Што чакаць Беларусі ад новага чэшскага прэзідэнта?
Практычна ўсе кандыдаты ў прэзідэнты Чэхіі выказваліся пра неабходнасць захавання падтрымкі дэмакратычных працэсаў у Беларусі.
Чэхія ўпершыню абрала прэзідэнта на агульных выбарах, што адбыліся 25 студзеня. Кіраўніком краіны стаў былы прэм’ер, камуніст Мілаш Земан, які набраў 55% галасоў. За яго апанента — міністра замежных спраў Карла Шварцэнберга — аддалі галасы 45% чэхаў.
Мілаш Земан зойме пасаду ў траўні. Якіх зменаў чакаць у знешняй палітыцы Чэхіі ад прэзідэнта, які пачынаў у камуністычнай партыі?
Пасля еўраскептыка Вацлава Клаўса меркаванне прэзідэнта можа пачаць супадаць з афіцыйнай пазіцыяй урада, кажа сябра Рады БНР, жыхар Прагі Уладзіслаў Яндзюк.
"Паводле Канстытуцыі замежную палітыку вызначае ўрад, а не прэзідэнт. Ён толькі прадстаўнік дзяржавы ў замежжы. У сваёй дзейнасці ён павінен кіравацца тым, што яму прапануе ўрад. Паводле Канстытуцыі. Але як гэта будзе на самой справе, цяжка сказаць, маючы досвед мінулага прэзідэнта. Вацлаў Клаўс быў адным з крытыкаў ЕС, і тут ён выступаў на міжнароднай сцэне незалежна ад пазіцыі чэшскага ўрада".
Земан яшчэ прэм'ерам быў арыентаваны на ЕС. Але ён жа з'яўляецца вельмі выразным прыхільнікам еўраатлантычнай інтэграцыі з арыентацыяй на ЗША, Вялікабрытанію і NATO. Што ж тычыцца поглядаў на сітуацыю ў Беларусі, тут увогуле ўсе кандыдаты ў прэзідэнты Чэхіі выказваліся аднолькава.
"Што тычыцца асабістых поглядаў Земана на сённяшнія беларускія ўмовы, то ён, яшчэ будучы прэм'ерам, неаднаразова выказваўся, што Чэхія павінна падтрымліваць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі, — працягвае Уладзіслаў Яндзюк. — Мы звярталіся перад выбарамі да ўсіх кандыдатаў на прэзідэнта з пытаннем, як яны бачаць сваю ангажаванасць у пытаннях падтрымкі беларускіх дэмакратычных структураў. Па сутнасці ўсе, і ў тым ліку Мілаш Земан, выказаліся, што падтрымка, якая ёсць сёння, павінна быць захаваная і павінна адэкватна рэагаваць на працэсы, што адбываюцца ў Беларусі".
Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч атрымаў прытулак у Чэхіі. На яго думку, пазіцыя па беларускім пытанні ніяк не зменіцца з прыходам новага кіраўніка краіны ці нават прэм’ера, бо ўсе палітычныя сілы маюць аднолькавую пазіцыю.
"Думаю, што чэшская палітыка ніяк не зменіцца ў адносінах да Беларусі, якраз таму што ў чэшскай палітычнай эліце існуе даволі шырокі кансенсус адносна Беларусі, адносна правоў чалавека і такіх краін, як Беларусь. Практычна ў Чэхіі немагчыма знайсці ніводнай палітычнай партыі, якая б думала інакш. Магчыма, гэта былыя камуністы, але з асноўных партый усе думаюць практычна аднолькава".
Уладзіслаў Яндзюк адзначае, што хоць Земан — палітык левых поглядаў, але камбінатар і прагматык. Дзеля выгоды можа заключаць пагадненні з кім заўгодна, калі гэта дазваляе атрымаць большы ўплыў і моц.
На фота: Мілаш Земан і Карл Шварцэнберг, фота: isifa/MAFRA/DAN MATERNA