"Маці крычала: "Не біце яму ў галаву, у яго там касцей няма"
Еўрарадыё знайшло сведку падзеяў, які сядзеў насупраць, побач з маці інваліда.
Еўрарадыё: Што вы бачылі? Дзе знаходзіліся, калі адбылася бойка?
Святаслаў: Я сядзеў наўпрост насупраць маладых людзей. Мама інваліда сядзела справа ад мяне. Калі я падняў галаву, яны ўжо біліся. Мне вельмі не спадабалася, калі пісалі, што яны ўдвух яго збівалі і білі нагамі. Такога не было! Яны счапіліся, і хлопец разы 3-4 ударыў у твар. Разбіў няслаба, уся куртка была ў крыві. Але іх адразу пачалі разнімаць.
Еўрарадыё: Хто разнімаў?
Святаслаў: Дзяўчына, якая з імі была, і хлопец таксама, вось гэты ягоны сябар. Ён не біў інваліда, ён супакойваў сябра свайго. А інваліду, калі ўрэзаў у твар, той адразу "паплыў". Хлопец гэты быў раззлаваны, гэта было бачна.
Еўрарадыё: Як выглядаў збіты?
Святаслаў: Такі здаровы працавіты мужык, на выгляд. Звычайны сярэднестатыстычны рабацяга, такі шырокі ў плячах, шчыльна збіты, кілаграмаў пад 90 ці болей.
Еўрарадыё: Ці бачылі вы, як ён заходзіў у вагон?
Святаслаў: Не бачыў, я ў гэты момант SMS пісаў. Я зразумеў, што ён інвалід, калі маці ягоная пачала крычаць, што ён інвалід I групы. Крычала: не чапайце яго, ён жа інвалід, ён нічога не зрабіў. Не біце яму ў галаву, у яго там касцей няма.
Еўрарадыё: Жанчына сядзела ўвесь гэты час побач з вамі?
Святаслаў: Я не разумею, чаму яна сядзіць, а ён стаіць. Але яна сядзела. А калі гэта пачалося, яна падскочыла і пачала разнімаць. Але яна нават не разнімала, а больш да хлопца намагалася дастаць, у твар яму лезла.
Еўрарадыё: З чаго распачаўся канфлікт?
Святаслаў: Гэтага я не бачыў. Я не чуў, што ён казаў. Чуў толькі, як сябры хлопцу гэтаму казалі: супакойся. І казалі: хадзем-хадзем. Яны на "Плошчы Перамогі" выйшлі.
Еўрарадыё: А збіты хлопец з маці дзе?
Святаслаў: На наступнай станцыі. Яны вырашылі, што яму тэрмінова патрэбная дапамога, і выйшлі.
Еўрарадыё: Ці шмат было крыві?
Святаслаў: Крыві было вельмі шмат, уся куртка была ў крыві. Ён яму над брывом лоб разбіў.
Еўрарадыё: Хлопец гэты, Аляксей, кажа, што ў яго твар таксама быў у крыві. Гэта праўда?
Святаслаў: Так, у яго штосьці было падрапана.
Еўрарадыё: Чаму ж вы не пачалі разнімаць?
Святаслаў: Там такая сітуацыя, што мужчына пачаў разнімаць. Ды і гэта адбылося ўсё вельмі хутка. Ён ударыў разы тры і перастаў, інвалід сеў, а ён адышоў.
Еўрарадыё: Шмат хто проста ў шоку, бо ніхто не заступіўся за інваліда першай групы. Чаму ніхто не заступіўся?
Святаслаў: Ды рэч у тым, што як можна заступіцца, калі хлопец на выгляд гадоў 17 і мужык гадоў 40 на выгляд. Іх проста разнімалі. У мяне не было ў галаве думкі за яго заступіцца, бо ён выглядаў як здаровы мужык. Я не так сабе ўяўляў інваліда першай групы, але знешнасць апынулася падманлівай.
Еўрарадыё: Калі гэтая кампанія выйшла, што далей было?
Святаслаў: Калі яны выходзілі, маці (інваліда. — заўв. Еўрарадыё) іх паспрабавала спыніць. Але яны выйшлі. Адразу да яго падышла дзяўчына, ён сядзеў на самым крайку, а маці побач стаяла. Людзі пачалі малоць языкамі. Сказалі: выходзьце на наступнай, ён жа крывёю сыходзіў, выклікайце "хуткую".
Еўрарадыё: А гэтых маладзёнаў хтосьці намагаўся затрымаць?
Святаслаў: Не. У мяне, калі шчыра, не ўзнікла жадання іх затрымліваць. Я не ведаю... Гэта вельмі цяжка — што праўда, што не, але мне тады здавалася, што гэты хлопец меў рацыю.
Еўрарадыё: А што людзі абмяркоўвалі?
Святаслаў: Збольшага маці галасіла: "Ды як жа так?". А людзі казалі, што трэба кроў спыніць. Хтосьці казаў: "Навошта так моцна біць?"
Еўрарадыё: У які момант вы звярнулі ўвагу на канфлікт?
Святаслаў: Я бакавым зрокам заўважыў, што людзі расступіліся, і тады падняў галаву.
Еўрарадыё: І што вы пабачылі?
Святаслаў: Цяжка ўзгадаць, што было ў першы момант. Яны там счапіліся спачатку, пацягалі адзін аднаго. Потым я ўжо ўбачыў, як ён біў яго ў твар.
Еўрарадыё: За што яны адзін аднаго схапілі?
Святаслаў: Ну, за курткі, загрудкі.
Еўрарадыё: Хлопец нанёс тры ўдары? А інвалід упаў?
Святаслаў: Не, ён стаяў. А пасля ён проста сеў.
Еўрарадыё: І колькі гэта працягвалася па часе?
Святаслаў: Тое, што я бачыў, секунд 6-7.
Фота: photo.bymedia.net