Някляеў адмовіўся напісаць заканчэнне для “Каласоў пад сярпом тваім”
Але рухі “За свабоду” і “Гавары праўду!” здымуць фільм “Кастусь” пра паўстанне 1863 года і хочуць, каб імя Каліноўскага насілі вуліцы ў Маскве і Пецярбургу.
120622 Luka6uk Kalinouski_0.mp3
Апроч таго, цягам года прапаноўваецца правесці навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя паўстанню 1863 года, выдаць архіўныя успаміны ўдзельнікаў паўстання, добраўпарадкаваць могілкі яго ўдзельнікаў ды іншае. Усё таму, тлумачыць Аляксандр Мілінкевіч, што тэма паўстання Кастуся Каліноўскага сёння надзвычай надзённая.
Аляксандр Мілінкевіч: “Усё, за што яны змагаліся, актуальна і сёння, усё тое ж самае. Нам не хапае свабоды, пад вялікай пагрозай незалежнасць. Прайшло так шмат часу, а для беларусаў па-ранейшаму ідзе змаганне за выжыванне нацыі, за выжыванне дзяржавы”.
Год Каліноўскага, дадае Уладзімір Някляеў, найперш прызначаны для моладзі, якой даводзяць зусім іншы вобраз кіраўніка паўстання 1863 года — не як героя Беларусі.
Уладзімір Някляеў: “Першае, што цэментуе нацыю, — разуменне таго, што ёсць на што і на каго абаперціся. А ў нас ізноў пачалося што? Злеплены гісторык найноўшы лукашэнкаўскі напісаў пра тое, што Каліноўскі ніякі не беларус — раз, ніякі не герой — два. Мала таго, гэтая брыдота была распаўсюджаная як пазакласная чытанка па школах, і старшакласнікаў амаль ва ўсіх школах змусілі пісаць сачыненні ў кантэксце той думкі, якая была выказаная гэтым нібыта гісторыкам”.
Нацыя, сцвярджае паэт-палітык, не можа адчуваць сябе паўнавартаснай, калі няма прызнаных нацыянальных герояў.
Як даведалася Еўрарадыё, падрыхтаваны зварот да Савета Міністраў і Нацыянальнага схода Беларусі, а таксама Урадаў і Сеймаў Польшчы і Літвы з прапановай адзначэння даты паўстання на высокім урадавым узроўні. Далей будуць звяртацца ва ўсе выканкамы з просьбай надаць імя Каліноўскага адной з вуліц у кожным раёне, у кожным горадзе. Нават да кіраўніцтва Масквы і Пецярбурга звернуцца з такой просьбай. Калі не назваць вуліцу ў гонар героя, што там навучаўся, то хоць шыльды ў адпаведных месцах павесіць.
Ужо не проста ідэя, але і сцэнар гатовы дакументальнага фільма “Кастусь”. Хто яго пісаў і хто рэжысёр, Уладзімір Некляеў не кажа. Дакладна не ён. Затое Некляеву прапаноўвалі напісаць заканчэнне для “Каласоў пад сярпом тваім”. Адмовіўся.
Палітыкі шчыра прызнаюцца: нічога не застаецца, як ізноў заклікаць Кастуся на змаганне за Беларусь.
Уладзімір Някляеў: “Пры дэбеларусізацыі відавочнай мы павінны скарыстаць усё для таго, каб гэты працэс запаволіць, спыніць і павярнуць яго назад”.
Падтрымлівае калегу і Аляксандр Мілінкевіч.
Аляксандр Мілінкевіч: “Вяртанне такіх постацяў, асабліва для маладога пакалення, — наш вялікі абавязак. Старэйшае пакаленне, сярэдняе больш-менш ведаюць сваю гісторыю — тыя, хто хацелі ведаць. А зараз час вельмі складаны — канфармісты растуць”.
Цягнуцца год Каліноўскага будзе ад восені 2012 і ўвесь 2013 год. Да ўсяго, палітыкі выказалі спадзяванне, што постаць Каліноўскага не толькі ўзварушыць беларусаў, але і паспрыяе яднанню апазіцыі. Магчыма, яму гэта і ўдасца.
Фота: Змітра Лукашука