На волю нельга пісаць пра тое, як вязняў кормяць
А таксама пра адносіны з адміністрацыяй і называць прозвішчы сукамернікаў.
У сваіх лістах асуджаны на смерць Уладзіслаў Кавалёў піша выключна пра добрыя ўмовы ўтрымання, смачную ежу, пазітыўны настрой, дзякуе за перадачы і ўдакладняе розныя сямейныя дробязі. Ніводнай скаргі, нічога пра прысуд. Еўрарадыё распытала ў былых зняволеных, пра што можна, а пра што нельга пісаць у лістах на волю.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька знаходзіўся ў СІЗА КДБ з 20 снежня 2010 па 6 красавіка 2011 года. Пра што ні ў якім разе пісаць нельга, яму расказалі сукамернікі.
Анатоль Лябедзька: “Сукамернікі мне гаварылі, што нельга пісаць прозвішчы тых, хто знаходзіцца побач з табой Лябедзька: нельга пісаць прозвішчы тых, хто знаходзіцца побач з табой, нельга апісваць нейкія нюансы, якія датычаць рэжыму твайго знаходжання”.
Нейкай “памяткі” для зняволеных наконт забароненых тэм у камерах не было. Не давалі ніякіх тлумачэнняў і супрацоўнікі СІЗА. А таму і лёс большасці напісаных лістоў для зняволеных заставаўся невядомым.
Анатоль Лябедзька: “Мне вярнулі два лісты, там было падкрэслена чорнай асадкай, такой хвалістай лініяй, з-за чаго вярнулі назад”.
Лябедзька напісаў яшчэ адзін ліст — на імя Генпракурора Рыгора Васілевіча. Зняволены паскардзіўся на прыход да іх людзей у масках. У адказ Лябедзьку перавялі ў “асобы рэжым”.
Паводле слоў Уладзіміра Някляева, зразумеўшы, што спробы звязацца з воляй марныя, ён пачаў пісаць лісты ў сшытак, нікуды іх не адпраўляючы. У выніку, жонка паэта Вольга атрымала ад яго ўсяго адзін ліст з-за кратаў...
Уладзімір Някляеў: “... які я напісаў пасля размовы з начальнікам СІЗА, сказаўшы, што ў мяне няма неабходных для галення і каб за сабой даглядаць рэчаў. І ён сказаў: “Я даю на тое вам дазвол — напішыце. Асабіста пракантралюю, каб гэты ліст быў дасланы”. І тое, там нейкая фраза была пабытовая, не звязаная з галеннем непасрэдна, і сказалі яе выкрасліць і ліст перапісаць Някляеў:фраза была пабытовая, не звязаная з галеннем непасрэдна, і сказалі яе выкрасліць і ліст перапісаць”.
Прадказаць, што можа выклікаць незадаволенасць цэнзара, немагчыма. І часам, дадае Мікіта Ліхавід, цэнзар заварочвае ліст з-за фразы, якая ў мінулы раз праходзіла свабодна.
Мікіта Ліхавід: “Нават для людзей, якія даволі доўга знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, бывае сюрпрызам: што праходзіць цэнзуру, а што — не праходзіць. Нейкія пэўныя крытэры гэтага невядомыя. Ёсць негалосная правіла: тое, што адбываецца ўнутры калоніі , — застаецца ўнутры калоніі. Не трэба пісаць пра тое, як кормяць ці якія рэжымныя мерапрыемствы праходзяць Ліхавід: Не трэба пісаць пра тое, як кормяць ці якія рэжымныя мерапрыемствы праходзяць, пра адносіны з адміністрацыяй — гэтыя лісты не праходзяць на 100%. Але было, што ў людзей не праходзілі цэнзуру лісты на абсалютна адхіленыя тэмы”.
На волю Мікіта напісаў каля 200 лістоў. Дайшла палова. Лёс іншых яму невядомы — тыя, што не прайшлі цэнзуру, хлопцу не вярталі. І нават не тлумачылі, што выклікала незадаволенасць.
У Паўла Севярынца, які знаходзіцца на “хіміі”, цэнзара няма. Але ўсе лісты ад яго і яму нехта невядомы ўсё ж чытае — гэта заўважна па канвертах.
Правілы паводзінаў зняволенага, яго правы і абавязкі прапісаныя ў адмысловым “рэгламенце”. І ён, расказваюць Лябедзька і Някляеў, у іх камерах быў. Але не доўга — праз пэўны час іх прыбралі.
“Эксперт” у правах зняволеных Валерый Леванеўскі называе толькі дзве рэчы, якіх не павінна быць у лісце на волю. Усё астатняе — прыдзіркі і самаўпраўства цэнзара.
Валеры Леванеўскі: “Нельга пісаць нецэнзурнымі словамі і ўсё, што тычыцца рэжыма ўтрымання — як стаяць пабудовы, пра ахову і гэтак далей. Усё астатняе цэнзуры, калі разабрацца, не падлягае. Але на практыцы, асабліва, калі гэты тычыцца палітзняволеных і прэсінгу на іх, то лісты не выпускаюцца — ствараецца штучная ізаляцыя”.
Паводле яго словаў, цэнзар павінен тлумачыць усе свае заўвагі зняволенаму, і калі той не згодны, то можа аспрэчыць у адміністрацыйным парадку дзеянні цэнзара. Таму, сцвярджае Леванеўскі, цэнзары проста не рэгіструюць лісты зняволеных і тыя, якія не хочуць прапускаць, проста знішчаюць.
Фота: Змітра Лукашука, Еўрарадыё