Мікалай Аруцюнаў: "Якая Масква, мы ж беларускі гурт!"

Вядомы расійскі блюзмэн Мікалай Аруцюнаў прыехаў у Мінск не толькі адыграць сумесны канцэрт з "Крамай", але і скончыць працу над запісам дыска. Першая пласцінка праекту "Варвары блюзу" знаходзіцца цяпер на стадыі звядзення. Пасля Мікалай Аруцюнаў адвязе трэкі на майстарынг у Галандыю.

 

"Людзі прыходзяць, бо ведаюць, калі на афішы напісана Аруцюнаў — значыць, побач "Крама", калі напісана "Крама" — недзе побач Аруцюнаў. І неяк ужо немагчыма іх падзяліць", — смяецца даўняя прыхільніца "Крамы" Ксенія. — Тут нават не трэба нечага чакаць — з першай песні людзі высыпалі на танцпляц, а ўжо з выхадам Аруцюнава ўвогуле нейкая суцэльная эйфарыя пачалася".

Падчас канцэрту Аруцюнаў увесь часаў нагадваў, што на сцэне не "Крама", а "лютыя і дзікія" "Варвары блюзу". І што праграма іх выступу складзеная  з "алкагольных песень напісаных у часы сухога закону ў Амерыцы". А яшчэ распавядаў пра будучую пласцінку. У яе, дарэчы, увойдуць 13 кампазіцый адразу на трох мовах.

"Гэта беларуская, англійская і мова, а трэцюю вы тут, мабыць, не ведаеце, — смяецца Аруцюнаў. —  Руская! Гэта будзе адзіная песня на рускай мове, "Ночной пловец", мы яе раней часта выконвалі, і яна захавалася ў нас у запісе".

 

 

Будучы альбом "Варвараў блюзу" будзе прэзентаваны ў Мінску. Але ў тое, што канцэрты "Варвараў блюзу" адбудуцца не толькі ў Беларусі, але яшчэ і ў Расіі, уласна Аруцюнаў не вельмі верыць. Маўляў, у нашы часы на голым энтузіязме далёка не паедзеш.

"Калі б гэта было так проста, мы б рабілі гэта рэгулярна. Каб вы мяне правільна разумелі — я не супраць, а толькі за! Гэта ўсё эканоміка і проза жыцця. А потым.. якая Масква, мы ж беларускі гурт"

 


Аруцюнаў прыгадаў, як у 2000-я музыкі давалі сумесныя канцэрты кожны год. І распавёў, што вельмі хацеў бы прыехаць у Мінск са сваім гуртом.

"Мая задача — прыехаць і спець, я б рабіў гэта як мага часцей! А людзі ў вас класныя, я вельмі за гэта люблю Беларусь. А я ведаю, што ім сказаць, што праспяваць. Усенародная беларуская любоў да гурта "Крама" крыху і на мяне распаўсюдзілася, — смяецца Мікалай. — Цяпер я планую прыехаць у Беларусь са сваім гуртом Funky Soul, мае музыкі проста мараць тут выступіць".

 

На развітанне Мікалай прызнаўся, што ўвогуле толькі з "Крамай" ён упершыню заспяваў чужыя неангламоўныя песні і вельмі ўсцешаны гэтым супрацоўніцтвам.

"Англамоўных "класічных" песень я спяваю шмат. А так, каб я спяваў песні маіх равеснікаў ды яшчэ і на беларуская мове… Я вельмі люблю беларускую мову, адзінае, што не ведаю дагэтуль, як я яе вымаўляю і наколькі добра яе ведаю, — смяецца Мікалай. —  Але я разумею ўсё, пра што я спяваю, а Варашкевіч сочыць за маім вымаўленнем. Мабыць, мая самая любімая песня — гэта "Выпі са мной да дна". Ігар Варашкевіч увогуле добры сонрайтар, ён піша проста цудоўныя песні, і гэта мне вельмі блізка".

 


Чакаем канцэртнік ад "Варвараў блюзу" а таксама Funky Soul ад Аруцюнава. Нагадаем, апошні раз расійскі гурт выступаў у Мінску ў сакавіку 2009.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі