На дзень нараджэння Іллі Маліноўскага персанал “Графіці” склаў уласны бэнд

120611 Svjardlou Malina.mp3

У музычную рэдакцыю Еўрарадыё звычайных журналістаў не бяруць. Мы ўсе — вар’яты, якія паспяваюць не толькі пісаць пра музыку, але і… пісаць музыку і песні! Маша Калеснікава спявае фолк, Павел Свярдлоў часам прыгадвае бардаўскае мінулае (разам з ім яго прыгадваюць суседзі знізу), Міла Котка займаецца капаэйрай… А Ілля Маліноўскі дык і ўвогуле чалавек-аркестр. Сваё 29-годдзе спявак, вядоўца і, натуральна, журналіст Еўрарадыё адзначыў амаль сольным канцэртам у клубе “Графіці”.

 

Graffiti Friends Band

Амаль — бо сябры не пакінулі Іллю аднаго ля мікрафона. На дапамогу сабраўся цэлы бэнд… з супрацоўнікаў клуба “Графіці”! Сітуацыя для беларускага шоў-бізу цалкам нармалёвая: удзень — ля завадскога станка (ці ля барнай стойкі), увечары — на сцэне ў клубе… “А ты працуеш толькі ўзімку!” — жартуюць з кагосьці, каму месца ў Graffiti Friends Band не знайшлося.

 

Наталля Цвяткова

 

Цімафей Красуцкі

 

Аляксей Васілевіч (Васілевіч тут — не прозвішча, а імя па бацьку)

 

Вадзім Галіулін, "лепшы блюзавы гітарыст па версіі... Graffiti Friends Band"

 

Улад Цімафееў

— Калі я стаяў там, на ўваходзе ў клуб, мне заўжды было цікава: а з першага століка, адтуль, ад самых дзвярэй, музыкаў увогуле бачна? — цікавяцца са сцэны. Але адказу няма.

— Вас адтуль нават не чуваць! — жартуе нехта з гледачоў.

— Бачна… Калі тварам да вас стаяць! — адгукаецца, нарэшце, першы столік.

20120610 Malinouski_Reggey.mp3

Каб атрымаўся паўнавартасны канцэрт, Іллі давялося прыгадаць песні, напісаныя ў глыбокім дзяцінстве. “Я вельмі станоўча стаўлюся да яго песняў. І ўвогуле да творчасці стаўлюся станоўча. Я шаную рок-музыку, у адрозненне ад папсы. Папсу не люблю. Таму я, натуральна, быў за тое, каб Ілля гэтым займаўся, — кажа бацька Іллі Маліноўскага, які разам з жонкай таксама прыйшоў на канцэрт. — Ілля сам навучыўся граць на гітары. Ён самавук — так сама, як і я [бацька Іллі Маліноўскага грае на саксафоне. — Еўрарадыё.] Займаўся музыкай у школе, стварыў там ансамбль і выступаў там. Мы хадзілі на ўсе канцэрты, на якія толькі можна было… Мне вельмі падабаецца тое, што Ілля спявае”. Мараль зразумелая: не перашкаджайце дзецям займацца музыкай, калі яны адчуваюць імкненне да гэтага!

 

Бацькі Іллі Маліноўскага

Свае песні Ілля “адтачыў” дзясяткамі паходных вогнішчаў і рыцарскіх фэстаў. За пяць рэпетыцыяў у Graffiti Friends Band атрымалася раскласці гэта ўсё на некалькі гітараў і клавішы. Не тое, каб атрымалася бездакорна — але незадаволеных няма. Хаця Міхей Насарогаў з RockerJocker і прызнаецца, што часам не разумее, пра што вядзецца гаворка ў гэтых песнях:

“Муць нейкая. І ўвогуле, я яму не веру, — ківае Міхей на Іллю Маліноўскага. — Выходзіць сыты румяны парубак у кашулі, і пачынае нешта тужлівае спяваць: “Ууууууу!”

Міхей Насарогаў

 

Ілля Маліноўскі

Але надоўга “крытыка” не хапае:

“Ну, а цяпер хвалім, — працягвае Міхей. — Галасіна ў цябе, канешне… Трэба цябе як-небудзь выгадна ўладкаваць. Талент трэба ўмець прадаць…”

Адразу нараджаецца ідэя: Ілля мусіць напісаць гімны ўсім беларускім хакейным клубам, а заадно і біятланістам. Што праўда, пакуль што яго творчасць не такая ўрачыстая. Гэта бардаўская песня такая, як яна ёсць: гучная, вельмі шчырая, крыху неакуратная, а часам нават і хуліганская.

 

 


Ілля тым часам прызнаецца, што быць вядоўцам уласнага канцэрту вельмі складана. Маўляў, іншыя музыкі звычайна не ведаюць, як яго спыніць. А тут даводзіцца дбайна падбіраць кожнае слова… Прасцей за ўсё распавядаць гісторыі з жыцця:

Ілля Маліноўскі: “Быў такі час, калі мне давялося доўга пажыць за мяжой. Давялося шмат пажыць там… З аднаго боку, гэта быў класны перыяд, я добра зразумеў, хто мне сапраўды сябра, а хто проста так знаёмы. А з іншага боку, гэта было вельмі цяжка. Я, дзякаваць Богу, вярнуўся, і адсюль больш ніколі, ніколі не з’еду. Нават калі давядзецца жыць пры Колі!”

20120610 Malinouski_Zamezzha.mp3


Песні сканчаюцца, а публіка ўсё не адпускае… Тады Ілля скача на стойку “Графіці” і спявае “Knockin’ On The Heaven’s Door”.

Але сканчае канцэрт усё роўна сваёй песняй “Сонейка”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі