Wasp'n'Hornet: Музыка, вакал, мова не маюць значэння. Галоўнае - энергетыка
Удзельнікі гурта Мікалай Старажук і Віктар Сідарук распавялі Еўрарадыё, ці заспявае каманда калі-небудзь па-беларуску, і чаму не слухаюць песень Ляпісаў.
Еўрарадыё: Год таму мы размаўлялі на прэзентацыі вашага гурта ў Мінску. У вас тады не было ані дырэктара, ані плану на дзейнасць. За вас узяўся Аляксандр Бергер (маскоўскі піяр-мэнэджар “Ляпісаў” - Еўрарадыё). Што змянілася ў вашым жыцці з яго прыходам?
Wasp’n’Hornet: Перш-наперш трэба падзякаваць Сашу – цудоўны хлопец, ён нам не дырэктар, а сябар. У нас стала болей цікавых прапаноў, хаця, канцэрты ў нас рэдка адбываюцца. Пакуль рэдка. Саша Бергер арганізаваў нам летам два цудоўныя выступы – у Тбілісі 2-3 чэрвеня і канцэрт ў жніўні-верасні – Кактэбель.
Еўрарадыё: Ваша мара здзейснілася. Вы казалі, што трэба на фестывалі выязджаць, паказваць сваю творчасць народу...Падзяліцеся ўвогуле вашымі ўражаннямі. Як вам ездзілася? Як вы выступалі?
Wasp’n’Hornet: Як выступаецца? Выступаецца заўсёды файна. Я казаў, што мне, папраўдзе, усё роўна, колькі людзей, хто прыходзіць на нашы выступы. Для мяне гэта не мае ніякага значэння, бо гэты працэс – гэта працэс найцудоўнейшай дзейнасці, якой я калі-небудзь займаўся. А як ездзіцца? Я, праўду кажучы, дарогі не люблю. Найлепшым канцэртам, што да энергетыкі, быў канцэрт у Пецярбургу. Папраўдзе, мы адразу зразумелі, што Пецярбург – больш андэрграўдны горад, там андэрграўндныя каманды сустракаюць зычліва. А вось у Маскве мне было не вельмі ўтульна выступаць.
Еўрарадыё: А што пра вас кажуць за мяжой? У тым жа Пецярбургу, Маскве – ці ведаеце вы меркаванні людзей?
Wasp’n’Hornet: Я магу разумець толькі са старонак у сацсетках. Ва Украіне мы ніколі яшчэ не былі, а нас цэняць найбольш за ўсё менавіта там. Мы проста чакаем, вытрымліваем паўзу, каб яны ўсе сабраліся ды вясёлым натоўпам прыйшлі.
Еўрарадыё: Як прадстаўнікі беларускага гурта, якія спяваюць на замежнай мове, што думаеце на конт меркавання, што беларускія выканаўцы павінны спяваць толькі па-беларуску?
Wasp’n’Hornet: У музыцы, вакале – мова не мае ніякага значэння, бо гэта ж энэргетыка і меладызм. Спецыфіка беларускамоўных гуртоў збольшага – этнічная. Беларуская мова – як вы самі цудоўна разумееце – ужо даўно стала чымсьці дзіўным у Беларусі. Калі б мы спявалі на беларускай мове – мы б асудзілі сябе спяваць толькі ў тых краінах... Дзе гэта трэба? Не ведаю, як патлумачыць. Англійская мова – больш інтэрнацыянальная. Брытанскі налёт абавязвае нас спяваць па-англійску.
Еўрарадыё: Віталік, а ты хацеў бы спець нейкі тэкст на беларускай мове?
Wasp’n’Hornet: Не, не хацеў бы. Я няблага ведаю беларускую мову, але... Нічога не магу сказаць. Я нічога не маю супраць беларускай ды рускай моваў, але мне не вельмі падабаецца гучанне беларускай мовы. Па-англійску нашмат прасцей падбіраць рыфмы.
Еўрарадыё: А вас як успрымаюць – у якасці беларускага гурта?
Wasp’n’Hornet: Гэта мала каго бянтэжыць, беларускі, ці не, бо галоўнае – гэта музыка. Часта пытаюцца, чаму вы з Беларусі, а спяваеце па-англійску. Я не думаю, што ў падобных гуртаў з Францыі пытаюцца пра гэта. Мне цяжка меркаваць, як успрымаюць беларусаў, якія спяваюць па-англійску... Мусіць, як і расейцаў, якія пяюць па-англійску, як і французаў... Нам адказ на гэтае пытанне абсалютна не цікавы, таму і адказваем такую лухту.
Еўрарадыё: Вам важная ідэнтыфікацыя гурта з краінай?
Wasp’n’Hornet: Не, не важная. Я большую частку часу праводжу ў інтэрнэце, таму – як бы гэта пафасна ні прагучала – я грамадзянін свету. Музыкі – людзі, якія не могуць прыпісваць сябе да нейкай краіны толькі таму, што маюць яе грамадзянства. Музыкі – усюды аднолькавыя. Яны ўсюды аднолькава павінны рабіць сваю справу, а на якой мове – не важна.
Еўрарадыё: Ці ёсць для вас гурты ў Беларусі, якімі вы захапляецеся?
Wasp’n’Hornet: У Беларусі – няма, а ў Расіі ёсць. А... Чакайце! Беларускі “Ляпіс Трубяцкой” – гэта вельмі файны гурт. Хутчэй, не ў музычным плане, а ў ідэалагічным.
Еўрарадыё: І як вам іх новы альбом?
Wasp’n’Hornet: Некалькі песень мне спадабаліся. Але я не слухаю такую музыку. Яшчэ раз паўтараю – толькі ідэалогія. Не магу пракаментаваць, ніводнай песні – не слухаў.
Еўрарадыё: Ляпісы выступаюць і ў Расіі, і ва Украіне, але ў кожным іх альбоме ўсё больш беларускамоўных песень... Можа, гэта правільная тэндэнцыя?..
Wasp’n’Hornet: Сяргей Міхалок – гэта паэт, і ён у сваіх вершах нешта апявае. Ён хоча данесці гэта і да рускіх людзей, і да беларусаў, і да палякаў – таму і карыстаецца гэтымі мовамі. Апошняя песня напісаная на верш беларускага класіка Янкі Купалы. Ён закрануў ледзь не беларускі эпас. Павінны быць такія людзі, якія падтрымліваюць культуру і г. д. Мы проста развіваем іншую культуру. Так бы мовіць, не беларускую культуру, а рок-культуру. Аднесці сябе да беларускай культуры вельмі складана: сам не магу ўявіць, як гэта можна зрабіць.
Еўрарадыё: Але ж беларусы ганарацца, што “Wasp’n’Hornet” – нашы землякі...
Wasp’n’Hornet: Гэта прыемна чуць. Я не кажу, што я не лічу сябе беларусам, але тое, што мы робім, не мае ніякага дачынення да нашых краявідаў. Наша краіна такая млявая і марудная, а мы любім крыху больш жорстка... Крухмалам у жылах.
Еўрарадыё: Якія канцэрты яшчэ адбудуцца ў Мінску?
Wasp’n’Hornet: 31-га траўня – мой дзень народзінаў, дзень народзінаў гурта. Таму ў Кальяннай №1 мы зробім малы канцэрцік для нашых сяброў.