Цішчанка: Чэргі на мяжы — стандартная сітуацыя апошнім часам
Людзі стаяць на літоўска-беларускай мяжы амаль суткі, а памежнікі вінаваць у гэтым перагоншчыкаў і Мытны саюз.
Каб патрапіць у Беларусь, даводзіцца адстаяць амаль 30 гадзін на літоўска-беларускай мяжы. І такая затрымка, кажуць людзі з чаргі, адбываецца менавіта з-за маруднай працы беларускага боку. Менавіта такое меркаванне выказала Еўрарадыё кіроўца Даша, якая заняла чаргу з літоўскага боку ў нядзелю а 14-й гадзіне, а патрапіла на літоўскую мытню толькі а 9-й раніцы панядзелка.
Даша: “З 14-й гадзіны дня ўчорашняга стаялі і на мытню літоўскую патрапілі толькі поўгадзіны таму (размова адбывалася а 10-й раніцы ў панядзелак — Еўрарадыё). У чарзе кажуць, што гэта з-за дрэннай прапускной здольнасці. Але мне падаецца, што гэта ўсё з-за беларускага боку — яны там павольна афармляюць і таму з літоўскага боку не могуць хутчэй прапускаць машыны”.
Пакуль ішла размова, літоўскія мытнікі праверылі ў Дашы дакументы, а мытнікі — машыну. Уся працэдура заняла каля 10 хвілін. Але, па яе словах, нейтральную паласу ізноў займае чарга з машын, што едуць у Беларусь, а ззаду чарга яшчэ расцягнулася машын на 80.
Тое, што ў нядзелю сапраўды шмат машын імкнуліся патрапіць у Беларусь праз літоўскую мяжу, пацвердзіў Еўрарадыё і кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка. Па яго словах, на памежным пераходзе, дзе стаяла ў чарзе Даша, 14 гадзін у чарзе на ўезд у Беларусь было 140 машын. І нават праз шэсць гадзін сітуацыя не змянілася — у чарзе стаялі ўсё тыя ж 140 машын. Ствараюць жа чаргу, па яго словах, найперш перагоншчыкі.
Аляксандр Цішчанка: “Улічваючы, што зараз у нас знешняя мяжа Мытнага саюза і ідзе афармленне аўтамабіляў, хутчэй за ўсё, шмат аўтамабіляў спрабуюць увезці і гэта можа адбівацца (на ўзнікненне чэргаў — Еўрарадыё). Тым больш, што там шмат транспарту ў кантэйнерах ідзе з Амерыкі. У дадзеным выпадку толькі гэтым можна патлумачыць чэргі. Але гэта стандартная сітуацыя на апошні перыяд”.
І па яго словах выправіць сітуацыю простым павялічэннем колькасці супрацоўнікаў на памежных пераходах немагчыма.
Аляксандр Цішчанка: “Бясконца павялічваць колькасць зменаў на аўтамабільных пунктах пропуску не атрымаецца. Бо ёсць прапускная здольнасць пункта пропуску. Мы яе можам завышаць, але ж ёсць свае межы. А што тычыцца вялікага часам скаплення аўтамабіляў, то знешняя мяжа Мытнага саюза прадугледжвае і кантроль машын трэціх краін, афармленне часовага ўвоза і гэтак далей”...
Таму, кажа Цішчанка, пакуль трэба проста перачакаць, а пасля 1 ліпеня чэргі на межах найхутчэй значна паменеюць — гнаць машыны пасля павышэння мытных пошлін будзе не выгадна.
фота: bymedia.net