага прывыкаеш хутка, — кажа кантралёр. Неўзабаве пачаліся “баі” і за 7-тысячны штраф!
Святлана: “…пасля людзі прывыклі. Слова “штраф” іх па-ранейшаму раздражняла, як і сёння. Людзі пачалі ўпірацца неверагодна”.
Што праўда, апошнія месяцы безбілетнікі прасцей развітваліся з 7 тысячамі. Асабліва моладзь — маглі адразу адкрыць кашалёк і дастаць штраф.
Святлана: “За апошнія паўгода людзі сапраўды сталі спакайней аддаваць гэтыя 7 тысяч, асабліва пасля верасня, калі ў грамадстве гэта здарылася…”.
Нагадаю, што да нядаўняга часу штраф за безбілетны праезд складаў 7 тысяч — гэта менш за долар!
Ужо трэці дзень, як базавая велічыня павялічылася з 35 да 100 тысяч. Разам з ёй павялічыўся і штраф за безбілетны праезд. Цяпер замест 7 тысяч безбілетнік мусіць заплаціць ажно 20 тысяч! Ці стане ад гэтага менш “зайцоў”, пакуль сказаць цяжка…
Але нават палепшаная паслявераснёўская статыстыка выглядае сумна.
Святлана: “У апошні час з 10 чалавек — два маглі даць грошы адразу ж або спытаць папярэдне: колькі я вам вінен? Астатнія ўсё адно, нават за мізэрныя штрафы біліся”.
Прычым біліся ў прамым сэнсе, скардзіцца кантралёр і паказвае палец са шнарамі. Кажа, што пакусаў безбілетнік. Прычыны ж ва ўсіх розныя — “я заўсёды езджу на праязным, але сёння забыўся”, “я не паспеў”, “у мяне цяжкія сумкі”, “ну а што, калі я праеду 1-2 прыпынкі”… і г.д.