У 1986-м музыкі Філармоніі выступалі для ліквідатараў у зоне адсялення

Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе музыкаў, якія працавалі ў Філармоніі, у “дабравольна-прымусовым” парадку накіравалі ў зону адсялення. Пра гэта распавёў гітарыст Генадзь Старыкаў, які ў тыя часы граў ў ансамблі “Світанак”.

“Апроч нашага калектыву, з намі ездзілі пяцёра вакалістаў, тры музыкі і шафёр. Па тэлевізары заўсёды паказваюць, як пры выездзе з “зоны” абмывалі колы. Але гэта ўсё хлусня! Колькі мы там ездзілі, і самі пылам прасякліся... Увесь гэты радыеактыўны пыл мы дамоў і прывезлі. На вопратцы, на колах, у аўтобусе… Сустракаў я там шмат музыкаў, усіх і не ўзгадаю, бачыў і “Песняроў”, тады ў іх адзін склад быў”.

Філармонія накіроўвала супрацоўнікаў ў камандзіроўку ў Гомельскую вобласць, без удакладнення прычын і абставінаў. Але пасля міністр культуры БССР уручыў усім удзельнікам гэтых гастроляў ганаровыя граматы “За працу ў раёнах зоны ЧАЭС”.

Старыкаў прыгадвае, што з “Песнярамі” тады ездзіў Уладзімір Бяляеў, які ў 2003-м сканаў ад анкалогіі.

“Ды шмат каго з тых ужо няма, і жыццё яны скончылі страшна, ― дадае Старыкаў. — Усім музыкам, якія ездзілі ў зону ЧАЭС, пасля выдалі пасведчанні ліквідатараў. Але ў 1995 годзе іх забралі. Відаць, не было грошай плаціць заробкі на заводах, а тут яшчэ гэтыя нахлебнікі. І цяпер я таксама сутыкаюся з абыякавасцю чыноўнікаў. Не так трэба ставіцца да людзей, якія ў свой час з патрыятызмам падышлі да справы”.

Сёлета з моманту чарнобыльскай трагедыі спаўняецца 27 гадоў. У Мінску да 26 красавіка прымеркаваны традыцыйны “Чарнобыльскі шлях”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі