"Мы б цяпер саступілі, а можа быць, адштурхнулі"
Еўрарадыё паразмаўляла з дзяўчынай з кампаніі хлопцаў, якая збіла інваліда ў метро. Версія іншага боку.
Еўрарадыё: Крысціна, як усё было, адкуль вы ехалі ў метро і куды?
З Пятроўшчыны з сябрамі гуляць у горад. Мужчына зайшоў на Кастрычніцкай. Падыходзіць да сябра Лёшы і кажа ў грубай форме: "Саступі месца". Ён не саступае. Потым мне кажа: "Саступі месца". Лёша мяне трымае за руку і кажа: "Не саступай". Гэты мужчына хапае Лёшу за шапку, пачынае шматаць. За твар схапіў, пачалася бойка. Брат Лёшы пачаў іх разнімаць.
Еўрарадыё: Хто біўся, хто разнімаў?
Я не ўдзельнічала. Я іду, як сведка. Я да гэтага мужчыны нават не дакранулася. Ніколі б у жыцці такога не зрабіла, да інваліда. Ягор (брат Лёшы) таксама. Проста да Лёшы ён занадта парушыў асабістую прастору.
Еўрарадыё: Так, як усё было?
Ён яго за твар пачаў хапаць, за шапку. Лёша ўстаў, піхнуў яго, і пачалася бойка.
Еўрарадыё: А другі хлопец?
Ён стаў разнімаць. Я ад страху закрыла вочы і толкам нічога не бачыла.
Еўрарадыё: Чым усё скончылася?
Мужчына не ляжаў на падлозе. Ён сеў на сядзенне. Сядзеў, абліваўся крывёю.
Еўрарадыё: Была кроў?
Яму (інваліду) разбілі брыво.
Еўрарадыё: А вашым сябрам?
У Лёшы шнар, у яго быў твар падрапаны. Але мы не пайшлі ў міліцыю, хоць, хацелі, вырашылі, што ўсё так абыдзецца.
Еўрарадыё: Твар у Лёшы быў у крыві?
Так, у сваёй.
Еўрарадыё: Апішыце мужчыну?
Гадоў 40, шэрая куртка. Не вельмі ахайны, неакуратны.
Еўрарадыё: Чаму вы не саступілі месца, Крысціна?
Па-першае, ён прасіў у вельмі грубай форме.
Еўрарадыё: Што ён канкрэтна казаў?
Ён казаў вельмі грубым голасам: "Саступі месца". Вось цяпер пішуць, што мы быдла. Хто яшчэ быдла? Гэты мужык сябе так паводзіў, як свінота нейкая. У яго не было ні палачак, нічога. Як зразумець, што ён інвалід, добра, нармальна хадзіў. Па ім ніяк не бачна, звычайны мужык з глухмені.
Еўрарадыё: Як сябе вялі пасажыры?
Яны не звярталі ўвагі. Усе паадварочваліся — мы ні пры чым. Быццам, усё за сябе хваляваліся.
Еўрарадыё: Ніхто не спрабаваў заступіцца?
У канцы нейкі мужчына стаў стрымліваць Лёшу.
Еўрарадыё: Чым вы займаецеся, вучыцеся?
Я вучуся ў каледжы. Мы ўсе ў каледжах вучымся.
Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да каментаў на вашай старонцы Вконткте? Навошта аднавілі яе?
У мяне там шмат мне патрэбнага. Калі ў людзей няма мазгоў, і яны не ведаюць, што пішуць, няхай пішуць — гэта іх справа. Калі не ведаць праўды і паклёп пісаць... няхай пішуць, што хочуць. Мне ўсё адно, я не злапомная, ведаю, што ні ў чым не вінаватая.
Еўрарадыё: Калі б сітуацыя паўтарылася, вы саступілі б месца?
Напэўна, саступілі, або проста адштурхнулі б яго.