Сяргея Вітушку адпелі ў царкве, якую ён заснаваў (фота)

Сяргей Вітушка памёр у Вільні на 47-м годзе жыцця. Доўгія гады яго дапякаў цукровы дыябет — праз хваробу ён страціў зрок, а ў мінулым годзе Вітушку аднялі нагу… Вытрываць такія пакуты арганізму было цяжка — і некалькі тыдняў таму ў спадара Сяргея здарыўся інфаркт, ачуняць пасля якога яму ўжо не было наканавана. Дарэчы, апошні раз з Вільні ў Мінск Вітушка прыязджаў сёлета ў лютым — на прэзентацыю аўдыёкнігі “Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі”, дзе ягоныя творы прачыталі вядомыя паэты, мастакі і музыкі.

…Развітацца з Сяргеем Вітушкам прыйшло больш за 100 чалавек. Сярод іх вядомыя цяпер людзі, даўнія сябры спадара Вітушкі — Сяргей Дубавец, Сяргей Харэўскі, Кася Камоцкая, Алесь Суша, Генадзь Сагановіч, Алесь Пушкін, Андрэй Мельнікаў, Славамір Адамовіч, Зміцер Яцкевіч, Міхал Анемпадыстаў, Вінцук Вячорка…

Адпявалі Сяргея Вітушку ў мінскай грэка-каталіцкай царкве на вуліцы Арджанікідзэ. Некаторыя здзівіліся гэтаму, бо Вітушка быў праваслаўны. Яснасць унесла доктар багаслоўя Ірына Дубянецкая, блізкая сяброўка спадара Вітушкі яшчэ з канца 1980-х.

Ірына Дубянецкая: “Былі пытанні: чаму Вітушку хаваюць ва ўніяцкай царкве? Таму што ён быў хрышчаны праваслаўным — і некаторыя яго сябры задавалі такія пытанні. Але гэта, безумоўна, самае належнае для яго месца — бо гэта царква, якую ён фактычна засноўваў, якую мы разам засноўвалі. Пачыналася гэта з моладзевых энтузіясцкіх рухаў адраджэння ўсяго беларускага — і ў тым ліку ідэяў беларускай святасці, рэлігійнасці. Мы намацалі вось гэтае беларускае ўніяцтва — і разам з гэтым працавалі, рабілі часопіс “Унія”. Памятаю, 6 жніўня 1990 года была прэзентацыя, дзе Сяржук таксама выступаў на сцэне, пачынаў гэта ўсё… І калі стала неабходнасць ствараць уніяцкую царкву, ён быў сярод заснавальнікаў”.


 

Грэка-каталіцкая царква, дзе адпявалі Сержука Вітушку

Устаноўчыя дакументы ўтварэння парафіі ў 1990 годзе



Грамадская арганізацыя “Талака” ўзнікла ў 1986 годзе і праіснавала ўсяго 4 гады. Аднак у нацыянальным асяродку яе называюць легендарнай. Бо там гартаваўся дух дзясяткаў вядомых сёння дзеячаў культуры і мастацтва. Тое, што “Талаку” ўзначаліў менавіта студэнт гістфака Сяргей Вітушка, было натуральным і лагічным, лічыць палітык Віктар Івашкевіч.

Віктар Івашкевіч: “Ён быў самы чысты, светлы адраджэнец. Сваім увасабленнем ён дэманстраваў уладам, што тут не зламысныя нацыяналісты, якія хочуць чыніць змовы супраць савецкай улады, а шчырая дзейнасць на карысць Бацькаўшчыны. Але гэта не значыла, што Сяргей Вітушка не разумеў, што такое злачынны камуністычны рэжым — усё ён усведамляў! Але яго вобраз быў абсалютна пазітыўны, і ён адпавядаў ягонаму ўнутранаму стану. І неяк усе пагадзіліся, што тварам “Талакі” павінен быць Вітушка”.

Парадаксальна, але ўзнікла “Талака”… дзякуючы ўладам!

Віктар Івашкевіч: “Талака” ўзнікла тады, калі ўлады заклікалі дапамагчы валанцёрам раскопваць Замчышча — там, дзе зараз станцыя метро “Няміга”. На дзіва, на заклік у “Вячэрнім Мінску” прыйшлі сотні людзей. І мы, нацыяналісты, таксама прыйшлі і пазнаёміліся з тымі, хто прыйшоў сам па сабе. І ўбачылі, што так, як мы, думае шмат хто. І тады ўтварылі вось гэтае таварыства, якое займалася дапамогай у рэстаўрацыі помнікаў”.

Дух перабудовы і пераменаў даў урадлівую глебу — неверагодна, але ўжо праз год “Талака” ахапіла ўсю Беларусь! Ясна, што рэстаўрацыя помнікаў было толькі адным з кірункаў дзейнасці. Фактычна “Талака” дапамагала тагачаснай моладзі яднацца і знаходзіць аднадумцаў.

Віктар Івашкевіч: “Літаральна ў 1987 годзе ўжо было каля 100 суполак у розных гарадах. Гэта быў моладзевы рух за Адраджэнне! Мы былі ў кантакце са старэйшымі нацыяналістамі, але мы праяўлялі ініцыятыву і бралі на сябе адказнасць. І калі зараз нехта кажа, што моладзь не можа прабіцца з-за старых нацыяналістаў у лідары — у нас такога пытання не стаяла”.

Кранальным было, што развітацца з Сержуком Вітушкам прыйшлі нават тыя, хто ведаў яго толькі завочна альбо бачыў усяго раз у жыцці. Як спадар Мікола, які ў 1986 годзе быў намеснікам старшыні прафкама аб’яднання “Белаўтамаз” — і выпадкова патрапіў на сход, дзе выступаў Вітушка.

Спадар Мікола: “Талакоўцы” тады выступалі ў абарону будынкаў, якія трэсліся ад будаўніцтва метро. І нам паступіла ўказіўка — накіраваць прадстаўнікоў працоўных калектываў, ды яшчэ ўказіўка падрыхтаваць выступоўцу, каб там нефармалам гэтым даць адлуп. Вось падрыхтавалі мы такі выступ, але не бэсцілі “талакоўцаў”, а хвалілі — што клапоцяцца пра нашу гісторыю. Але ў той час пахвалілі і чыноўнікаў — што і яны клапоцяцца пра мінчукоў, пракладваюць метро. Я тады ўбачыў Сержука, які хлапчуком сядзеў у прэзідыуме ў акулярах і трымаўся годна, уступаў у спрэчкі годна. Я настолькі захапіўся: хлопец малады — і не палохаецца, што яго могуць выключыць з універсітэта!”

Спадар Мікола дакладна акрэслівае, чаму Вітушка — ціхі, спакойны, інтэлігентны чалавек — стаў лідарам такой легендарнай арганізацыі.

Спадар Мікола: “Колькі я яго слухаў — я не бачыў у яго радыкалізму. А радыкалізм, як вядома, не аб’ядноўвае людзей — толькі такіх, як сам. І вось Сяржук быў чалавек, які шукаў кропкі ўзаемадзеяння, каб быць разам, а не падзяляцца”.

Пахаваюць Сержука Вітушку, паводле тэстамента, у роднай вёсцы Рагава.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі