Лазавік: "Мы што, мала зрабілі для зменаў заканадаўства?!"

111019 Luka6uk Vybory.mp3

Зменаў выбарчага заканадаўства напярэдадні парламенцкіх выбараў 2012 года не будзе. Такое “пажаданне” выказаў кіраўнік краіны падчас сустрэчы са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай.

Кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч кажа, што яго 110 чалавек на выбары пойдуць, хоць і ўпэўненыя, што ніводзін дэпутатам не стане. А пакуль, паводле слоў палітыка, “ёсць у Палаце 110 чыноўнікаў — і будзе ізноў 110 чыноўнікаў”.

Сяргей Гайдукевіч: “Трэба рабіць партыйную сістэму, прапарцыйна-мажарытарную сістэму. Даць магчымасць развівацца грамадзянскай супольнасці. Гэтага нічога няма. І ці ж справа ў законе? Сістэма правядзення выбараў павінна быць. Калі ідзеш на выбары і ведаеш, што можна змагацца і выйграць. Сістэма засталася тая ж самая — і што вы чакаеце ад выбараў? Зараз ёсць у Палаце 110 чыноўнікаў — і будзе ізноў 110 чыноўнікаў, вось і ўсё!”

Сакратар Цэнтральнага камітэта КПБ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валянціна Леаненка кажа, што за год да парламенцкіх выбараў мяняць выбарчае заканадаўства не трэба. Часу засталося мала. Яна супраць галасавання па партыйных спісах — за партыйнымі спісамі, кажа, знікае асабістая адказнасць дэпутата. Патрабаванні прадстаўнікоў дэмсіл лічыць неабгрунтаванымі.

Валянціна Леаненка: “Калі нам дадуць партыйныя спісы, дзе будзе дастаткова людзей, каб ахапіць усе участкі, — калі ласка, дасылайце туды людзей! Дык не могуць набраць людзей! Праблема ў саміх палітычных партыях, а не ў тых міфічных, фантомных уяўленнях, што ўлада іх не пускае і перашкаджае”.

А вось у праўладным грамадскім аб’яднанні “Белая Русь” гавораць, што каментаваць хоць нешта можа толькі старшыня Аляксандр Радзькоў. Намеснік старшыні “Белай Русі” Сяргей Пігараў кажа, што той зараз хворы, і ніякіх каментароў не дае.

У кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі шмат прапаноў па змене Выбарчага кодэксу.

Анатоль Лябедзька: “У тых, хто прымае ўдзел у выбарчых кампаніях, павінна быць гарантаванае права ўключэння яго прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі — туды, дзе лічаць галасы.  Па-другое — абсалютна празрыстая працэдура падліку галасоў. Калі і сябры камісіі, і назіральнікі маюць мажлівасць бачыць, за каго канкрэтна прагаласаваў той ці іншы выбаршчык. І трэба адмяніць альбо вельмі жорстка рэгламентаваць працэдуру датэрміновага галасавання”.

Тыя ж патрабаванні агучвае і намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. А вось у тым, што выбараў па партыйных спісах ізноў не будзе, “фронтаўцы”, па словах Кастусёва, нават не сумняваліся.

Рыгор Кастусёў: “Выбары па партыйных спісах — мы і чакалі, што не будзе зменаў у гэтым плане. І тут для нас новага нічога не прагучала. Але правядзенне празрыстых выбараў хаця б па старой схеме — гэта неабходнасць”.

Лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў гаворыць, што не мае значэння, будуць партыйныя спісы ці не.

Уладзімір Някляеў: “Якая розніца: партыйныя спісы будуць ці беспартыйныя — калі будзе тое, што ёсць?! Яны могуць сказаць, што ніхто з вашай партыі нікуды не патрапіў і ўсё! Без розніцы, як гэта будзе, калі не будзе насамрэч выбараў — галасавання, якому будуць давяраць”.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік лічыць, што год таму было зроблена ўсё неабходнае — поўная свабода.

Мікалай Лазавік: “Мы што, мала зрабілі для зменаў заканадаўства?! У 2010 годзе якія выдатныя змены правялі ў выбарчае заканадаўства! Правапрымяняльная практыка ў пытаннях выбараў была ідэальнай — ніводзін праваабаронца не мог знайсці нагоду, па якой ён мог бы абурыцца, што некаму забаранілі правесці пікетаванні ці мітынг. Альбо ў плане агітацыі ці сустрэч з выбаршчыкамі — поўная свабода!”

У той жа час Мікалай Лазавік не выключае, што да выбараў пэўныя змены могуць быць унесеныя.

Практычна ўсе апазіцыйныя лідары заяўлялі, што, калі змены ў Выбарчы кодэкс не будуць унесеныя, браць у іх удзел не мае сэнсу. Аднак зараз катэгарычна заяўляць аб байкоце не спяшаюцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі