Сарыюш-Вольскі: У Беларусі мы працягнем праводзіць “палітыку дзвюх каляін”

І перспектывы гэтыя не самыя аптымістычныя. Хоць і ёсць надзея, прызнаецца віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай народнай партыі (European People’s Party), прэзідэнт групы ЕНП ў “Еўранэст”, дэпутат Еўрапарламенту Яцэк Сарыюш-Вольскі.

“Калі казаць пра бліжэйшую перспектыву, то яна прадстаўляецца хутчэй песімістычнай, у першаю чаргу з прычыны сітуацыі з Украінай. Але прапановы Усходняга партнёрства, уключаючы дамовы аб асацыяцыі, агульна вядомыя і яны застануцца. З найбольш складанымі краінамі як Беларусь мы працягнем праводзіць “палітыку двух каляін” – працягваць санкцыі супраць ураду і быць адкрытымі да беларускага грамадства.

Што тычыцца такіх краін як Арменія, нам шкада, але мы разумеем. Наконт Грузіі ў нас такое адчуванне, што ёсць рызыка развароту на 180 градусаў, і ёсць праблемы з выбарачным правасуддзем, таксама як і ва Украіне. Гэта можа вызваць затрымку з падпісаннем дамовы аб асацыяцыі, але пакуль, малдаване, грузіны і украінцы, усё залежыць ад вас — вам вырашаць”.

Найбольш увагі палітыкі надалі Украіне. Абмяркоўвалі, па словах Сарыюша-Вольскага, тры магчымыя сцэнары развіцця далейшых падзей.

Яцэк Сарыюш-Вольскі: “Першы, які быў названы сцэнарам-цудам, гэта, калі Украіна ўсё-ткі падпіша дамову ў Вільні. Але гэты сцэнар прадстаўляецца неверагодным. Другі сцэнар прадугледжвае сітуацыю, калі Украіна захоўвае роўную дыстанцыю як ад Мытнага саюза, так і ад Еўрапейскага саюза. Гэта так званы сцэнар Б, які прадугледжвае падпісанне дамовы Украінай з новым па-сапраўднаму праеўрапейскім прэзідэнтам на чале ў 2015 годзе пасля выбараў з моцнай дэмакратычнай легітымнасцю. І трэці сцэнар прадугледжвае хуткае ўступленне Украіны ў Мытны саюз. Гэты сцэнар называецца "на самы горшы выпадак". На дадзены момант намі разглядаўся другі сцэнар як найбольш верагодны”.

Што тычыцца Украіны, кажа еўрапейскі палітык, то ЕС гатовы працягваць у будучыні перамовы аб падпісанні дамовы аб асацыяцыі. Але яны не гатовыя станавіцца на шлях нейкага саперніцтва ў тым, хто прапануе болей грошай, “як некаторыя ў Кіеве чакаюць з боку Расіі і ЕС”. Па словах Сарыюша-Вольскага, “Еўрасаюз зацікаўлены ў доўгатэрміновым поспеху ў прасоўванні еўрапейскіх каштоўнасцяў і стандартаў у галіне вяршэнства закона, правоў чалавека, дэмакратыі і рынкавай эканомікі у гэтых краінах замест несур’ёзных абяцанняў, якія змяняюцца ў залежнасці ад сітуацыі”.

Даведка Еўрарадыё: На сустрэчы ЕНП у Вільні прысутнічалі  прэзідэнт Еўрапейскака Савета ван Рампей, старшыня Еўрапейскай Камісіі Хасэ Мануэль Бароза, шэсць прэзідэнтаў і прэм’ер-міністраў з сям’і Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП) краін Еўрасаюза: Траян Бэсэску (Румынія), Расэн Плеўнеліеў (Болгария), Нікас Анастасіадзес (Кіпр) Жан-Клод Юнкер (Люксембург), Фрэдрык Рэйнфелдт (Швецыя) і  Антоніс Самарас (Грецыя).

Краіны Усходняга партнёрства прадстаўлялі прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян  і прэм’ер-міністр Малдовы Юрые Лянкэ. Ад астатніх краін былі лідары апазіцыі:  Давід Бакрадзэ (Грузія), Віталь Клічко і Арсеній Яцэнюк  (Украіна), Александр Mілінкевіч, Алексей Янукевіч і  Анатоль Лябедзька (Беларусь).

Апроч таго, прысутнічаў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі і еўрапарламентарый Эльмар Брок.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі