Каму давядзецца эканоміць з-за скарачэння бюджэту?

Бюджэт недаатрымае паў мільярда долараў “з-за падзення коштаў на нафту і іншых неспрыяльных фактараў”. Пра гэта кажа першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч у эфіры тэлеканала “Беларусь 1”. Выдаткі на сацыяльныя патрэбы не скароцяць, але дакладна знізяць на 5% утрыманне бюджэтных арганізацый.

Ва Упраўленні адукацыі Заводскага раёна Мінска прагназуюць, на што не будзе грошай у гэтым годзе.

“Заробкі не могуць парэзаць, дапамогу таксама, бо мы павінны, да прыкладу, дзецям-сіротам плаціць дапамогу. Хутчэй за ўсё, гэта будуць нейкія неабароненыя выдаткі: на набыццё мыючых сродкаў, мэблі, рамонт, хутчэй за ўсё, скароцяць… Але тут і так размахнуцца нельга. 5% гэта гледзячы з якога рамонту — гэта вельмі важная лічба для нас”, — тлумачаць эканамісты планава−эканамічнага аддзела і прагназуюць, што рамонт у садках за кошт бюджэту скароцяць дакладна.

Вось дзіцячы садок № 277 Мінска. У мінулым годзе тут перакрылі дах, але трэба аднавіць мэблю, недзе пафарбаваць, недзе падклеіць. Загадчыца Алена Мікалаеўна кажа, што многа чаго хочацца зрабіць, адно — магчымасцяў фінансавых няма.

“У нас выдаткі бюджэтныя і пазабюджэтныя. Пазабюджэт — гэта кружкі і ахвяраванні бацькоў. Нам штогод кажуць, каб пашыралі пазабюджэт, — дырэктарка садка кажа, што гэта можна зрабіць за кошт большай колькасці платных гурткоў і заахвочвання бацькоў ахвяраваць грошы. Да прыкладу, шторы бюджэт не мяняў — гэта зрабілі за кошт бацькоў. Такая ж сітуацыя з мыючымі сродкамі, бывае і з цацкамі. Мне вось дах парамантавалі, і я задаволеная. Мітынгаваць ніхто не пойдзе. Мы ж не на заводзе, дзе выключыў станок, і ўсе”.

Эканаміст сталічнай паліклінікі Заводскага раёна пацвярджае: ёсць выдаткі абароненыя — заробак, камунальныя плацяжы, і неабароненыя выдаткі. Яны і пойдуць пад скасаванне:

“Мыючыя тавары, мяккі інвентар, мыццё, спецхарчаванне (гэта калі спецыялістам даюць малако за шкоднасць), канцтавары нейкія — гэта неабароненыя выдаткі і іх можна скараціць. Але 5% для нас невялікая лічба, бо фінансаванне не вельмі, а вось для бальніц — гэта вельмі істотна!”. Але тут жа эканаміст нечакана аптымістычна дадае: "Але ж не на 30% скароцяць, ды і не першы раз скарачаюць. Будзем змагацца".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі