Руся: Чаму нашу старажытную культуру не апрануць у сучаснае адзенне?
Пілаваць смычком па камянях, спяваць шэптам, гуляцца з дабстэпам і брэйкбітам… Руся з гурта Shuma распавядае Еўрарадыё, як зрабіць архаічныя спевы суч
Ці чулі вы пра “дыгітальную архаіку”? Гэта тое, што зрабілі музыкі гурта з бабулінымі спевамі. Днямі Еўрарадыё прэзентавала міні-альбом Shuma “Zołak”, і мы заўважылі няслабую цікавасць да яго. Трымайце працяг: размову з “шумолагам” беларускай фолк-музыкі спявачкай Русяй.
Еўрарадыё: Руся, калі ты толькі пачынала “шумець”, ад цябе часта можна было пачуць: “Нікому гэта тут не патрэбна”. Зараз ты ўжо больш верыш у свой праект?
Руся: Тое, што гэта патрэбна і цікава, я бачу па рэакцыі ў інтэрнэце. Прыходзіць шмат лістоў з розных краін, людзі слухаюць і кажуць: “Ваў, мы даўно такога чакалі!”.
Ёсць, вядома, і нараканні накшталт: “Што за фігню вы з нашым фолкам зрабілі?”. Гэта, напэўна, пішуць спецыялісты, якія ўсё жыццё кладуць на даследаванне архаікі. Я вельмі паважаю іх працу, без яе не было б ніякай “Шумы” і ніякіх эксперыментаў. Але я супраць таго, каб усё баранілася і не выпускалася вонкі. Маўляў, з такой вялікай павагай няхай стаіць, я буду з яго толькі пыл праціраць. Чаму, калі ў нас ёсць выдатная старажытная культура, не апрануць яе ў больш сучаснае адзенне і не вывесці ў народ? Вось, калі ласка, знаёмцеся, ёсць і такое!
Ён пілаваў конскім воласам па камянях, каб знайсці патрэбны гукавы тэмбр
Еўрарадыё: Дык “што за фігню вы з нашым фолкам зрабілі”? Якія эксперыменты здзейснілі, каб перакласці беларускую архаіку ў “дыгіталіку”?
Руся: Давялося праз многае прайсці і шмат чаму навучыцца. Калі мы толькі ўзяліся за працу над альбомам, думалі: ой, ну што там складанага? Бярэш любую песню, накідваеш туды нейкіх ламаных біткоў, тут падкруціш, там задабстэпіш, і “зашыбісь” усё будзе гучаць. А насамрэч — не. Вельмі цяжка зрабіць прыемны і гарманічны матэрыял, заснаваны на сучаснай электроннай музыцы з песнямі, якія спяваліся па зусім іншых канонах. Я вытрасла ўсе мазгі прадзюсару альбома Alexis Scorpio, кажучы, “Лёша, хачу, каб гучала так, як на Ninja Tunes, вось, паслухай, што Robot Koch робіць”. А ён адказвае: “Руся, супакойся, увесь Ninja Tunes працуе на эстэтыцы соўла, а гэта “а-ра-рэ” — тры ноткі праспяваў і рабі з імі што хочаш. А бабуліны песні — секунда-тэрцыя, секунда-кварта”. Прыходзіцца з кожным трэкам працаваць, як з дыяментам, шліфаваць вельмі доўга.
Алексіс, напрыклад, літаральна рукамі вымалёўвае розныя гукі. На запіс трэку “Ды гула пчолка” ён прывёз у студыю розныя смычкі — для кантрабаса, для скрыпачак — і проста пілаваў конскім воласам па камянях, каб знайсці патрэбны гукавы тэмбр.
Еўрарадыё: Як вы дамагліся глыбокага, аб'ёмнага вакальнага гучання?
Руся: Там ёсць свае хітрыкі. Па-першае, сам вакал. Мы з большага карыстаемся субтонавай манерай — гэта тып спявання, калі да голасу дадаецца вельмі шмат паветра.
А другі сакрэт — праца Алексіса. Напрыклад, калі прапісаць субтонавы вакал, потым паўтарыць тую ж самую партыю, але яе спець шэптам і падкласці, крыху змясціўшы ўправа ці ўлева, атрымоўваецца такі мяккі і цёплы аб’ём.
Таксама можна заўважыць, што ў песнях два галасы — мой і Надзейкін [Надзеі Чугуновай, другой вакалісткі Shuma. — Еўрарадыё]. Але яны фарміруюцца ў адзін вялікі, густы і тлусты голас. Напрыклад, палову радка спяваю я, палову Надзея, але пры пераходзе мы ловім такі тэмбральны момант, дзе галасы гучаць амаль аднолькава. І такіх фішачак у нас вельмі шмат.
З каханнем не вельмі ўсё пазітыўна было. Як ні возьмеш песню — адно горачка
Еўрарадыё: Цікава, як перапрацаваныя вамі песні выглядалі тады, калі нараджаліся? Таксама не ўсе разумеюць беларускую дыялектную мову. Распавядзі, пра што гэтыя песні.
Руся: Выглядалі таксама, як выглядаюць цяпер у “Шуме”. Гэта бабуліны спевы, і мы не змяняем ні мелодыі, ні дыялектаў. Адзінае, што мяняецца, — афарбоўка і манера выканання. Што да саміх песень, дык у старажытныя часы яны мелі рытуальны характар, характар падтрымкі. На альбоме “Золак” тры такія песні.
Першая — жніўная, запісаная на Палессі. Называецца “Ой, еду я дарогаю”. Уявіце, па шырокай дарозе ідзе жанчына, сумуе і спявае песню, як было б цудоўна, каб нехта пачуў яе і пажалеў, то бок пакахаў. У старажытных песнях, дарэчы, я слова “каханне” не сустракала яшчэ. Ёсць жалець, жалковаці, жалкуваты — у залежнасці ад рэгіёну.
Другая песня — “Ды гула пчолка” — сямейная, пра лёс удавы. Удава параўноўвае сваё жыццё з працай пчолкі, але розніца паміж імі ў тым, што пчолка мае задавальненне ад працы — яна збірае салодкі мёд, — а ўдава не, бо побач няма каханага мужчыны. І яна спявае: “Дай абед жа мой горкі чэряз цябе мой міленькі” — то бок без гаспадара нават мёд не салодкі.
Трэцяя песня — веснавая. “На моры вутка купалася”. Там цэлае кіно! Маці дзяўчыны супраць яе каханага. І ўжо прыйшла вясна, людзі збіраюцца на свята, танок весці — гэта калі становяцца ў шэраг і гуляюць праз усю вёску, потым водзіцца карагод, — а маці... закрыла дзяўчыну у сутарэнні! І тая сядзіць там і заўважае праз невялічкае акенца, што “па вуліцы танок ходзіць, а мой міленькі танок водзіць”. Усё, хлопца ўвялі. Так што, як самі бачыце, з каханнем не вельмі ўсё пазітыўна было. Як ні возьмеш песню — адно горачка.
Еўрарадыё: Калі чакаць астатніх гісторый?
Руся: У нас запісана даволі шмат песень. Яны знаходзяцца ў стадыі студыйнай працы, мы шукаем для іх патрэбную канцэпцыю, каб не толькі спевы гучалі сучасна, але і электронная афарбоўка. А гэта цяжка, бо электронная музыка мяняецца ледзь не штотыдзень. Вось так пераслухаеш амаль гатовы матэрыял праз два месяцы, і разумееш: усё трэба рабіць наноў, новыя тэмбры падкладаць. Але мы будзем выдаваць маленькімі порцыямі, па тры-чатыры трэкі. Да восені будзе яшчэ два міні-альбомы. А ўвосень — паўнавартасная канцэртная праграма.
Традыцыйная культура належыць і мне, і табе, і даследчыку, і любой бабулі ў вёсцы, і любому міністру
Еўрарадыё: Магчыма, рана яшчэ гэтае пытанне задаваць, але — ці думаеш пра паслядоўнікаў “Шумы”?
Руся: Я спадзяюся, добры імпульс быў дадзены Deech і Alex Goof, тым музыкам, якія спрабавалі і спрабуюць працаваць з нашымі трэкамі. Таксама на сайце “Шумы” хутка з’явіцца адмысловая бібліятэка, дзе мы будзем выкладаць архівы з экспедыцыяў, так што кожны, каму цікава вывучыць мову ці зрабіць апрацоўку, зможа сцягнуць матэрыялы бясплатна і працаваць з гэтым.
Еўрарадыё: Звычайна архівы зарабляюць на такіх матэрыялах. А вы так проста аддадзіце ў людзі?
Руся: Размаўляючы з нашымі даследчыкамі, я прыходжу да высновы, што нашая дзяржава не зацікаўленая ў тым, каб традыцыя жыла. Таму я выбіраю менавіта “пірацкі”, умоўна кажучы, распаўсюд нашай традыцыйнай культуры, якая належыць і мне, і табе, і даследчыку, і любой бабулі ў вёсцы, і любому міністру. Няхай гэта ўсё будзе ў інтэрнэце ў свабодным карыстанні. Чаму, напрыклад, амерыканцы могуць сабе дазволіць мець электронную бібліятэку Кангрэсу ЗША, і любы даследчык, скажам, блюзу, можа прыйсці, сцягнуць прыклады, і працаваць з гэтым. А мы — не? Вядома, нашыя ўлады не разумеюць сапраўднай вартасці гэтага. Значыць, акурат такія ініцыятывы, як нашая, і прыйдуць на дапамогу. Бо гэтага нельга хаваць, гэта так хутка знікае… Усё, што мы з Надзейкай змаглі назбіраць падчас працы з “Аканай”, з “Казальпінам”, з “Шумай”, мы хацелі б аддаць людзям. Магчыма, нехта зацікавіцца і захоча з гэтым працаваць.
Нагадаем, свой першы міні-альбом “Zołak” “Шума” таксама аддала людзям бясплатна. Паслухаць можна на Еўрарадыё, а сцягнуць і пачытаць тэксты песень — на сайце гурта www.shuma.by.