Урад знайшоў грошы… на пакарэнне Антарктыды
Беларускія палярнікі гавораць, што 234 тысяч долараў — гэта мала, але спадзяюцца, што выправяцца ў экспедыцыю на Паўднёвы полюс у гэтым сезоне.
На пачатку траўня Савет міністраў нечакана зацвердзіў дзяржаўную праграму “Маніторынг палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнне дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый на 2011-2015 гады”. Але калі яшчэ тыдзень таму бюджэт беларускіх палярнікаў на гэты год паводле курсу Нацбанка складаў амаль 390 тысяч долараў, то сёння гэтая сума зменшылася да 234 тысяч.
Як прызнаецца Еўрарадыё айчынны даследчык Антарктыды, супрацоўнік Акадэміі навук Алег Мяснікоў, гэтых грошай на запланаваную праграму даследаванняў не хопіць.
Алег Мяснікоў: “Зразумела, не хопіць. Бо ўсё гэта робіцца за мяжой, з той жа Расіяй мы разлічваемся па валютным калідоры. І тут ніякай размовы быць не можа, што хопіць грошай”.
Паводле палярніка, у навукоўцаў шмат планаў і ўнікальных задумак. Але адказаць на пытанне, якую фінансавую аддачу дадуць краіне ўкладанні ў антарктычныя праекты, ён так і не здолеў. Кажа, паходы нацыянальных экспедыцый на полюс падвышаюць прэстыж краіны. Праўда, удакладніў, што пакуль стаіць задача ўвогуле трапіць у “антарктычнае таварыства”.
Алег Мяснікоў: “Для гэтага неабходна паставіць там станцыю, прыступіць да сур’ёзных навуковых даследаванняў, якія будуць прызнаныя грамадствам сусветным. Што ў выніку і дазволіць нам увайсці ў антарктычнае таварыства”.
Нават у перспектыве казаць пра “вяртанне” палярнікамі ўкладзеных у іх грошай пакуль не даводзіцца. Рэч у тым, што Беларусь яшчэ не “адгарадзіла” ў Антарктыдзе сваю тэрыторыю, якую можна было б распрацоўваць і з якой у будучыні можна было б нешта паймець.
Алег Мяснікоў: “Мы мала што можам сказаць пра гэтую перспектыву, бо нашая экспедыцыя хадзіла туды толькі ў сезон 2008-2009 года. І для таго, каб ацаніць перспектыву, неабходна ацаніць тэрыторыю — што там на гэтай тэрыторыі знаходзіцца. А потым трэба быць упэўненым, што гэтая тэрыторыя будзе нам пасля нейкім чынам перададзеная. Калі гэта наогул здарыцца. Пакуль там ніякай эксплуатацыі няма: там ідзе навука”.для таго, каб ацаніць перспектыву, неабходна ацаніць тэрыторыю — што там на гэтай тэрыторыі знаходзіцца. А потым трэба быць упэўненым, што гэтая тэрыторыя будзе нам пасля нейкім чынам перададзеная
Як бы там ні было, але грошы пад палярныя даследаванні дзяржава выдзеліла. Нават у такі крызісны час. Цяпер палярнікі шукаюць спонсараў.
Алег Мяснікоў: “Зразумела, трэба будзе шукаць інвестараў, шукаць спонсараў. Кожны, хто хадзіў у Антарктыду, каго я там бачыў, — у кожнага былі сцягі, знакі: нехта іх спансаваў. І яны гэтую рэкламу для іх прывезлі. А мы ўсё набывалі (для экспедыцыі. — Еўрарадыё) проста, нягледзячы на тое, што тлумачылі, што ўсё гэта ідзе ў Антарктыду. Нягледзячы на гэта, да нас ставіліся як да звычайных пакупнікоў — спецыяльна для нас нічога не рыхтавалі”.
Дарэчы, як першая, гэтак і другая беларуская экспедыцыя пойдуць у Антарктыду пад... расійскім сцягам. Бо беларусы далучаюцца да расійскай экспедыцыі, ляцяць расійскім фрахтам і плывуць расійскім караблём.