Wicked Monkey: У вас шмат добрых музыкаў, але калі яны збіраюцца разам...

Гук Першай часткі:

120921_backstage_1_0.mp3

Гук другой часткі:

120921_backstage_2_0.mp3

Гук трэцяй часткі:

120921_backstage_3.mp3

Музыкі беларуска-амерыканскага гурта Wicked Monkey, які стаў вядомым у Беларусі дзякуючы новаму бачанню “Вологды”, распавялі “Еўрарадыё” пра мэту свайго візіту ў Беларусь, працу над хітом Ўладзіміра Мулявіна, параўналі беларускіх і амерыканскіх музыкаў і распавялі пра праекты са знакамітымі музыкамі постсавецкай прасторы. Праўда, ў студыю Еўрарадыё завіталі толькі гітарыст Юры Нікалаеў, вакаліст і бубнач Джэймс Вілгус ды Андрэй Казлоўскі – дырэктар гурта на нашай тэрыторыі. Карэннага амерыканца, прадстаўніка племені чэрокі басіста Дарэла Паўэла недзе згубілі…

Еўрарадыё: Дарэчы, дзе ён?

Юры Нікалаеў: Ён цяпер на гастролях у Нэшвіле, а таксама ён запісвае адзін альбом… Мы спадзяемся, што на днях ён ужо далучыцца да нас.

Еўарадыё: А вы да нас прыехалі, як госці, ці ўсё ж гэта працоўны візіт?

Андрэй Казлоўскі: Збольшага —працоўны, у нас тут запланаваны выступ на гала-канцэрце тэлеканала АНТ “Беларусь у маім сэрцы”. Мы там выканаем перапрацоўку песні “Вологда”, якую хлопцы прысвяцілі Ўладзіміру Мулявіну. А таксама ў нас запланаваны майстар-клас для нашых музыкаў ад Джымі Вілгуса. Адбудзецца ён 28-а верасня ў краме “Музыка”, пачатак а 17-й гадзіне. Уваход вольны, чакаем усіх і музыкаў, і аматараў музыкі і проста добрых людзей. Джымі цудоўны бубнач, высокага ўзроўню, і я рад, што ён пагадзіўся перадаць свой досвед маладым музыкам, а магчыма, і паразмаўляць са сталымі музыкамі, распавесці пра музычную культуру Амерыкі, пра фішачкі, якія ён напрацоўваў гадамі.

Еўарадыё: Тады, можа, сам Джэймс распавядзе, што там будзе?

Джэймс Вілгус: Я збіраюся паказаць тое,  чаму не вучаць у школах. У мяне шматгадовы досвед працы ў якасці студыйнага рэжысёра, я працаваў, як студыйны прадзюсар са шматлікімі гуртамі, таксама я і запісваў бубны для шматлікіх гуртоў, не толькі для Wicked Monkey, і шмат чаму навучыўся. То бок я збіраюся падзяліцца гэтым досведам працы ў студыі. Таксама я хачу распавесці пра тое, што вялікая колькасць музыкаў, бубначоў не ведае, пра тое, як ствараць песні, як прыдумляць барабанную партыю для песні. Большасць бубначоў любіць граць шмат, але гэтага нельга рабіць у студыі. Гэта будзе базавая тэхніка, якая пасуе для любога стылю музыкі. Паспрабую навучыць чуць музыку, чуць лірыку, каб зрабіць песню яшчэ лепшай.

Джэймс Вілгус

Еўарадыё: Што ж, запрашаем усіх жадаючых! 28-га ў 17:00 у краме “Музыка”. І давайце вернемся да песні “Вологда”. Менавіта дзякуючы вашай перапрацоўцы песняроўскага хіта пра вас даведаліся ў Беларусі, а чаму вы вырашылі зрабіць гэты кавер?

Юры Нікалаеў: Я проста вельмі сябраваў з Уладзімірам Мулявіным. Калі ён апошні раз разам з жонкай ды сынам Валеркай прыязджаў у Амерыку, то цягам амаль месяца ён у мяне жыў. У той час мы з Валодзем шмат размаўлялі пра музыку і ў яго была мара, каб песні “Песняроў”, беларускія песні, выконваліся ці на англійскай мове, ці проста гучалі ў іншых краінах… А калі з’явіўся гурт Wicked Monkey, мы вырашылі паспрабаваць зрабіць песню “Вологда”, але з нашай аранжыроўкай і на англійскай і рускай мовах. Праспяваў яе Джымі Вілгус, словы ён вывучыў за адзін дзень. Аранжыроўку мы рабілі так, як яе бачыць Джымі.

Еўарадыё: А ўвогуле, Джымі ведаў пра што спявае?

Юры Нікалаеў: Натуральна, я яму пераклаў, бо калі чалавек спявае, ён мусіць ведаць, пра што, бо іначай немагчыма перадаць настрой. То бок ён ведаў пра што песня.

Джым Вілгус: Гэта было вельмі складана. Вывучэнне мовы не параўнаць з вывучэннем гукаў. Я не разумею рускіх словаў, таму нават на слова “письма” мне спатрэбілася хвілін дзесяць. Але ў выніку гэта было цікава, цікавая праца з мовай. Цяпер я ўжо ведаю, пра што песня, мне напісалі пераклад. Я нават напісаў апошні куплет на англійскай, спадзяюся, вы яго таксама разумееце.


Еўарадыё: Будуць яшчэ каверы на “Песняроў”?

Юры Нікалаеў: Абавязкова! Я не ведаю дакладнай даты, але ў студзені будзе канцэрт-прысвячэнне Ўладзіміру Мулявіну, і мы будзем там спяваць “Касіў Ясь канюшыну” на англійскай мове. Ёсць ужо дамоўленасць.

Еўарадыё: А хто-небудзь з удзельнікаў “Песняроў” далучыцца да гэтага праекту?

Юры Нікалаеў: Думаю, што так, бо ўжо размаўляў з Валерыем Дайнэкам наконт песень “Песняроў”. Думаю, будзем нешта з ім рабіць. У нас запланавана шмат праектаў, але з удзельнікамі “Песняроў” пакуль толькі адзін. А так, яшчэ Віктар Паўлік нам патэлефанаваў, гэта вядомы ўкраінскі музыка, Анатоль Магілеўскі (гурт “Самоцветы”), карацей, шмат ідэй ёсць…



Еўарадыё: Карацей, не вельмі вы жадаеце пра запланаваныя праекты распавядаць, ёсць, відаць, на тое прычыны… А ці не было думкі, у гэты прыезд запрасіць музыкаў з якімі вы, Юрый, калісьці гралі ў гуртах “Золотая середина”, “Кольцо”, “Апрель” ?.. А можа, нават часова аднавіць адзін з праектаў?

Юры Нікалаеў: Думка была, але мы толькі прыехалі, таму яшчэ будзем спрабаваць гэтым займацца.

Андрэй Казлоўскі: Зараз мы пачнём размаўляць з “Песнярамі” на гэтую тэму і спадзяемся, што нітачка пойдзе і далей. То бок пачнём з “Песняроў”, а далей — як карта ляжа. Натуральна, нам хацелася б пасупрацоўнічаць з усімі, але з усімі не атрымаецца, вы гэта самі разумееце.

Еўарадыё: Ці цікавіцеся вы сучаснай беларускай рок-сцэнай?

Юры Нікалаеў: Натуральна, я сачу за беларускай музыкай. Я ж сам беларус, я тут нарадзіўся і вельмі люблю гэтую краіну. Я заўсёды тэлефаную хлопцам, пытаюся, яны мне распавядаюць, якія тут навіны, хто дзе выступае… З інтэрнэта бяру вельмі шмат інфармацыі. У мяне там таксама ёсць беларускае тэлебачанне.

Еўарадыё: А Джэймс таксама ведае?

Юры Нікалаеў: Я яму таксама стаўлю. Ён таксама любіць беларускую музыку, яна яму падабаецца. Мы і вырашылі зрабіць “Песняроў”, бо яму вельмі спадабаліся “Песняры”.



Еўрарадыё: Калі ўзяць тое, што цяпер адбываецца ў музычным жыцці Злучаных Штатаў і тое, што вы ведаеце пра беларускае музычнае жыццё, і параўнаць… што скажаце?

Юры Нікалаеў: У Беларусі вельмі шмат добрых музыкаў, але з пункту гледжання аранжыровак… Справа ў тым, што ўсе музыкі, якія знаходзяцца тут, яны самі па сабе, паасобку, вельмі добрыя музыкі. Але калі яны збіраюцца разам, то чамусьці жадаюць быць падобнымі да амерыканцаў, ці да заходніх музыкаў. І як правіла, у іх гэтага не атрымліваецца. Я вам шчыра скажу, што ведаю шмат музыкаў, якія з'ехалі за’мяжу, імёнаў іх называць не буду, яны былі зоркамі тут. Але калі прыехалі ў ЗША і паспрабавалі быць зоркамі там, ужо нічога не атрымліваецца, ніколі! Сам менталітэт застаўся нашым. Я не кажу, што гэта дрэнна, гэта нармальна, але на Захадзе гэта не працуе. Напрыклад, я ў амерыканскім гурце, шчыра кажучы, амаль не раблю аранжыровак, я цалкам давяраю гэтую справу Джымі. Ён мысліць па-амерыканску. Я гітару толькі сам раблю, але ён мяне папраўляе часам. Я не хачу рабіць так, каб гэта гучала па-савецку. Як не круці, але музыка, які нарадзіўся тут, прыехаў туды, ніколі не будзе амерыканцам, ён усё роўна будзе думаць па-руску. Яны могуць граць у амерыканскім гурце, але ніколі не стануць лідарамі і не будуць рабіць правільныя ўласныя аранжыроўкі.

Андрэй Казлоўскі: Амерыканец — амерыканец, беларус — гэта беларус! Варта быць самім сабой! Калі чалавек будзе самім сабой, то ён і тут будзе рабіць музыку, якая будзе падабацца беларусам і не толькі. Гэта абсалютна нармальная з’ява. Калі беларус жадае рабіць для амерыканцаў музыку, то ён мусіць быць амерыканцам да мозга косці. І тады амерыканская публіка гэта возьме… Але давайце і тут станем запатрабаванымі музыкамі, давайце нешта тут рабіць, калі ўжо мы тут жывём… Давайце зменім культуру навокал сябе!

Юры Нікалаеў: Я лічу, што варта не пераймаць у кагосьці, а рабіць нешта ўласнае. Напрыклад, ніхто ніколі так не здолее граць на гармоніку, як гэта робіць які-небудзь дзед на вяселлі. Які б ты не быў прафесійны музыка, але так не сыграеш, з такой энергіяй… энергія — вельмі важная рэч, калі яе няма, то нічога не будзе.

Еўрарадыё: То бок, калі беларусы пачнуць граць варыяцыі свайго фолку, то і ў Штатах яны будуць запатрабаваныя, так?

Юры Нікалаеў: Абсалютна правільна! Ніводзін амерыканскі калектыў не выканаў бы беларускую фальклорную песню, так, як яе выканаюць беларусы.


Еўрарадыё: Ну, і нарэшце давайце пазнаёмімся з гуртом Wicked Monkey, бо ўсё што мы пра вас ведаем — кавер песняроўскай “Вологды”. Распавядзіце, чым вы займаецеся, як часта гастралюеце, у якім эшалоне зорнасці знаходзіцеся?

Юры Нікалаеў: Мы дастаткова маладыя, сабраліся тры гады таму. Калі сабраліся, былі больш студыйным гуртом. Мы вырашылі запісаць альбом, бо вельмі шмат песень было назапашана. Але потым пачалі і па канцэртах выступаць. Джымі ўвогуле прадзюсар, ён прадзюсуе яшчэ і іншыя каманды. Зараз выйдзе альбом гурта Symphony X, гэта калектыў Майкла Рамэа, які лічыцца адным з наймацнейшых сусветных гітарыстаў. Гэты альбом прадзюсаваў Джымі, ён жа запісваў і бубны для гэтага альбома. Але прадзюсаваннем мы называем не ўнёсак грошай! Ён там музычнай часткай займаўся, рабіў музыку. Ён займаецца шмат кім з вядомых цяпер у Амерыцы музыкаў і грае з імі. Але Wicked Monkey — гэта асноўны гурт. Мы запісалі альбом, цяпер запісваем другі дыск… таксама мы запісалі трэкі для расійскага фільма “Руская рулетка. Женский вариант”. Ён выйдзе на першым канале ў Расіі. Для яго мы запісалі восем песень. А цяпер запісалі саўндтрэк для шаснаццацісерыйнага фільма… не памятаю… нешта там “Маша і…”, не памятаю! Гэта мы з Віталём Паўлавым працавалі над гэтым. А канцэрты мы там робім у асноўным у невялікіх клубах. Але збольшага займаемся студыйнай дзейнасцю, бо ў нас асноўны склад — тры чалавекі, але для канцэртаў трэба 6-7 музыкаў. А гэтыя людзі занятыя ў іншых праектах. Да прыкладу, наш другі бубнач грае з Глорыяй Гэйнар, другі басіст граў з Dennis Chambers, George Clinton… то бок яны заўсёды на гастролях. Усё залежыць ад грошай. Калі плацяць добра, то мы збіраемся і выступаем.

Еўрарадыё: А вы граеце выключна аўтарскія рэчы ці таксама каверы?

Юры Нікалаеў: Каверы не граем, толькі сваё!!!

Еўрарадыё: То бок публіка прыходзіць менавіта на ваш канцэрт, а не проста так!?

Юры Нікалаеў: Абсалютна правільна!

Еўрарадыё: І хапае гэтага на жыццё, ці даводзіцца нечым яшчэ займацца?

Юры Нікалаеў: Джымі займаецца выключна музыкай, наш басіст Дарэл — таксама. А я апроч музыкі маю яшчэ ўласны бізнэс, бо трэба за дом плаціць вельмі шмат, тое, тое, тое… Жытло там вельмі дарагое…

Еўрарадыё: То бок для вас музыка — гэта больш хобі?

Юры Нікалаеў: Я вельмі шмат стаўлю на музыку, але ў вольны час займаюся чымсьці іншым. Я цяпер пераехаў у Лос-Анжэлес, гэта заходні Галівуд, а там вельмі дарагое жыццё. Таму музыкай на сённяшні дзень я столькі не здолею зарабіць, каб добра сябе адчуваць.

Дарэл Паўэл

Еўрарадыё: Я так разумею, гэта не апошні прыезд у Беларусь!?

Юры Нікалаеў: Я ж беларус, у мяне маці тут жыве…

Еўрарадыё: А раней вы таксама ездзілі да нас?

Юры Нікалаеў: Не, першы раз за 20 год!

Еўрарадыё: І як вам змены?

Юры Нікалаеў: Я з’язджаў у 1991 годзе. У крамах нічога не было. Я памятаю карткі, 7 пачкаў цыгарэт, 3 бутэлькі гарэлкі на месяц… Калі я прыехаў, то быў у шоку, шчыра кажучы, бо цяпер у крамах ёсць усё!.. Мне нават захацелася вярнуцца назад у Беларусь, але я ж не магу кінуць хлопцаў! Я бы вярнуўся і жыў тут шчасліва, але калектыў Wicked Monkey знаходзіцца там і я мушу таксама там застацца.

Еўрарадыё: А чаму вы вырашылі паспрабаваць прасунуць гурт на гэтай тэрыторыі? Чаму б не працягнуць ціск на ЗША?

Юры Нікалаеў: І ў Штатах таксама, але і тут, бо я ж беларус!

Андрэй Казлоўскі: У хлопцаў адзін з жыццёвых прынцыпаў “Рух — гэта жыццё!” Гэта ж прыгоды, гэта ж цікава, весела, заўсёды нешта новае. Я падкрэслю Wicked Monkey — гэта беларуска-амерыканскі калектыў, мы жадаем гэта несці і ў Расію, і ва Ўкраіну, натуральна, хочам, каб і беларусы ведалі, што ёсць беларуска-амерыканскі гурт. Хочам сваім прыкладам паказаць беларускім музыкам, што трэба рухацца! Зразумела, што проста так нічога не бывае, трэба шмат працаваць і правільна працаваць. Улічваючы, што хлопцы вельмі добрыя музыкі, я разлічваю, што Wicked Monkey дапамогуць моладзі… дзе парадай, дзе справай, можа, сумесным удзелам у нейкіх праектах…

Еўрарадыё: Калі вы падкрэслілі, што Wicked Monkey — гэта БЕЛАРУСКА-амерыканскі гурт, то не магу не спытацца пра песні на мове, ці будуць яны?

Юры Нікалаеў: Думаю, што будуць… абавязкова будуць!

Еўрарадыё: Аўтарскія ці зноў жа каверы?

Юры Нікалаеў: Аўтарскія мы можам таксама зрабіць, але я думаю, пакуль рана. Трэба для пачатку пераспяваць што-небудзь, каб заявіць пра сябе. А калі публіка будзе гатовая, то можна ўжо і аўтарскія рабіць.

Юрый Нікалаеў

Еўрарадыё: Застаецца толькі пажадаць вам поспехаў і нагадаць, што 28-а верасня ў краме “Музыка” адбудзецца майстар клас бубнача, клавішніка ды прадзюсара Джэймса Вілгуса, уваход вольны, пачатак 17:00. Чакаем усіх жадаючых!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі