Што агульнага ў Канстытуцыі РБ і Статуце ВКЛ 1588 года?
Пра гэта Еўрарадыё пагаварыла з гісторыкам-медыявістам Алесем Краўцэвічам і былым генпракурорам Рыгорам Васілевічам.
“Напрыклад, за забойства ў сярэднявечных прававых нормах была прадугледжаная плата – віра. А за іншыя рэчы – за бурэнне мядовай борці ў лесе – смяротнае пакаранне. Там былі значна больш жорсткія нормы”, -- расказвае гісторык Алесь Краўцэвіч.
На яго думку, хоць Статут ВКЛ 1588 году і быў перадавым для свайго часу, але ўсё ж не з’яўляўся дэмакратычным. Гэта проста было немагчыма для таго часу. Смяротнае пакаранне за дробныя па сучасным меркам злачынствы існавала паўсюдна – ад Вільні да Лондана. Каралі смерцю прылюдна – на плошчах. На адной з сярэднявечных гравюр Гродна нават можна ўбачыць шыбеніцу з трупам.
Разам з тым, Статутам 1588 году мы можам ганарыцца перад усёй Еўропай і нават светам.
“Ён выразна акрэсліў законы, кадыфікаваў іх. Найлепш, хіба, на той час у Еўропе. Недарэмна ім карысталіся і палякі, і іншыя народы”.
Па просьбе Еўрарадыё Статут ВКЛ 1588 году прааналізаваў загадчык кафедры канстытуцыйнага права БДУ, былы генеральны пракурор Рыгор Васілевіч. Ён кажа, што Статут у нечым актуальны і зараз. Некаторыя артыкулы амаль ідэнтычныя артыкулам... Канстытуцыі Беларусі.
“Магу сказаць, што нормы Статута прасякнутыя ідэямі прававой дзяржавы. Паводле іх, дзейнасць дзяржаўных органаў павінна адпавядаць праву. У дзеючай Канстытуцыі, дарэчы, гэта таксама прапісана. Статут абмяжоўваў самавольства буйных феадалаў. І ў дзеючай Канстытуцыі вядзецца гаворка пра абмежаванне дзеянняў дзяржавы. Перадусім у тых сферах, дзе грамадзяне валодаюць неад’емнымі правамі”.
Па словах Рыгора Васілевіча, які быў адным з аўтараў тэксту нашай Канстытуцыі, у першым варыянце прэамбулы ўзгадаваліся ўсе тры Статуты ВКЛ.
“Калі рыхтавалі прэамбулу Канстытуцыі, тую, якая была прынятая 15 сакавіка 1994 году, то некалькі варыянтаў было. І ў тым ліку там узгадавалася гісторыя беларускай дзяржавы ў папярэдні перыяд. І тое, што было ў трох Статутах ВКЛ”.
У выніку, праўда, пакінулі прэсны выраз “улічваючы шматвекавыя традыцыі”.
Дарэчы, ёсць яшчэ адна істотная рыса, якая аб’ядноўвае Статут ВКЛ 1588 году і першы варыянт Канстытуцыі Беларусі. Абодва гэтыя зборнікі законаў былі напісаныя па-беларуску.
“Магу сказаць, што нормы Статута прасякнутыя ідэямі прававой дзяржавы. Паводле іх, дзейнасць дзяржаўных органаў павінна адпавядаць праву. У дзеючай Канстытуцыі, дарэчы, гэта таксама прапісана. Статут абмяжоўваў самавольства буйных феадалаў. І ў дзеючай Канстытуцыі вядзецца гаворка пра абмежаванне дзеянняў дзяржавы. Перадусім у тых сферах, дзе грамадзяне валодаюць неад’емнымі правамі”.