Рок-клубы нашага юнацтва. Што на іх месцах цяпер? (фота)

Рок-клубы нашага дзяцінства: “Аддис Абеба”, “Рэзервацыя”, “Три поросёнка” (“Четыре апельсина”), “База”.

Пасля закрыцця “Рэзервацыі” яе дырэктар Юры Баброўскі 4 гады шукае памяшканне і сродкі, каб адкрыць новы клуб. У сталоўцы пры станкабудаўнічым заводзе на вуліцы Кастрычніцкай, 17 пустуюць дзве залы, там каманда “Рэзервацыі” і пачынае ствараць канцэртную пляцоўку. Рамонт у памяшканні робіцца сваімі рукамі:

Юры Баброўскі: “Праз дарогу разбіралі басейн спарткомплекса БДУ. Я дамовіўся з рабочымі, каб яны іржавыя трубы не на сметнік адвозілі, а да мяне. Таму NC і быў увесь у трубах, вентылях, жалезе…”

Так калісьці выглядаў NC

NC адкрываецца ў верасні 2002 года. Але ўжо праз 2 гады клуб, што называецца, “папрасілі”: у новага дырэктара завода іншыя планы на памяшканне… Усё “начынне” NC дагэтуль захоўваецца, кажа Юры Баброўскі, але да таго, каб аднавіць клуб у іншым месцы, рукі пакуль не даходзяць.

Памяшканне клуба некалькі гадоў стаяла зачыненым. Цяпер там знаходзіцца сумеснае беларуска-японскае прадпрыемства “Lazers-Optics-Tecnology-Sistems”. Унутры ўсё перароблена, суровая ахова не дазваляе прайсці без пропуска.

Такі прыгожы NC сёння, але далей за прахадную не пускаюць: "Там лазеры таямніца!"

Іншае культавае месца тых часоў — “Парк-клуб “Мінск” — цяпер нагадвае дэкарацыі “Сталкера”. У пачатку 2000-х у клубе, што мяжуе з летняй пляцоўкай у Парку Чалюскінцаў, праходзяць канцэрты Massa Brutto, серыя імпрэз кампаніі “Выбірай”, канцэрты чэшскіх рок-піянераў "MCH Band", "Uz jsme doma". І безліч выступаў зорак беларускага рока. У жніўні 2011 клуб і летнюю пляцоўку перадаюць кіпрскім інвестарам — кампаніі “Fairytale Holdings Limited”, якая абяцае стварыць сучасны забаўляльны цэнтр. На месцы летняй пляцоўкі ўлетку 2012-га працуе шумная дыскатэка, якая ўначы замінае спаць жыхарам суседніх дамоў. На гэтым інвестыцыі спыняюцца.

З-за снегу падыйсці да варотаў немагчыма

Канцэрт Massa Brutto ў "Парк-клуб "Мінск"

З тых часоў унутры нічога не змянілася, хіба падгніло

У 2013-м парк-клуб глядзіць на свет разбітымі вокнамі, унутры гніе светлавое абсталяванне, сцены распісаныя класічнымі “раённымі” жартамі, а праз метровы слой снегу немагчыма нават падысці да дзвярэй.

Дзіўная метамарфоза адбылася з клубам “Акварыюм”. Клубны інтэр’ер захаваўся, але шыльда над уваходам змянілася на “Анталия”. Побач з дзвярыма вырасла летняя кавярня ды з’явілася акенца фаст-фуду. Галодны наведвальнік клуба можа выйсці на вуліцу, замовіць кебаб і вярнуцца з ім на танцы. Персанал клуба амаль не разумее ні па-руску, ні, тым больш, па-беларуску.

Назва змянілася, але "акварыюмныя" рыбкі на сценах засталіся ды змяшчэнне сталоў ды сцэны старое

“Недзе ў годзе 1983-м мы туды пераехалі з мінскім клубам аматараў джазу, — узгадвае часы, калі “Акварыюм” яшчэ быў клубам завода імя Леніна, журналіст Зміцер Падбярэзскі. — Да канца 1980-х мы штотыдзень сустракаліся і ладзілі канцэрты. Прыязджалі да нас зоркі савецкага джазу, уключна з Леанідам Чыжыкам і Вячаславам Ганеліным. Натуральна, выступалі і мясцовыя калектывы. На гэтай сцэне дэбютаваў джазавы квартэт вядомага сёння гітарыста Сяргея Анцішына. Аднойчы ў нас атрымалася пры дазволе КДБ прывезці туды выдатнага брытанскага трубача Кені Бола на джэм-сэйшн з нашымі музыкамі. Пазней выйшаў артыкул у газеце Moscow News, дзе ён назваў гэты джэм самым яскравым уражаннем ад наведвання Савецкага саюза”.

У 2000-я ў “Акварыюме” выступалі літаральна ўсе: ад самых маладых гуртоў да “Крамы” і Neuro Dubel. Але ўжо шмат гадоў назва клуба не з’яўляецца на канцэртных афішах Мінска.

Акварыюм” хаця б магчыма аднавіць. А вось у клубе “Катакомбы”, які мясціўся па адрасе: вуліца Рабкораўская, 2, цяпер працуе саўна. Клуб “Сафары” (вуліца Сурганава, 47), які працаваў у памяшканні сталоўкі пры інтэрнаце №13 БНТУ, чакае рамонту. Але адміністрацыя студгарадка не збіраецца аднаўляць там канцэртную пляцоўку. У клубе “Бліндаж” калісьці выступалі Exploited і “Ляпісы”. Але ў 2005 годзе ён спыніў існаванне, а праз пэўны час змяніў назву на “Афрыка” і пачаў працаваць на модную моладзь. Праўда, ужо 3 месяцы і гэты клуб не працуе. “Афрыка” патрапіла пад Указ №294 “Пра парадак распараджэння дзяржаўнай маёмасцю”, цяпер яе праца часова спыненая. Таксама былі “Арэна”, дзе цяпер офісы, West World Club, які рэканструююць разам з гасцініцай “Беларусь”, Cosmopoliten, дзе цяпер месціцца Дом Масквы

Бліндаж у адрыве

"Афрыка" на месцы "Бліндажа"

Выступ IQ48 ды Аляксандра Памідорава ў "Катакомбах"

Цяпер гэта саўна

На жаль, яна зачыненая і паглядзець на басейн замест сцэны не давялося

Уваход у інтэрнат №13 БНТУ.Праўда, уваход у "Сафары" адсюль зачынены

Тут калісьці збіраліся людзі. Праўда, сёння з-за снега да дзвярэй "Сафары" не дабрацца

За апошнія гады 2000-х культавай канцэртнай пляцоўкай здолеў стаць хіба што “Рэактар”. У гэтым клубе прайшла безліч канцэртаў, сюды прыязджалі рок-зоркі з усяго свету. Але і “Рэактар” закрыўся амаль два гады таму. Днямі яго выставілі на продаж за 900 тысяч долараў!

Рамонт у "Рэактары" сапраўды ідзе, але вельмі марудна

На ўваходзе з'явіліся нейкія цагляныя сцены з вакенцамі, падобнымі на касы

Вось толькі навошта 6 касавых вакенцаў для канцэртнага клуба?

Фота з групы “В контакте”, zalaza.net, weepingtwilight.com, relax.by, xlam.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі