Удзельнік атрада БРСМ: Трэніруемся ў спецназе, некаторых вучаць страляць

Адзін са стваральнікаў баранавіцкага Маладзёжнага атрада аховы правапарадку (МААП) распавядае пра сваю арганізацыю прыкладна гэтак жа, як ветэраны амерыканскіх “марскіх коцікаў” — пра сваю.

“Наш баец павінен умець думаць у самай крытычнай сітуацыі, у складанай сітуацыі, у небяспечнай сітуацыі, — пералічвае 27-гадовы Уладзімір Вінаград. — Зразумела, баец МААП БРСМ павінен быць падрыхтаваны фізічна. На кожнага з кандыдатаў мы робім запыт: ці былі на ім адміністратыўныя правапарушэнні або крымінальныя. Потым праводзіцца сумоўе. Хто яго праходзіць, трапляе на паўгадавую стажыроўку. І калі яны здаюць нарматывы, не маюць нараканняў, то трапляюць у атрад. Толькі 20% ад усіх жадаючых гэта ўдаецца”.

Еўрарадыё: А як складаюцца лёсы ўдзельнікаў атрада, калі яны вырастаюць? Робяцца міліцыянерамі?

 

Уладзімір Вінаград: "Нехта становіцца сілавіком, нехта — інжынерам, нехта — выкладчыкам".

 

Еўрарадыё: А ваш лёс як склаўся?

Уладзімір Вінаград: "Я цяпер у сферы гандлю, скажам так. Таму што, да вялікага жалю, зарплаты супрацоўнікаў міліцыі не самыя вялікія".

 

Студэнт Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта Андрэй Сяліцкі трапіў у мясцовы МААП даволі проста. Тэстаў, як у крутых баевіках, праходзіць не давялося.  

Андрэй Сяліцкі: “Па сутнасці ніякіх асаблівых крытэраў не выстаўляецца. Надзеў майку — і пайшоў патруляваць тэрыторыю ў межах зоны ўніверсітэта. У асноўным парушэнні звязаныя з курэннем і спажываннем алкаголю. Імкнёмся дзейнічаць акуратна: рукапрыкладства не вітаецца”. 

 

Еўрарадыё: Было такое, каб удзельнікам МААП наносілі траўмы?

Андрэй Сяліцкі: У кагосьці чэрапна-мазгавыя траўмы былі, ранкі. І галовы разбівалі, было такое.

Еўрарадыё: Ці будзеце звязваць жыццё з сілавымі ведамствамі?

Андрэй Сяліцкі: Хацелі спачатку — у міліцыю. Але потым з гэтым не склалася. Буду звязваць жыццё з электрыкай.

Удзельнікаў моладзевых атрадаў рыхтуюць да розных задач. У агульнай інтэрнэт-групе МААП БРСМ разглядаем фотаздымкі. Вось маладыя людзі дапамагаюць школьнікам пераходзіць дарогу, вось тайбаксёрка Каця Вандар’ева вучыць маладое папаўненне біць нагой у пуза, вось бээрэсэмаўцы рыхтуюцца разганяць мітынгі, вось — асвойваюць баявую зброю.

Уся гэта спецназаўская рамантыка — збольшага для антуражу. Ужываць зброю ўдзельніку МААП наўрад ці давядзецца, але адчуць сябе паўміліцыянерам — калі ласка.

“Раз на тыдзень трэніруемся у часці 32/14 — у спецназе “Рысь”. Там ідзе гадзіна рукапашнага бою і гадзіна медпадрыхтоўкі”, — распавядае Сяргей Ліхван, студэнт БНТУ.

Еўрарадыё: У інтэрнэце мы пабачылі фотаздымкі вашых калег, з пісталетамі… Ці вы страляеце на гэтых занятках?

Сяргей Ліхван: Мы — не. Але ёсць знаёмыя, якіх вучылі выкарыстоўваць агнястрэльную зброю. Гэта асноўных, якія апрануты па форме.

Студэнцкія атрады МААП пачалі фармавацца з сярэдзіны 2000-х. Афіцыйны сайт БРСМ паведамляе, што ў 2012 годзе колькасць удзельнікаў моладзевых атрадаў складала 15 тысяч чалавек. Хоць у аб’яднанай інтэрнэт-групе МААП у сацыяльных сетках — каля 1500 чалавек.

Фота з сайта brsm.by і з адкрытых старонак у сацыяльных сетках

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі