Пікнік.by — свята людзей з "правільнымі ўнутранымі ўстаноўкамі"
Ну вось, уласна, наш рэпартаж з месца падзеяў і другая частка фота.
У Шаблях адгрымеў доўгачаканы “Пікнік.by”, зладжаны пабам “Графіці”, парталам Tuzin.fm і іншымі добрымі людзьмі. Музыкам было дзе развярнуцца – дзве сцэны часам перагукаліся і перакрыквалі адна адну, але на гэта ніхто не звяртаў увагі. Усе прыехалі ў Шаблі проста разняволіцца, удыхнуць вольнага паветра і сустрэць аднадумцаў, ці, як кажа мастачка Ніка Сандрас, людзей з"правільнымі ўнутранымі ўстаноўкамі".
Ніка Сандрас: “Падабаецца колькасць знаёмых людзей, тое, што на такіх мерапрыемствах мы развіртуальваемся. То бок, цэлы год жывём віртуальным жыццём, прыязджаем сюды, і сустракаем адзін аднаго. І я казала сябрам сёння, што агульная атмасфера, якая адрозніваецца ад гарадскіх святаў, што гэта свята для людзей з пэўнай унутранай наладкай. Вось яны ўсе тут ходзяць, свецяцца і нават п’яныя – сімпатычныя”.
Хоць музыкаў і артыстаў на “Пікнік” панаехала, кажуць, ажно 300 чалавек, музыка, аднак, служыла недзе фонам для свята пазітыву і ўсмешак. І некаму гэтае свята падавалася настолькі родным, што рабілася ажно няёмка.
“Радуе, мабыць, надвор’е і атмасфера. Яна тут такая вельмі хатняя, я б сказала. Усё нейкае такое роднае, і таму мне тут няёмка”, - дзеліцца ўражаннямі спявачка Паліна Рэспубліка.
Вядучыя фэсту Каця Пытлева і Ілля Маліноўскі
Увогуле, кожны прысутны мог знайсці на “Пікніку” нешта сваё – ідэя арганізатараў была рэалізаваная практычна на ўсе 100! Хочаш – займіся ёгай, а хочаш – капаэйрай. Хочаш – паеш ці купі сабе індыйскую коўдру ручной працы. Хочаш – паскачы на цюках з сенам, а хочаш – пакупайся ў рацэ ці пасядзі ў збудаваных над ёй хатках. Кажа гаспадыня “Шерстяного шкафа” і музыка Аня Шапашнікава:
“Мяне радуюць дзве рэчы. Першае: мне вельмі-вельмі моцна спадабалася рака. Тыя падмосткі, якія зробленыя на рацэ, тыя бегемоцікі, якія плаваюць – яны проста чароўныя, і ствараюць адчуванне лета. Другое: мне вельмі падабаецца, што ўсе людзі вельмі розныя і людзей вельмі шмат. Дзве сцэны, і кожны можа цыркуляваць паміж імі і таксама назіраць, што ёсць вакол, і для сябе знаходзіць менавіта тое, што яму блізка”.
Гаротніца
Касіяпея
А яшчэ парадаваў вялікі экран пад адкрытым небам і заўзятары, якія прыліплі да экрану падчас фіналу Еўра-2012: так інтэлігентна хварэлі “пікнікоўцы”! І наш еўрарадыйны шацёр таксама карыстаўся папулярнасцю. Слава "Тэсту на беларускасць" прайшлася па ўсім “Пікніку”.
Удзельніцы гурта Гуда праходзяць "Тэст на беларускасць"
А гэта Рома Жыгараў з Akute раздае аўтографы ў нашым шатры
“Спадабалася першая песня. Якую я пачула на ўваходзе – “Кролік у маёй галаве” – гэта абяцала быць цікавым. Яшчэ спадабаўся тэст на беларускасць у намёце Еўрарадыё. Усе вельмі ветлівыя, разняволеныя, добрыя, надвор’е выдатнае, ежа даволі смачная, аднак - мала”, - смяецца прыгожая дзяўчына.
Лёня Паўлёнак
Увогуле, “Пікнік.by” даў добры старт летнім фэстам у Шаблях. Гэта быў акурат той варыянт, калі не даводзіцца корпацца ў нюансах і вышукваць хібы, а можна проста радавацца таму, што адбываецца, людзям, прыродзе і музыцы. Шаноўныя арганізатары! Перадаем вам просьбу ад наведвальнікаў:
“Непаўторная атмасфера дзякуючы “Графіці”. Я лічу, што ім трэба працягваць гэты праект абавязкова. Добрая ідэя, зрабіць такі ж праект для завяршэння лета, і ў наступным годзе абавязкова паўтарыць. Музыкі падабраныя слушна, так што абавязкова працягвайце!
Pomidor/off
Botanic Projekt
Спадзяемся, поспех фэста натхніць арганізатараў на яшчэ адзін беларускі фэст гэтым летам. А пакуль Шаблі рыхтуюцца прыняць шаманаў 14 ліпеня і “Вольнае паветра” у апошнія выхадныя лета.
Naka
Разбітае Сэрца Пацана
HandmadE
Мясцовы клуб
РСП перадалі прывітанне Паўлу Свярдлову і прысвяцілі яму песню. Вось яна:
Серебряная Свадьба