Ніно Катамадзэ адыграла першы open-air у Мінску
Ды запрасіла беларусаў сустрэць разам Новы год.
"Я сёння пабуду хуліганкай, добра? Так холадна, не да сукенак! — дзівіцца нечаканаму беларускаму холаду і восеньскай тэмпературы грузінская спявачка Ніно Катамадзэ. — Усё, што было з сабою, усё на сябе апранула! Але шкарпэткі былі не ў тон, давялося зняць! Таму я сёння буду аранжава-зялёна-сіняя!"
Ніно Катамадзэ ўпершыню адыграла канцэрт на адкрытай пляцоўцы ў Мінску. А таксама наведала нашу сталіцу другі раз за год. Літаральна вясной спявачка прэзентавала ў Палацы рэспублікі сваю апошнюю пласцінку "Green". А цяпер Ніно прыехала ў Мінск проста так, адразу з юбілейнага фестывалю "Коктебель Джаз".
"Рознакаляровая", як і яе альбомы (ўсе свае пласцінкі спявачка называе рознымі колерамі – "Blu", "Black", "White", "Red","Green" — заўв.рэдакцыі) Ніно Катамадзэ хуценька "разагрэла" атмасферу перад сцэнай, увесь час паўтарала па-беларуску словы "кахаю" і "дзякую", спускалася да гледачоў, абдымалася з прыхільнікамі ды традыцыйна спявала разам з імі.
"Я вас добра адчувала нават калі было -15. Таму, нягледзячы на холад, сёння ў нас будзе асаблівы канцэрт!" — запэўнівае Ніно.
Своеасаблівасць праграмы ў "Робінсан-клубе" вызначалася не толькі рамантычнай пляцоўкай на беразе Мінскага мора, а перш за ўсё складам музыкаў. Для выступу ў Мінску Ніно Катамадзэ запрасіла шыкоўны ансамбль "Новая класіка" і адыграла бадай што акустычную праграму.Такім складам Ніно выступае вельмі рэдка, таму, “нам з табою пашчасціла”— жартуе сама спявачка і тут жа папярэджвае: “Але ўсе будзе экспромтам, у нас нават праграмы няма напісанай! Суцэльная імправізацыя!”
"Ведаеце, пра што я падумала – неўзабаве кажа Ніно – на Новы год я звычайна сплю. Але з задавальненнем сустрэла б яго з вамі! Без жартаў!"
Гледачы ўдзячна загулі ў адказ і так доўга апладзіравалі грузінскай дзіве, што тая зноў вярнулася на сцэну і выканала на біс некалькі песень, жартуючы, што беларусам нават такім надвор’ем дадому не хочацца.
"Каб у вас заўжды душа была напоўненая любоўю!"— прыціскаючы далоні да сэрца кажа Ніно на развітанне і дадае па-грузінску. – "Міквархар дзаліан" — вельмі вас люблю!"
Ці атрымаецца ў Ніно Катамадзэ сустрэць канцэртам у Мінску Новы год, даведаемся з часам. Пакуль жа спявачка плануе пачаць працу над запісам новай пласцінкі і абяцае беларусам, што яны пачуюць яе аднымі з першых.