У Мікалаеве ўшанавалі памяць ахвяр расстрэлу вязняў Беразвецкай турмы

26 чэрвеня 1941 года ў вёсцы Мікалаева Шумілінскага раёна канвоем НКУС была расстраляная калона вязняў, якую гналі на ўсход з Беразвецкай турмы. Паводле афіцыйных звестак, там было каля тысячы чалавек, а мясцовыя жыхары сведчаць, што ахвяр было больш за дзве тысячы.

У мерапрыемстве па ўшанаванню памяці бязвінна загінуўшых вязняў прынялі ўдзел сябры Руху салідарнасці “Разам” і актывісты незарэгістраванай Партыі БХД з Мінску, а таксама журналісты з Глыбокага Яўген Самсонаў і Зміцер Лупач.

Спачатку ўдзельнікі мерапрыемства наведалі месца, дзе стаяў беразвецкі храм, які быў разбураны савецкімі ўладамі ў 1957 годзе. Гэта месца размешчана побач з сумнавядомай беразвецкай турмой, дзе адбывае пакаранне Зміцер Дашкевіч. З гэтага месца раніцай 24 чэрвеня 1941 года вязняў выгналі ў свой апошні шлях.

Да крыжа, што ўсталяваны на месцы храма, удзельнікі ўсклалі вянок, былі запаленыя знічы. Актывісты прачыталі малітву, праспявалі гімн “Магутны Божа”. Напрыканцы ўдзельнікі тройчы выгукнулі “Жыве Беларусь!” у надзеі, што іх можа пачуць Зміцер Дашкевіч.

Пасля ўдзельнікі мерапрыемства накіраваліся ў вёску Мікалаева Шумілінскага раёна, дзе калону вязняў 26 чэрвеня 1941 года канваіры расстралялі, спаслаўшыся на таемнае распараджэнне тагачаснага беларускага кіраўніцтва. Гэты шлях пазней будзе названы “Дарогай смерці”.


Да крыжа, што стаіць на месцы пахавання, былі ўскладзеныя вянкі, жывыя кветкі, былі пастаўленыя запаленыя свечкі. Перад прысутнымі выступілі намеснік Руху салідарнасці “Разам” Аляксандр Макаеў і журналіст з Глыбокага Яўген Самсонаў. У сваіх выступах яны ўзгадалі тыя падзеі, а таксама распавялі, чаму мы павінны пра гэта памятаць. Скончылася мерапрыемства супольнай малітвай.

Пасля прысутныя з бел-чырвона-белымі сцягамі прайшлі праз вуліцу вёскі Мікалаева.

Варта адзначыць, што помнік на месцы трагедыі паставілі на пачатку 1990-х, дзякуючы намаганням польскай грамадскасці. Але пахаваныя тут у асноўным жыхары заходніх раёнаў сучаснай Віцебскай вобласці, якія ўваходзілі ў склад ІІ Рэчы Паспалітай. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі