РУ|БЕЛ|ENG: тэстуем беларускія версіі сайтаў дзяржорганаў
Якая мова пераважае?
Прарасійская прапаганда палохае па-прарасійску ж настроеную публіку "жорсткай беларусізацыяй", якая нібыта адбываецца ў Беларусі. Маўляў, заўтра ў краіне проста не застанецца месца для рускай мовы, а паслязаўтра і сам Лукашэнка загаворыць па-беларуску!
Еўрарадыё было б рада такому развіццю падзей. Але, на жаль, з беларускай мовай у дзяржорганах усё не так добра, як сцвярджаюць прапагандысты. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова адкрыць сайты ведамстваў.
Англамоўная версія сайта абнаўляецца часцей
Не ўсе сайты дзяржорганаў аднолькава карысныя для тых, хто хоча чытаць навіны пра іх працу па-беларуску. Напрыклад, на рускамоўнай версіі сайта Міністэрства спорту і турызму новая інфармацыя з'яўляецца амаль кожны дзень. А вось паміж навінамі на беларускай могуць быць перапынкі па некалькі тыдняў. Нават англамоўная версія сайта абнаўляецца часцей!
На нешта падобнае хварэе і сайт Міністэрства прамысловасці. Тут цэлыя чатыры версіі, уключаючы англійскую і кітайскую. А на беларускай версіі ўсяго тры сіратлівыя навіны!
На сайце канцэрна "Белнафтахім" па-руску вядзецца 11 рубрык, а па-беларуску — усяго пяць. На беларускую перакладаюцца не ўсе навіны.
На сайце Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання аналагічная сітуацыя. 23 рускамоўныя раздзелы супраць 5 на беларускай мове. І навін па-беларуску, вядома ж, менш. Цікава, хто з каго бярэ прыклад?
Апошняе паведамленне для СМІ на рускамоўнай версіі сайта КДБ з'явілася 5 снежня 2019 года. Беларуская старонка засмучае: там апошняя публікацыя датавана... 19 мая 2017 года! Праўда, у іншых раздзелах змены ў беларускамоўную версію сайта ўсё ж уносіліся. Напрыклад, кадравыя перастаноўкі.
На сайце Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю навіны перакладаюцца на беларускую мову выбарачна. Тая ж гісторыя з сайтамі многіх беларускіх міністэрстваў. Напрыклад, беларуская версія сайта Міністэрства лясной гаспадаркі засталася ў лютым, хоць руская жыве сённяшнім днём. На сайце МНС хапае навін за 11 сакавіка па-руску. А па-беларуску няма ніводнай. Дзесьці "адставанне" беларускай версіі ад рускай большае, дзесьці меншае, але гэтая хвароба для сайтаў дзяржорганаў — хранічная.
Самыя хітрыя
У сайта інфармацыйна-выдавецкага цэнтра па падатках і зборах МПЗ беларускамоўная версія ёсць, але... навіны ў ёй публікуюцца па-руску — тыя ж, што і на рускамоўнай версіі.
Такая ж праблема і ў холдынга "Белрэсурсы".
Беларусізацыя? Не, не чулі
Не паклапаціліся пра прысутнасць беларускай версіі на сваіх сайтах "Белдзяржхарчпрам", "Беллегпрам", Беларуская гандлёва-прамысловая палата, Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь.
Дзіўна, але няма беларускай версіі і ў сайта ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі". Арганізацыя дэкларуе сваёй мэтай развіццё грамадзянскай супольнасці, "заснаванай на патрыятычных і духоўна-маральных каштоўнасцях". Але пра які патрыятызм можа ісці гаворка без роднай мовы? Зрэшты, пра што гаварыць: электронная пошта БРСМ, пазначаная на сайце, размяшчаецца на сэрвісе mail.ru.
Не ўсё так дрэнна
Не, ёсць і станоўчыя прыклады. Напрыклад, стартавая старонка сайта Мінздароўя — беларускамоўная, а на рускую версію трэба пераключацца. Праўда, часта навіны з'яўляюцца спачатку па-руску, а потым па-беларуску.
Сайт Міністэрства адукацыі адкрываецца рускай старонкай, але стужка навін на беларускай мове такая ж насычаная.
Cайты кампаніі "Белавія", канцэрна "Белэнерга", Нацыянальнага банка публікуюць усю стужку на дзвюх мовах. Нічога складанага ў гэтым няма. Галоўнае — жаданне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.