Казаць пра канцэрт "АукцЫон" — гэта як абмяркоўваць аргазм
Піцерскія авангардысты прэзентавалі ў Мінску альбом "Юла" (фота).
Канцэрт піцерскага гурта "АукцЫон" гэта заўсёды падзея. Падзея, якую чакаеш, і да якой вельмі імкнешся. Перакананы, людзей, якія з гэтым пагодзяцца, шмат. Вельмі весела бачыць беларускіх музыкаў ды журналістаў, якія сустракаюць адзін аднаго пытаннем: "А што ты тут робіш? Чаму не на РСП?" (У гэты ж момант у клубе "Мулен руж" праходзіць вялікі сольны канцэрт трэш-гурта "Разбітае сэрца пацана") "Хутчэй, наадварот! Ужо хто-хто, а ты мусіш быць там, на РСП!" — гучыць у адказ і людзі са сціплымі і нават нейкімі вінаватымі ўсмешкамі заходзяць у залу.
Трэці званок, а ў ДК МАЗ, дзе і праходзіць мінская прэзентацыя альбома "Юла", даюць званкі, і песня "Огонь", як і на дыску, сапраўдным “пендзелем” адпраўляе прысутных у "аўкцыонаўскі" космас мелодыкі ды гукаў. З абсалютна неверагодных імправізацыйных уступаў раптоўна ўзнікаюць "Седьмой", "Печаль", "Фа-Фа", "Моя любовь"... За дзве з лішнім гадзіны ўвесь апошні альбом музыкі выканаць не паспелі, самыя масавыя хіты таксама, ды і ўвогуле, тэксты ды вакал былі рэдкімі з’явамі на канцэрце.
"За апошнія два гады я ўжо трэці раз на канцэрце "АукцЫона" і гэта адны і тыя ж песні, за выключэннем некалькіх новых, — абураецца прыхільніца гурта Наста. — Кожны раз адно і тое ж заканчэнне: песня "Зима" вельмі песімістычная, яна сумная... Усё ж хацелася, каб яны не толькі гэтыя песні выконвалі. У іх ёсць шмат лепшых песень, на мой погляд, якія патрабуе зала. Трэба ўсё ж часам прыслухоўвацца да сваіх прыхільнікаў!".
Уладзімір Волкаў, вядома па сольных праектах з Леанідам Фёдаравым, цяпер грае ў складзе "АукцЫон"
"Ёсць такі DVD з канцэртамі 21 красавіка ў нейкім піцерскім ДК, а 22-га — у маскоўскім клубе "Б1", — узгадвае захоплены імпрэзай меламан Антон. — Дык на іх аднолькавы трэк-ліст, але ўсё, усё па-рознаму. То бок два дні запар, але абсалютна іншыя канцэрты. Сёння быў выдатны канцэрт, даўно такіх я не наведваў".
Тым не менш пройгрышы песень канцэртнага "АукцЫона" ўводзяць так далёка, што губляешся: працяг гэта, ці яны ўжо перайшлі на наступны трэк? Не! Працяг! А вось гэта ўжо пайшла кода... Некаторых аматараў "АукцЫона" літаральна ўціснула ў крэслы ДК, але большаць увесь час ёрзае, рухаецца. Некаторыя ўсё ж не вытрымліваюць і выходзяць у праход, праўда, танчыць баяцца, таму проста стаяць з заплюшчанымі вачамі і хістаюцца.
"Нібыта бачыш салют з бальнічнага вакна! Не ведаю, змешаны стан, — дзеліцца ўражаннямі ад канцэрту Аляксандр Геліх, басіст гурта "Аддис Абеба". — Тым больш, я сяджу на першым шэрагу, для якога я не прызначаны. Але мне, безумоўна, падабаецца. Толькі ў гэтай зале людзі вельмі заціснутыя. Думаю, што ў Піцеры ўсё праходзіць зусім па-іншаму, ды і паўсюль акрамя нас. Не, яны калісьці і ў турмах выступалі, але мне падаецца што і там было лепш..."
Дзяўчына ўвесь час прасіла гукачоў наладзіць мікрафон, каб было разабраць словы
Ахова і сапраўды не пускае да сцэны, але і з праходаў нікога не ганяе. На каменныя твары ахоўнікаў могуць паўплываць толькі танцы Гаркушы. Тады яны усміхаюцца, нават, бачна, што стрымліваюць смех, бо такога "цуда" яшчэ ніколі не бачылі, відаць будзе што сябрам распавесці.
Бліжэй да канца прыхільнікаў у праходах становіцца шмат і нарэшце, як па нейкаму загаду, яны кідаюцца ў псіхадэлічныя скокі. На канцэртах "АукцЫона" вельмі цікава назіраць за танцамі, бо рухі людзей ламаныя, няправільныя, нервовыя, але пад музыку гурта яны выглядаюць шчырымі, пластычнымі і прыгожымі.
"Дзякуй што прыйшлі! — раптоўна перарывае ўжо пяціхвілінны заклік на біс голас са сцэны. — Я выйшаў з адной мэтай: мне вельмі трэба знайсці ў гэтай зале чалавека. Ключавыя словы: калгаснік ды стары рокер. Я яму прадаў сёння DVD, і мне трэба яго навучыць ім карыстацца. Дзякуй яшчэ раз, выклікайце "АукцЫон" на біс".
Ён спрабаваў падыйсці да сцэны
З гэтымі словамі зала ўзвыла! Яшчэ некалькі хвілін чакання, і музыкі выканалі "Моя любовь" а закрылі канцэрт песняй "Зима". Можа, каму і нехапала хітоў, вакалу, але не часта бачыш на сцэне музыкаў, якія атрымліваюць такую асалоду ад таго што робяць.
"Гэта як абмяркоўваць аргазм, давайце не будзем”, — сказала Еўарадыё піяністка Даша Мароз. Нават ва ўмовах "адрэмантаванага" ДК МАЗ, дзе часам знікаў гук інструментаў, амаль увесь час не было чуваць свісцелак-трышчэлак з куфра Гаркушы, "АукцЫон" шмат каго здолеў давесці адразу да некалькіх аргазмаў. Шкада толькі, што наступнага разу чакаць яшчэ доўга!