Саміт Усходняга партнёрства пачне сваю працу ў Рызе

Сёння ў Рызе адкрываецца саміт Усходняга партнёрства, які будзе працаваць два дні. Ён пачнецца ўвечары ў рабочай вячэры, а перад самітам, удзень адбудзецца бізнэс-форум. Чакаецца, што ўдзельнікі саміта абмяркуюць прагрэс лібералізацыі візавых рэжымаў, але пры гэтым на сустрэчы не будуць прымацца рашэнні наконт пашырэння Еўрасаюза.

У працы саміта прымуць удзел лідары 28 краін ЕС і шасці дзяржаў, якія ўваходзяць у праграму партнёрства. Старшынёй сустрэчы будзе кіраўнік Еўрасавета Дональд Туск, інстытуты ЕС таксама прадставяць кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер, кіраўнік дыпламатыі ЕС Федэрыка Магерыні, еўракамісар па палітыцы суседства і пашырэння Ёханэс Хан і еўракамісар па гандлі Сесілія Мальмстрэм.

Шэсць краін-партнёраў прадставяць прэзідэнт Арменіі Серж Саргасян, прэм’ер-міністр Грузіі Іраклій Гарыбашвілі, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, малдаўскі кіраўнік Мікалай Цімафці, а таксама намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Азербайджана Наўруз Мамедаў і міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Мяркуецца, што на сёлетнім саміце ў Рызе пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС не парафіруюць. Дакумент будзе ўзгоднены і падпісаны ў сярэдзіне чэрвеня — да канца латвійскага старшынства ў ЕС.

“Усходняе партнёрства” — гэта праект Еўрасаюза па развіцці супрацоўніцтва з еўрапейскімі і закаўказскімі постсавецкімі рэспублікамі. Тры з шасці краін-удзельніц праект — Україна, Малдова і Грузія — у 2014 годзе падпісалі пагадненне пра асацыяцыю з ЕС. Сёлетні саміт у Рызе — чацвёрты. Першая сустрэча прайшла ў 2009 годзе ў Празе.

Фота: Ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі