Узмацненне ідэалагічнай работы ў спорце: як на гэта рэагуюць алімпійцы?
Штангістцы Новікавай падаецца, што ідэалогія не будзе лішняй для маладых. Герасіменя лічыць, што патрыятызм варта прывіваць з дзяцінства.
Міністр спорту Аляксандр Шамко прапанаваў узмацніць ідэалагічную работу ў галіне спорту. Як паведаміла агенцтва БелаПАН, міністра не задаволілі некаторыя выказванні топавых беларускіх спартсменаў, якія “злёту падхопліваюць нашы “свядомыя” так званыя”.
Магчыма, маецца на ўвазе пазіцыя плыўчыхі Аляксандры Герасімені — двойчы срэбнай медалісткі Алімпіяды-2012, чэмпіёнкі Еўропы. Яна прызналася, што гістарычны бел-чырвона-белы сцяг ёй эстэтычна больш блізкі, чым дзяржаўны чырвона-зялёны.
Паводле слоў Аляксандры Герасімені, прэтэнзій ёй ніхто не выстаўляў:
“Я лічу, што ў кожнага чалавека можа быць пункт гледжання і кожны мае права яго выказаць. І не кожнаму ён можа падацца правільным, так?”
Аляксандра не ўпэўнена, што ўзмацненне ідэалагічнай работы можа даць плён:
“Гэтым трэба займацца з дзяцінства, каб развіць любоў хаця б да Радзімы. А прафесійныя спартсмены — ужо фактычна сфармаваныя людзі”.
Чэмпіёнка свету па цяжкай атлетыцы Настасся Новікава пагаджаецца з міністрам, ідэалагічную работу варта ўзмацняць:
“Некаторым спартсменам гэта не перашкодзіць. Перш за ўсё, маладым. Таму што зараз прыярытэт у многіх адзін: як мага хутчэй і паболей зарабіць”.
Сама Настасся Новікава не чытае падручнікаў па ідэалогіі перад стартамі, яна ўздымае баявы дух стандартнымі метадамі.
Настасся Новікава: “Бывае і такое, што праглядаю свае найбольш удалыя выступленні. Псіхалогія ў кожнага спартсмена свая. Ён сам павінен ведаць, якія трэба падабраць ключы, — гледзячы які стан, самаадчуванне. Я ў прынцыпе ведаю, як даць рады сабе, свайму целу”.
Хадзілі чуткі, што ў хакейным “Дынама-Мінск” раз на тыдзень праводзяцца ідэалагічныя гадзіны, дзе хакеістаў натхняюць і вучаць любіць Рэспубліку Беларусь. У прэс-службе хакейнага клуба Еўрарадыё гавораць, што пра такія ідэалагічныя заняткі чуюць упершыню.
Культавы беларускі футбольны трэнер Эдуард Малафееў лічыць, што ў савецкую пару на ідэалогію рабілі шалёныя стаўкі, і гэта прыносіла плён.
Эдуард Малафееў: “Ідэалогія, калі яе правільна разумець, яна карысная. Калі няправільна — яна будзе адмоўна дзейнічаць. Прывяду прыклад. Аднойчы нехта казаў: свет уратуе прыгажосць. Але ў мяне іншая думка: я лічу, што прыгажосць уратуе толькі добрых людзей, харошых. Усё ж свет уратуе сумленне, і калі да яго дагрукацца, то ўсё будзе цудоўна. У прынцыпе, і міністр, і Аляксандра Герасіменя казалі рознымі словамі пра адно: як лепш дапамагчы сваёй краіне, вось і ўсё. Таму на ўсе гэтыя выказванні не варта звяртаць лішняй увагі”.
Нагадаем, што патрэба неяк рэфармаваць падыходы да беларускага спорту відавочна наспела пасля лонданскай Алімпіяды. Гэта быў ці не найгоршы выступ беларусаў за часамі незалежнасці нашай краіны.
Міністра спорту знялі, а замест яго нечакана паставілі былога намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях.