Прысуд Статкевічу і Усу абвесцяць 26 траўня
Суддзя Людміла Грачова нарэшце выйшла з бальнічнага на працу. Ус мяркуе, што пра апраўдальны прысуд няма гаворкі.
Прысуд экс-кандыдатам у прэзідэнты Мікалаю Статкевічу і Дзмітрыю Усу ды іншым удзельнікам Плошчы абвесцяць 26 траўня а 14-й гадзіне ў судзе Ленінскага раёна Мінска. Як расказаў Еўрарадыё Дзмітрый Ус, пра гэта яму раніцай 25 траўня паведаміла па тэлефоне сакратарка суда.
Па словах экс-кандыдата, прысуд абвесціць суддзя Людміла Грачова, якая нарэшце выйшла з бальнічнага на працу. І на апраўдальны прысуд Дзмітрый Ус не спадзяецца.
Дзмітрый Ус: “Сказала да 2-х гадзінаў быць — будзе прысуд. Улада напалоханая, што людзям пачынаеш раскрываць вочы на тое, што адбываецца с выбарчай сістэмай у нас, што людзі не галасуюць, а з’яўляюцца статыстамі. Таму ўлада будзе запалохваць людзей, якія гэта пытанне ўздымаюць. Таму я мяркую, што пра нейкі апраўдальны прысуд нават гаворкі быць не можа”.
Таму на абвяшчэнне прысуда экс-кандыдат у прэзідэнты, як і ў пятніцу, прыйдзе з рэчамі, падрыхтаванымі загадзя для этапавання да месцаў адбыцця пакарання. І пералічыў, што возме з сабой.
Дзмітрый Ус: “Склаў трыко, майкі, шкарпэткі, ніжнюю бялізну. Што там яшчэ... Швэдар цёплы”.
Па словах Уса, ён маральна падрыхтаваў сям’ю да таго, што давядзецца развітацца з ім на некалькі гадоў. Але не ўпэўнены, што пачуўшы прысуд, блізкім хопіць вытрымкі.
Нагадаем, што вынясенне прысуду па справе Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Уса, Андрэя Пазняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова і Дзмітрыя Буланава было прызначана на 20 траўня. Але з-за раптоўнай хваробы суддзі, пра якую стала вядома літаральна за паўгадзіны да прызначанага судовага пасяджэння, абвяшчэнне прысуда перанесена на нявызначаны тэрмін.