Журналістка перадала сваю дзяржаўную прэмію палітвязню
Жанна Сідарук распавядае пра матывы свайго ўчынку і пра тое, ці не збаялася яна пакрыўдзіць прэміядаўцу.
Журналістка "Брэсцкай газеты" сябра БАЖ Жанна Сідарук сваю прэмію за актыўную журналісцкую пазіцыю, атрыманую ад старшыні аблвыкалкама Брэста Канстанціна Сумара, перадала актывісту Івану Стасюку, які быў у зняволенні 10 дзён.
Еўрарадыё: Ці не баіцеся, што старшыня аблвыканкаму пакрыўдзіцца на вас?
Сідарук: “Я спадзяюся, што Канстанцін Андрэевіч на мяне не пакрыўдзіцца, ён жа гэтую прэмію ўручыў за актыўную журналісцкую пазіцыю, таму я ўпэўненая, што ён ведае каму і за што ён яе даў. Гэта па-першае. Па-другое, я лічу, што дыплом, які мне ўручылі разам з прэміяй, застанецца ў мяне і мне будзе прыемна, што ў мяне ёсць такі дыплом, ён будзе нагадваць пра гэты час. А грошы, я лічу, што яны больш патрэбныя тым людзям, якія патрапілі ў цяжкую сітуацыю – затрыманне і гэтак далей. Тым больш, што я лічу гэтыя затрыманні не вельмі карэктнымі, лепш бы іх не было”.
Еўрарадыё: У сераду Берасце пабіла ўсе рэкорды, было затрымана каля ста чалавек, зараз канвеерам праходзяць судовыя працэсы. Ці да вас у рэдакцыю прыходзілі людзі па дапамогу ці кансультацыю, ці хацелі распавесці пра затрыманні?
Сідарук: “Так, мы вялі наўпрост з месца падзеяў анлайн-рэпартаж, мой калега Станіслаў Коршунаў прысутнічаў там, а я ў рэдакцыі рабіла тэхнічныя справы. Але напярэдадні анлайн-рэпартажу мы прапанавалі ўсім, хто сутыкнецца з затрыманнямі ці якімі-небудзь праблемамі падчас гэтай несанкцыянаванай акцыі маўклівага пратэсту, тэлефанаваць да нас у рэдакцыю ці звяртацца да нас праз сацыяльныя сеткі. І вось дзякуючы гэтай прапанове мы даведаліся, што праходзяць затрыманні, адзін з нашых чытачоў вёў такую твітэр-трансляцыю наўпрост з РАУС. На маю думку, не заўсёды карэктна паводзілі сябе праваахоўнікі і ў гэтую сераду і падчас папярэдніх маўклівых акцыяў”.
Еўрарадыё: Ці звярталіся ў вашу газету чытачы, гараджане з прапановай паўтарыць ваш учынак і збіраць грошы на штрафы?
Сідарук: “Я яшчэ не чула такіх прапановаў. Я размясціла гэты запіс, гэта нават не артыкул у газэце, а толькі запіс у livejournal, але я вельмі хачу спадзявацца, што мой учынак – я не лічу яго геройскім - але што ён паўплывае на маіх суайчыннікаў, што людзі будуць дбаць адзін пра аднаго ў гэты цяжкі час, гэта вельмі складаны час, крызісны не толькі эканамічна, але і для ментальнасці нашага народу, што яны стануць на бок святла і дабра ў гэтай сітуацыі, на бок справядлівасці. Мне б гэтага вельмі хацелася. Ну я думаю, што такім учынкам я іх падбадзёру трошачкі”.
Еўрарадыё: Вы гэтую прэмію атрымалі праз месяц пасля таго як яна была прысуджаная. І на гэты месяц акурат прыйшоўся скачок крызісу. Што на гэтую прэмію сёння можна купіць у Беларусі ?
Сідарук: “Каля я яе атрымала 12 траўня, я падумала, што кніжную шафу куплю. Але гэтыя грошы я атрымала не адразу, ніхто так дакладна не тлумачыў, чаму праз месяц толькі я атрымала гэтыя грошы, але ў перыяд дэвальвацыі гэта дзіўна для мяне выглядала. Зараз не ведаю, на што гэтых грошай хопіць – 10 базавых велічынь – ну напэўна два тыдні максімум можна на іх пратрымацца. Мама Івана Стасюка распавяла мне, што ёй не дазвалялі перадаць перадачу ў ізалятар свайму сыну, пакуль яна не аплоціць падатак, збор за ўтрыманне яе сына ў гэтым ізалятары. Для мяне гэта такое дзікунства, я першы раз пра гэта чула. І таму спадзяюся, што гэтыя грошы спатрэбяцца і зараз”.
P.S. Падчас падрыхтоўкі матэрыялу выявілася, што Івана Стасюка зноў затрымалі, жорстка і без пэўных падставаў. Брэскія правабаронцы мяркуюць, што гэта прэвентыўны захоп актывіста перад 3 ліпеня.