Сведкі-міліцыянты ў Брэсце прадэманстравалі выключныя здольнасці
Афіцэры Пышкін і Левановіч здолелі адначасна адсачыць дзясяткі ўдзельнікаў маўклівых пратэстаў.
1 ліпеня брэсцкія міліцыянты дэманстравалі ў судах здольнасці "страказінага вока", якое, як вядома, можа бачыць мноства сегментаў рэчаіснасці. Пра гэта паведаміў Еўрарадыё правабаронца Ўладзімір Вялічкін.
Еўрарадыё: Пачаліся судовыя паседжанні над затрыманымі ў Брэсце. На ўсіх гэтых паседжаннях выступалі адныя і тыя ж сведкі, а менавіта намеснік начальніка РАУС горада Аляксей Левановіч і капітан міліцыі Андрэй Пышкін. Гэта не дзіўна?
Вялічкін: "Тое, што на працэсах выступалі адныя і тыя ж сведкі, мяне не здзіўляе. Мяне здзіўляе тое, што была затрыманая такая вялікая колькасць людзей. Бо каб затрымаць аднага чалавека, патрэбныя два і болей супрацоўнікаў міліцыі. Але я бачыў, што ў большасці выпадкаў людзей затрымлівалі нейкія крымінальнага выгляду і паводзінаў асобы ў цывільным. Звычайна яны станавіліся з двух бакоў, бралі чалавека пад рукі, крыху прыпадымалі і накіроўваліся да дзвярэй бліжэйшага аўтазака. Калі чалавек супраціўляўся, дапамагаў трэці крымінальнік. І вось нейкім чынам гэтыя два "сведкі" з міліцыі запомнілі ўсіх затрыманых і бралі ў судзе на сябе адказнасць."
Еўрарадыё: Калі чалавека затрымліваюць людзі ў цывільным, ці мае ён права бараніцца?
Вялічкін: "Тэарытычна ён мае такое права і павінен супраціўляцца. Іншая справа, што за гэтымі затрыманнямі стаяць праваахоўныя органы, якія дзейнічаюць па-за законам. Яны ўжо не з'яўляюцца праваахоўнымі органамі, а пераўтварыліся ва ўзаконеныя бандфармаванні."
Еўрарадыё: Людзей абвінавачваюць па артыкуле 23, то бок за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Пешаходная вуліца Савецкая ў Берасці была перакрыта АМАПам. На судзе не ўзнікала пытанняў, на якой падставе перакрылі вуліцу і чаму ў гэтай пастцы затрымлівалі мінакоў?
Вялічкін: "Такія пытанні ўзнікалі. Некаторыя затрыманыя на судзе пыталіся: на якой падставе іх затрымалі. Яны хацелі проста прайсці па вуліцы, а іх затрымаў АМАП. А тое, што датычыць тых двух сведкаў-міліцыянтаў, я калісці вывучаў псіхалогію і ведаю, што калі чалавек запамінае 5-7 прадметаў, гэта вельмі добры вынік, а калі запамінае больш, то ён проста геній. А тут выходзіць так, што два супрацоўнікі міліцыі запомнілі твары некалькіх дзесяткаў чалавек. Атрымоўваецца, што ў беларускай міліцыі працуюць нейкія фенамены."
Еўрарадыё: Было складзена каля 57 пратаколаў. Ці звярнуўся хто-небудзь з гэтых людзей да вас як да праваабаронцы?
Вялічкін: "Гэтыя мерапрыемствы сведчаць пра тое, што ў іх бярэ ўдзел пераважная большасць неабыякавых грамадзян, якія прагнуць нейкіх пераменаў у сваім жыцці, якія стомленыя доўгатэрміновым кіраваннем пэўнай асобы. Гэта абсалютна новыя пратэстоўцы. Яны не цікавіліся палітыкай, і таму не ведаюць да каго звяртацца. Таму і не звяртаюцца да праваабаронцаў".