Koktebel Jazz Festival: Нам не хапае заявак ад беларускіх музыкаў!

Джазавым хэдлайнерам сцэны Nu Jazz на Koktebel Jazz Festival сёлета будзе квартэт выбітнага трубача Эрыка Труфаза, які выступіць з абсалютна новай праграмай. Іншыя хэдлайнеры пакуль захоўваюцца ў сакрэце, а поўны лайн-ап фэсту будзе абвешчаны не раней за травень.

“Кожная сцэна фэсту часткова напаўняецца за кошт заявак, якія нам дасылаюць, — тлумачыць такую пазіцыю прадзюсарка ды вядучая оўпэнэйру Жэня Стрыжэўская, якая завітала ў студыю Еўрарадыё. — Штогод мы атрымліваем больш за 300 заявак з розных краінаў свету. Шмат удзельнікаў трапляе на фэст дзякуючы такой адкрытай палітыцы, і шмат каго мы адбіраем на фэст дзякуючы такім прэ-паці, якая адбудзецца сёння ў Мінску”.

Канцэрт Ніны Карлсан у Мінску акурат і стане першым сёлетнім прэ-паці Koktebel Jazz Festival. На сцэну клуба “Мулен Руж” разам з расійскай спявачкай з акустычным сэтам выйдзе Ганна Жданава (Lilac). На кожным з такіх канцэртаў, апроч знакамітых музыкаў, будуць выступаць беларускія выканаўцы.

“18 красавіка ў нас будзе Саша Алмазава і дадатковыя артысты з Беларусі, — падхоплівае сапрадзюсар KJF Алег Ціханаў.Сярод іх мы і будзем выбіраць каго-небудзь на сёлетні фестываль. У траўні мы зладзім пэўны міні-фэст Jazz Koktebel недзе на беларускай прыродзе, на 5-6 гуртоў, куды, спадзяюся, ужо прыедзе ўвесь аргкамітэт оўпэнэйру”.

Аргкамітэт ездзіць па прэ-паці і потым абмяркоўвае ўбачанае. Тут няма галасаванняў, балаў, конкурсу, ёсць проста адчуванне фэсту, яго канцэпцыі ды патрэбаў. Алег Ціханаў дадае, што менавіта з гэтай нагоды беларускім калектывам і варта б было актывавацца. Тым больш што да 30 красавіка часу хапае.


Алег Ціханаў: “Я ўжо паўгода жыву ў Мінску і адкрываю для сябе новыя джазавыя калектывы. Дык лепш бы яны… Карацей, зайдзіце на сайт і дашліце заяўку. Вельмі мала беларускіх заявак, а ёсць жа геніі, якія проста саромеюцца! Дык вось не трэба саромецца!”

Прадзюсары прызнаюцца, што Беларусь часта становіцца знакавай краінай для Koktebel Jazz Festival. Летась цэлы дзень быў прысвечаны нашай краіне, бо “Ляпис Трубецкой” ладзіў сусветную прэм’еру “Рабкора”. А сёлета традыцыю прысвячаць дзень адной краіне працягнуць Грузія і Брытанія. Па просьбе гледачоў, шмат беларускіх гуртоў па некалькі разоў выступалі на фэсце, хоць гэта супярэчыць канцэпцыі оўпэнэйру і здараецца рэдка.

“Фэст доўжыцца 4 дні + нулявы дзень, працуе 3 сцэны і тое — музыка гучыць амаль кругласутачна, а людзям усё роўна мала, — распавядае пра сёлетнія новаўвядзенні Жэня. — Таму мы аб’ядналіся, і разам з Koktebel Jazz Festival будзе праходзіць фестываль “АРТиШОК”. Кіраўнік фэсту — вядомая культурная дзяячка Ганка Трацяк, якая збярэ неверагодную колькасць прадстаўнікоў абсалютна розных відаў мастацтва: кінематограф, жывапіс, фотамастацтва, скульптуру, карацей, УСЁ! Гэта будзе цягнуцца 10 дзён. 4 дні прыпадае на Jazz Koktebel і, як такія крылы, 3 дні да фэсту і 3 дні пасля яго. То бок, сёлета ў Кактэбель можна ехаць на 10 дзён”.

Калі ёсць жаданне, з усмешкай дадае прадзюсарка, дык хутка пасля оўпэнэйру пачынаецца літаратурны фестываль “Волошинский сентябрь”. Таму тыдні два культурнага адпачынку на моры ўсім забяспечаныя.

Асноўных хэдлайнераў Koktebel Jazz Festival прадзюсары назавуць 21 сакавіка падчас канцэрту Ніны Карлсан у “Мулен Руж”. Там жа разыграюць шмат розных тэматычных прызоў, у тым ліку і ад асноўнага спонсара… Квіткі яшчэ ёсць! Пачатак у 19:00.

Фота: foksik.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі