Nickelback залілі беларусаў півам з пластыкавых шклянак (фота, відэа)
Сусветна вядомыя канадцы прыехалі ў Мінск-Арэну акурат на Хэлоўін, але канцэрт атрымаўся мілым, рамантычным і роўным.
Прайсціся па мінскіх вуліцах пасля 19-й гадзіны 31-га кастрычніка — задача не для нервовых. Паўсюль тусуюцца маладыя ведзьмакі ды вядзьмаркі, вампіры, чэрці ды нейкія белатварыя пачвары з чырвонымі плямамі на вопратцы. Але гэты жах можна перажыць, калі едзеш на канцэрт сусветна вядомай зоркі.
Тым больш, на прыступках Мінск-Арэны ў гэты змрочны вечар выключна звычайныя людзі, нячысцікаў, відаць, адганяе "пазітыўная" энергетыка будынку ды хамаватыя і нахабныя АМАПаўцы. Яны распранаюць, мацаюць, заглядаюць у самыя цёмныя куткі заплечніка і оп! — да Nickelback застаюцца калідор, хакейнае поле ды хвілін сорак выступу Рамана "Troy Harley" Архіпава.
"Чакалі горшага, але паступова ўцягнуліся і нам спадабалася, — каментуюць маладыя, класічна апранутыя хлопцы выступ "фабрыканта" пакуль тэхнікі Nickelback мяняюць барабанную ўстаноўку ды рыхтуюць сцэну да шоў. — Нам спадабалася! Яны так нармальна раскаўбасілі, музыка ў іх добрая!"
Выхаду канадцаў Мінск-Арэне давялося чакаць яшчэ хвілін 30, якія запаўняліся хітамі AC/DC, Metalica, ZZ Top, Guns'n'Roses ды іншых зорак, відаць, хатняй падборкай гукачоў!) Шоў, якое Nickelback пракацілі па свеце ў межах Here And Now Tour, літаральна нашпігаванае піратэхнікай. Вельмі хацелася ўбачыць нажыва гэтае спалучэнне агню, бабахаў ды музыкі, аднак... Браты Кругеры ды кампанія прыгожа з'явіліся з цемры але са спецэфектаў было толькі святло ды вялізныя маніторы з праекцыяй публікі і музыкаў.
"Піратэхнікі не было і на канцэрце ў Расіі, — каментуюць арганізатары. — Гэта не таму, што эканомяць, ці штосьці іншае, там, відаць, тэхнічныя нейкія пытанні".
Тым не менш адпрацавалі музыкі на ўсе сто! Круты прафесійны выступ, абсалютны драйв, толькі хіты, харавыя спевы ды паўсюдны жаночы віск, такі, што ажно вушы пачынаюць балець.
"Няма словаў ані пра шоў, ані пра тое, як людзі працуюць на сцэне, гэта адпрацаваная машына, якая закліканая дарыць людзям радасць! — каментуе выступ канадцаў музыка ды шоўмэн Аляксандр Паідораў. — Увогуле, Nickelback гэта вельмі цікавая з'ява. Гэта такая металічная, хард-рокавая папса, якую нармальна пражуюць і маладыя людзі, і нават людзі больш сталага веку. Я бачыў у зале людзей, якім за 50-60, і яны нармальна ўспрымалі, бо гэта нікому не рэжа вуха".
Аляксандр назваў Nickelback "Scorpions — частка трэцяя, больш удалая" і з гэтым складана не пагадзіцца, вось толькі "медлякі" ў немцаў пакуль атрымліваюцца лепш. Дарэчы, беларуская музычная тусоўка на канцэрце была багата прадстаўленая: IQ48, The Toobes, J:Mopc, Георгий Калдун, Віталік Маліноўскі і шмат-шмат яшчэ. І ў кожнага рознае стаўленне да творчасці гурта ды ўбачанага шоў.
"Мне здаецца, што гэта музыка для такіх, як я, для майго ўзросту, і што тут робіць гэтая моладзь мне не зразумела, — з усмешкай абураецца лідар "Палац" Алег Хаменка, ў якога ў машыне ўжо даўно ляжаць два альбомы Nickelback. — Рамантыка з драйвам, шалёная радасць... гэта ж толькі для такіх як мы, навошта гэта моладзі!? Няхай яны хіп-хоп слухаюць, ці гэты дабсэп. А Nickelback — гэта для тых, хто слухаў Озі Озбарна ды Iron Maden, гэта ж такі Озі Озбарн ды Iron Maden толькі праз шмат гадоў".
У Алега відавочна добры настрой, заўважна, што ён чакаў гэтага канцэрта. Назваўшы творчасць канадцаў сапраўдным фолк-мадэрнам лідар "Палацу" рушыў шукаць курылку.
За першыя паўгадзіны Nickelback выканалі амаль усе свае асноўныя хіты. Вось толькі падчас “Rockstar” я так і не здолеў зразумець, чый мужчынскі нізкі голас агучвае каментарыі "How you gonna do it", "Yeah", "Oh" і г.д. бо ніводзін з музыкаў да мікрафонаў у гэты час не падыходзіў. Але ці магло гэта перашкодзіць адрыву тысяч сапраўдных фанатаў.
"Супер, куча эмоцый, трошкі, натуральна, аглухлі, але яно таго каштавала", — кажуць дзве прывабныя дзяўчыны, а вось хлопцам гуку, можа, і мала было. — Добры канцэрт, гэтага і чакалі, не падкачалі музыкі, а па гуку ўсё было на ўзроўні, якасна, ўсё спадабалася".
У прынцыпе, іншых адказаў быць і не магло — шоў было настолькі роўным і адпрацаваным, што самым яскравым і запамінальным момантам стала выкідванне пластыкавых шклянак з півам у залу.
Птушка стаіць, больш на Nickelback не пайду... На Хэлаўін... лепш размалююся і пайду тусіць па кабаках.