Neuro Dubel: “Трыб’ют нам падабаецца ад пачатку і да канца”
Слухаючы свае песні ў выкананні сяброў, Кулінковіч радаваўся, як дзіця.
Neuro Dubel нарэшце прэзентуе трыб'ют, выхад якога планаваўся яшчэ да паўналецця калектыву, пяць гадоў таму. На канцэрце ў “Гудвіне” Аляксандр Кулінковіч называе падвойную пласцінку не іначай, як сваім дзіцём. Ён вельмі ўзрушаны і шчаслівы, хоць і прызнаецца, што хацеў бы адсвяткаваць гэтую падзею іншым чынам.
“Для таго, каб хоць неяк годна прэзентаваць, хацелася хаця б такой сцэны, як у “Рэактары”. Клуба, дзе цяпер праходзіць прэзентацыя, вельмі мала… Але мы доўга чакалі, пакуль надыдзе адліга і будуць адмененыя гэтыя чорныя спісы, і так і не дачакаліся”.
Праз невялікае памяшканне і немагчымасць зладзіць буйны шматгадзінны канцэрт, на прэзентацыі граюць толькі “Палац”, The UNB, Blagi Mat, ZM99, IQ48 ды “Йо-Йо”.
“Пяць гадоў таму, калі мы выбралі песню, дык кіраваліся прынцыпам, каб яна была панкаўскай і яе было магчыма змяніць да непазнавальнасц,і — узгадвае пра рашэнне ўзяць удзел у трыб’юце фронвумэн ZM99 Зоя Сахнчык. — Але пры гэтым баяліся, каб не перакрочыць мяжу, калі арыгінал ужо папросту каверкаецца. Мы стараліся, каб Сашы спадабалася, і яму, нібыта, спадабалася”.
Безумоўна, спадабалася, бо падчас выканання музыкамі ZM99 песні “Время распрощаться” Кулінковіч не вытрымлівае і выбягае на сцэну спяваць разам з Зояй. Калі іншыя выступоўцы выконваюць каверы на “Дзюбель”, Саша актыўнічае, дзеліцца ўражаннямі ад новых аранжыровак з людзьмі навокал, усміхаецца, апладзіруе…
“Я лічу што атрымаўся проста выбітны трыб’ют, — каментуе другі вакаліст Neuro Dubel Юрый Навумаў. — Тыя ж “Йо-Йо”, тыя ж IQ48, :B:N:, мне чамусьці вельмі падабаецца Міхей Насарогаў, я проста дурэю ад гэтага кавера, афігенныя The UNB… я не ведаю, тут можна пералічваць і пералічваць. Гэты альбом мне падабаецца ад пачатку і да канца”.
Адзінае, што псуе агульны святочны настрой — гук. Мікрафонаў не чуваць амаль увесь час, асабліва, калі на сцэну выходзяць “Йо-Йо”. Віктар Гурын проста знікае! Добра, што падчас выканання “Гуси-лебеди” натоўп падхоплівае тэкст і адчуванне, што ты на канцэрце інструментальнай музыкі, знікае.
На сцэне з’яўляецца Neuro Dubel, і другі паверх клуба перацякае ўніз. Людзі пад сцэнай ледзь трымаюцца на нагах, бо з усіх бакоў іх падпіраюць іншыя. Скачуць яны хваляй, бо іначай не атрымліваецца. Ужо на першай песні Юра Навумаў нечакана, без папярэджання разганяецца і скокае са сцэны ў натоўп, яго праносяць па невялічкім танцполе і вяртаюць да мікрафона.
Дзве гадзіны адрыву, слэму, спеваў, старыя хіты, апошні альбом, зноў старыя хіты… карацей, як і заўсёды на канцэртах Neuro Dubel. Разыходзяцца ўсе з задавальненнем, не зважаючы, нават, на нерэальна доўгую чаргу за курткамі. Адзінае пытанне: калі ўжо Палац спорту ці проста вялікі клуб, і калі нарэшце пасля канцэрту Neuro Dubel не трэба будзе выветрываць ўсю вопратку да шкарпэтак і майтак ад моцнага паху тытуню?
Фота: budzma.org