Як мы ратавалі збітага машынай сабаку (фота)

Трохлапы сабачка пазіраў на мяне, ціха скуголячы. Я з дзяцінства быў навучаны не цягнуць дадому жывёлаў ― адказнасць, поўсць, выдаткі. Але гэты позірк працяў маю душу тужлівай пілой.

“Яго нядаўна машына збіла. Такі ўдар быў.., ― апісвае ахоўнік гаражнага кааператыва, ля якога я сустрэўся з трохлапым. ― Як збілі, ён хвілін пятнаццаць ляжаў на дарозе, не падымаўся. А потым устаў. А яны, хлопец і дзеўка, з’ехалі. Што праўда, машыну таксама памяла няслаба…”

Сабачка скуголіў. Што з ім ― незразумела. Відавочна, пералом нагі і ўдары ўнутраных органаў. Відаць, здохне.

“Ды зажыве як на сабаку. Кыш!” ― адпраўляе трохлапага ахоўнік.

Я ж імкліва вяртаюся дадому, каб пераапрануцца і прадумаць стратэгію выратавальнай аперацыі.

 

***

У Беларусі (так я і думаў) параненых сабачак асабліва няма куды аддаваць. Выбар такі: альбо цягнуць дадому, альбо ― ва ўстанову “Фаўна горада”, дзе цягам дзесяці дзён трохлапаму пашукаюць гаспадара, а калі не — адправяць на той свет.

Пішу пра сабачку ў сацыяльных сетках, атрымліваю першасныя парады: акажы дапамогу. Дзякуй і на тым. Пераапранаюся і рушу да гаражнага кааператыва. Тым часам трохлапы абдурыў ахоўніка і нейкім чынам праціснуўся ў вузкую дзірку паміж металічнымі сходамі. Дастаць яго адтуль не можам. Што рабіць? Кармлю сабачку і вяртаюся дадому.

Раніцай прыношу азяблай жывёлцы сняданак, фатаграфую. Ахоўнік дзядзька Толя, які змяніў папярэдняга калегу, падклаў траўмаванаму фуфайку. Сабачку накрылі посцілкай, сходы абклалі кавалкамі кардону, канструкцыю накрылі тоўстай тканінай.

Трохлапая ахвяра наадрэз адмаўляецца вылазіць са схованкі, але ахвотна трушчыць кашу і косткі. Значыцца ― выжыве.

***

Ужо на працы я атрымліваю лісты і тэлефанаванні:

Як вы маглі не адвезці сабаку да ветэрынара? Чаму кінулі мерзнуць? Тэрмінова вязіце да кастаправа! Гэта ― лайка, я б сабе забрала, але ў мяне ўжо адна ёсць”.

Прыдумляю, як пасля працы выцягнуць сабачку з-пад металічных сходаў і ў якую ветклініку яго завезці.

У гэты час на сувязь са мной выходзіць Марына ― актывістка грамадскага аб’яднання “Эгіда”. Яна кідае справы і бярэцца дапамагчы.

***

“Эгіда” займаецца дапамогай хворым жывёлам і падымае праблему абароны іх правоў.

Арганізацыя на слыху, хоць актыўных сябраў у ёй каля двух дзясяткаў. Плюс валанцёры. Неабыякавыя людзі скідваюцца на ахвяраванні, за якія для жывёлак закупляецца корм, аплачваецца лячэнне.

Вызваляем трохлапага, які верашчыць на ўсё наваколле, з-пад металічных сходаў. Кладзем бедака на задняя сядзенне і вязем да ветэрынара. Марына раіць выправіцца ў прыватную клініку.

“Кошты мала чым адрозніваюцца. Там на месцы ёсць і рэнтген, і стаўленне да жывёл нармальнае. У дзяржаўных клініках у якасці наркозу выкарыстоўваюць міярэлаксант: жывёл паралізуе, але боль яны адчуваюць…”

Па дарозе даведваюся, што мая памочніца ― студэнтка факультэта міжнародных зносінаў. А ўдзельнічаць у такіх ратаўнічых аперацыях ёй даводзіцца ледзь не штодня.

Хоць нейкі дзень, можа, і свабодны будзе. Хоць часта тэлефануюць, з наездамі: “Забярыце, вы ж арганізацыя”. Ніхто амаль не разумее, што нам зарплату ніхто не плаціць. Гэта выключна жаданне дапамагаць. І мы гэта робім у вольны ад сям’і, працы, вучобы час …”

Прыязджаем у клініку і займаем чаргу ― за белым пухнатым катом і бульдогам.

Ветагляд паказаў, што, на дзіва, сур’ёзых траўмаў сабачка не атрымаў. Толькі задняя лапка боўталася, як стужка.

“Сучка. Лайка. Узрост ― ад дзесяці месяцаў да года, ― канстатаваў ветэрынар. ― Выпраўляйцеся на рэнтген”.

Трэба сказаць, што нават пры такім паспяховым раскладзе паслугі ветклінікі абыходзяцца неліберальна. Агляд ― каля 80 тысяч, два рэнтген-здымкі, якія паказалі вывіх, 200 тысяч. Упраўлянне вывіху ― 300 тысяч. Плюс абязбольванне, лекі і г.д. 600 тысяч рублёў ― гэта яшчэ паспяховае наведванне ветклінікі. Праўда, у маім выпадку за ветпаслугі заплаціла Марыніна арганізацыя.

Наша сучка не давала ўводзіць наркоз.

“Вырубілася ад дозы ўдвая меншай, чым пайшло вось на гэтага ката”, ― здзівіўся доктар і спрытна ўправіў сабаку сустаў.

Ужо назаўтра жывёла ледзьве не скакала. Хоць яе крыўдзіцелям рамонт увагнутасці, верагодна, абыдзецца як мінімум у 100-200 долараў.

***

Гаспадар, які прафукаў сабачку, адшукаўся назаўтра. Знайшоў фотаздымак гадаванкі ў сеціве. Аддаём яму Б’юці (сапраўдная мянушка мілай жывёлкі), правяраючы яе паляўнічы пашпарт.

Фота на памяць з Б'юці

Суму, якую патрацілі на лячэнне лайкі, мужчына паклаў на рахунак “Эгіды”.

Гісторыя Б’юці скончылася шчасліва. Але большасці жывёлаў пасля такіх здарэнняў не шэнціць. Саслабнуўшы, многія гінуць ад холаду і голаду.

Дапамогі братам нашым меншым дзяржава не аказвае. Менталітэт многіх людзей таксама просты ― мяне гэта праблема не тычыцца. Безабаронныя каты-сабачкі церпяць і ад нядбайных гаспадароў, якія іх выкідаюць на двор, і ад жывадзёраў, для якіх у нас не прадугледжана крымінальная адказнасць за здзекі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі