Сенат ЗША прагаласаваў за санкцыі супраць "Паўночнага патоку-2"
"Паўночны паток-2" / Reuters published by Euroradio
1 студзеня Сенат ЗША абышоў вета Дональда Трампа і двума трацінамі галасоў прыняў абаронны бюджэт Злучаных штатаў на 2021 год. Беларусі ў гэтым дакуменце найбольш сур'ёзна тычацца дзве рэчы.
Па-першае, бюджэт прадугледжвае вылучэнне ваеннай дапамогі Украіне на суму $250 млн і працяг падрыхтоўкі ваеннаслужачых блока NATO ў краінах Усходняй Еўропы. Гэта напэўна будзе выкарыстана беларускай прапагандай для нагнятання абстаноўкі ў рэгіёне і апраўдання дзеянняў беларускага сілавога блока.
Па-другое, дакумент уключае артыкулы пра больш жорсткія санкцый ЗША супраць трубаправода "Паўночны паток-2" — магістральнага газаправода паміж Расіяй і Нямеччынай, які будуецца ў абыход транзытных краінаў — Беларусі, Украіны і Польшчы. З абмежаваннямі сутыкнуцца кампаніі, якія забяспечваюць страхавыя і сертыфікацыйныя паслугі, неабходныя для завяршэння будаўніцтва, а таксама паслугі па мадэрнізацыі ці ўсталяванні зварачнага і дадатковага абсталявання на караблі, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве.
У Расіі адзначаюць, што новыя санкцыі закрануць больш за 120 кампаній з 12 краін. У той жа час, у Крамлі лічаць, што санкцыі ЗША не змогуць перашкодзіць рэалізацыі праекту, і трубаправод будзе дабудаваны ў агляднай перспектыве.
Запуск "Паўночнага патоку-2" знізіць важнасць Беларусі як краіны-транзіцёра расійскага газу ў Еўропу. У 2007 годзе Аляксандр Лукашэнка выказваўся рэзка супраць будаўніцтва трубаправода "Паўночны паток", паралельна якому сёння будуецца "Паўночны паток-2". Аднак у апошні час ён не агучваў сваю пазіцыю па будаўніцтве трубаправода.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.