Падатковыя: У нас ёсць базы мытнікаў і натарыяльных кантор

Летась 3 тысячам 200 беларусам, якія трацілі больш, чым зараблялі, за розніцу давялося заплаціць падатак — звыш  7 мільярдаў рублёў. У сярэднім 250 долараў.

"Па кожным выпадку супастаўляецца кошт пакупкі і заробак чалавека", — распавядаюць падатковыя інспектары. Напрыклад, чалавек набывае нешта каштоўнае, а заробак малы.

Што трэба набыць, каб на цябе звярнулі ўвагу?

"Вам ніхто не раскажа, бо гэта падатковая таямніца. Вы запытайце ў КДБ, як яны выведнікаў знайшлі", — адказваюць у падатковай Брэсцкага раёна. Тут падатковая праверыла 83 чалавекі — 27 з іх былі вымушаныя заплаціць 36,5 мільёна рублёў падаткаў. У адных выдаткі перавышалі прыбыткі, на іншых запыт даслалі праваахоўнікі.

Напрыклад, асоба Д. рэгулярна ездзіла за мяжу. Праверылі прыбыткі і выдаткі — працы няма, а расходы ёсць. Заплаціць давялося 4,3 мільёна рублёў. Правяраюць у падатковай нават выдаткі на мабільную сувязь!

Спрабую набыць гадзіннік за 5 тысяч долараў у мінскай краме, пашпарт не патрабуюць, ніякіх іншых асабістых дадзеных таксама. За такое пад увагу падатковай не патрапіш.

"У нас ёсць базы. Базы мытнага ўвозу аўто. Могуць з-за мяжы нешта везці, здзелкі, якія праходзяць у нашых натарыяльных канторах таксама", — у баранавіцкай падатковай распавядаюць, адкуль чэрпаюць інфармацыю.

Вы ўвезлі дарагі тэлевізар ці машыну з-за мяжы, задэкларавалі яе — гэта з'яўляецца ў базе. Калі вашага заробку не хопіць на пакупку, давядзецца тлумачыць, адкуль грошы.

"Бярэцца перыяд, які вы самі пазначаеце, — год, два ці дзесяць. За гэты перыяд падлічваюцца вашы афіцыйныя прыбыткі", — тлумачаць у падатковай інспекцыі Маскоўскага раёна Брэста — абсалютны лідар па рэспубліцы, дарэчы.

То бок, чалавек сам указвае, колькі часу збіраў на аўто, а падатковая лічыць, ці змог бы ён за гэты перыяд столькі назбіраць.

"Дарагое аўто ці не — не важна. Чалавек можа набыць машыну за 10 тысяч долараў і нідзе не працаваць. Ён падатку заплаціць больш за таго, у каго машына ў 100 разоў даражэйшая, але ён працуе і яму мізар не хапіла".

Правяраюць нават тых, каму не хапіла трошкі! У сярэднім па краіне людзі даплачвалі падатку ў 2 мільёны.

Яшчэ адзін прыклад Брэста: жанчына набывала кватэры і машыны, але нідзе год не працавала — заплаціла 16,2 мільёна падаткаў! Другі задэклараваў прыбытак ад працы за мяжой за 6 гадоў!

Не дзіўна, чаму ў лідарах Гродзенская і Брэсцкая вобласці…

Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі