Лепшая цырульніца свету: Беларусаў адразу бачна па прычосцы! (відэа)
Цырульнікі з Еўропы пераймаюць смелы стыль беларускіх майстроў. У той час беларусы замест эксперыментаў аддаюць перавагу кансерватыўным фрызурам.
Беларуска Дар’я Дубровіна заваявала залаты медаль на чэмпіянаце Еўропы па цырульніцкім майстэрстве ў Вене, зрабіўшы лепшую прычоску ў самай прэстыжнай намінацыі Full fashion house. Год таму яна была лепшай у свеце. Італьянцы і французы капіруюць стыль Дубровінай і баяцца яе на чэмпіянатах!
Еўрарадыё распытала цырульніцу пра адметны беларускі стыль і кансерватыўнасць беларусаў у стрыжках.
Еўрарадыё: Ці мае беларускі стыль прычосак свае адметнасці?
Дар’я Дубровіна: Калі казаць пра працы беларускіх майстроў, у тым ліку пра маю працу на чэмпіянаце Еўропы, адметнай рысай была смеласць, навізна. Я не стала паўтарацца з вобразам, які я стварала на папярэднім чэмпіянаце. Спатрэбілася шмат часу. Але я вырашыла стварыць новае бачанне прычоскі. Я працавала над ім каля паўгода. Дзякуючы маім намаганням выйшла праца, якая заваявала першае месца і звярнула на сябе ўвагу ўсіх суддзяў.
Еўрарадыё: Наколькі практычная ваша пераможная прычоска? Ці можна яе будзе пабачыць на беларускіх вуліцах?
Дар’я Дубровіна: Ведаеце, можа я таму і перамагла, што з гэтай прычоскай, з гэтымі колерам можна хадзіць абсалютна паўсюль: і па Мінску, і па Мілану, і па Парыжу. І касцюм быў модны. Увогуле вобраз “full fashion” мусіць выглядаць як з вокладкі моднага часопіса: каб яго можна было спакойна надзець і выйсці на вуліцу. Пайсці на якое-небудзь моднае мерапрыемства.
Еўрарадыё: Калі вы прыязджаеце ў Берлін ці Італію, што кідаецца ў вочы? Чым прычоскі мясцовых хлопцаў
адрозніваюцца ад прычосак беларусаў?
Дар’я Дубровіна: Зараз я выступала з мужчынскай мадэллю, і стрыжка была выканана на кароткіх валасах. Калі стрыжка кароткая, то яна ўжо другі ці трэці год выглядае прыкладна аднолькава паўсюль. Можа толькі адрозніваецца колер. Але не сама стрыжка. Беларусь ужо другі запар прыносіць сваю моду. Напрыклад, зараз на чэмпіянаце Еўропы я выконвала крыху іншую працу, чым на апошнім чэмпіянаце свету. А італьянцы, французы выконвалі мой від стрыжкі з чэмпіянату свету, толькі крыху змянілі афарбоўку. Стыль адзін.
Еўрарадыё: Як лічыце, наколькі кансерватыўныя беларусы ў прычосках?
Дар’я Дубровіна: Вы ведаеце, кансерватыўныя. Але ўсё залежыць ад пакалення. Маладое пакаленне цікавіцца моднымі тэндэнцыямі, стараецца прыўнесці нейкую навізну, рабіць модныя стрыжкі, падоўжаныя чубкі. Усё залежыць ад статуса, вобраза жыцця, стылю, працы. Напрыклад, чалавек захапляецца модай, хоча зрабіць укладку, выглядаць супер! Але яго могуць не зразумець на працы.
Еўрарадыё: Некаторыя кажуць, што кансерватыўнасць у прычосках вызначаецца па тым, ці стрыгуць хлопцы бровы.
Што можна сказаць пра беларусаў?
Дар’я Дубровіна: Некаторыя стрыгуць, вышчыпваюць. І не толькі хлопцы – і мужчыны. Але ў нас гэта сустракаецца не так часта, як за мяжой, як у той жа самай Еўропе, Італіі, напрыклад. Я перамагла другі год запар, і беларусаў пабойваюцца на такіх спаборніцтвах. Тым не менш, не ў крыўду нашым хлопцам: калі прыязджаеш у Еўропу, там нашмат больш бачыш стыльных маладых людзей з вельмі цікавымі прычоскамі, цікава апранутымі. У нас, можа, проста надвор’е такое. Але ў нас больш шэрасці, на жаль.
Еўрарадыё: А ці можаце па прычосцы вызначыць, адкуль чалавек?
Дар’я Дубровіна: Нашых бачна адразу. Беларусаў, рускіх. Натуральна, стыльны хлопец будзе і ў Еўропе стыльным, і у Мінску, і ў Маскве. У нас шмат такіх. Але ў нас, магчыма, многія баяцца выдзяляцца, каб выглядаць ярчэй. Можа я таму і перамагла, што я не баялася.
Еўрарадыё: Дар’я, ці складана знайсці мадэль, якая не пашкадуе сваёй галавы для эксперыментаў?
Дар’я Дубровіна: Можа, гады 3 таму было складана знайсці. Але мне пашанцавала з мадэллю. Я з ім працую ўжо трэці год. Мы з ім ужо наведалі шмат чэмпіянатаў. З аднаго боку мне складана, што ў мяне адна мадэль. Але гэта вельмі добры малады чалавек, у яго ёсць ўсе дадзеныя. Мне даводзіцца кожны раз мяняць вобраз, і я гэта раблю з задавальненнем. Тыя ж італьянцы: у іх заўсёды розныя мадэлі, але на ўсе чэмпіянаты яны ездзяць з адным вобразам.
Еўрарадыё: Цікава, ці атрымоўваюць мадэлі заробак?
Дар’я Дубровіна: Разумееце, многім проста цікава пабываць на такім мерапрыемстве. Многія проста спрабуюць сябе ў якасці мадэлі. Калі б мяне хто ўзяў мадэллю – я б з радасцю паехала (смяецца). Усё залежыць, колькі часу трэба трэніравацца. Калі італьянскія майстры трэніруюцца па паўгода, то там, магчыма, ўсё аплачваецца. А мы выязджаем і вывозім людзей за мяжу, яны атрымоўваюць магчымасць паглядзець краіну, традыцыі, паўдзельнічаць у мерапрыемстве. Многія мадэлі наадварот мяне просяць: “Вазьмі мяне, я ўсё аплачу”. Зразумела, я стараюся неяк узнагароджваць мадэлей – усё залежыць, колькі часу я патраціла на яго.
Фота: spykeheels.com, diva.by